Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены ўкраінец заклікаў Зяленскага і Вярхоўную Раду закрыць мяжу зь Беларусьсю


Паўло Грыб у судзе ў Растове-на-Доне, сакавік 2019 году

Бацька ўкраінца Паўла Грыба, асуджанага расейскімі ўладамі па абвінавачваньні ў садзейнічаньні тэрарызму, апублікаваў ліст сына з расейскага зьняволеньня. У ім Грыб зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага і дэпутатаў Вярхоўнай Рады з патрабаваньнем «вырашыць нарэшце лёс» усіх арыштаваных і асуджаных расейскімі ўладамі грамадзян Украіны.

Таксама Грыб ад імя ўсіх зьняволеных у расейскіх турмах украінцаў запатрабаваў закрыць дзяржаўную мяжу з Расеяй і Беларусьсю, «разарваўшы дыпляматычныя адносіны з усімі варожымі краінамі». Любая іншая палітыка, на думку аўтара ліста, зьяўляецца дзяржаўнай здрадай.

Грыб піша, што з часу першага і пакуль адзінага абмену зьняволенымі паміж Украінай і Расеяй, якую ён у лісьце называе «краінай-агрэсарам», прайшло ўжо нямала часу, а колькасьць людзей, якіх перасьледуюць па палітычных матывах толькі павялічваецца. Цяпер іх, паводле Грыба, больш за сто чалавек, і яны «катуюцца кожны дзень у ізалятарах і лягерах ад акупаванага Крыму да Магаданскай вобласьці».

«Нас прымушаюць пакутаваць, зьдзекуюцца з нашай годнасьці, правакуюць, усяляк ціснуць на нас, каб мы здаліся і здрадзілі таму, за што змагаліся і ў што верым», — напісаў Паўло Грыб, адзначыўшы, што «якое б расчараваньне ва Ўкраіне ні было» і «якая б улада на хвалі гэтага расчараваньня ні прыйшла, яе абавязак — вызваліць палонных і палітвязьняў і не дапусьціць новых».

19-гадовы Паўло Грыб зьнік 24 жніўня 2017 году падчас наведваньня Беларусі. Пазьней стала вядома, што ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Краснадары. У Расеі Грыба абвінавацілі ў падбухторваньні да тэракту, ён усе абвінавачваньні адмаўляў. Грыб быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG