Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі хоча больш паўнамоцтваў. Ці пойдзе Ўкраіна шляхам Беларусі?


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Вярхоўная Рада Ўкраіны папярэдне ўхваліла 7 законапраектаў аб унясеньні зьменаў у Канстытуцыю, якія дазволяць прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму павялічыць свой уплыў у працэсе ўхваленьня рашэньняў і кіраваньні краінай.

Цяпер усе гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы будзе вывучаць Канстытуцыйны суд, а ў выпадку станоўчага заключэньня на адпаведнасьць Асноўнаму закону дэпутаты мусяць ухваліць іх паўторна канстытуцыйнай большасьцю галасоў — зьмены мусяць патрымаць ня менш за 300 парлямэнтароў.

У трох законапраектах, якія накіраваныя на пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта, экспэрты пабачылі пагрозу ператварэньня парлямэнцка-прэзыдэнцкай у прэзыдэнцкую форму праўленьня ва Ўкраіне. Што прапануе Зяленскі і якім чынам гэтыя функцыі рэгулююцца цяпер?

Кантроль над сілавымі структурамі

Парлямэнцкая большасьць (282 дэпутаты) падтрымала прапанову Зяленскага аб наданьні яму права ствараць незалежныя рэгулюючыя органы, а таксама прызначаць і звальняць кіраўніцтва Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны і Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньня.

Цяпер прэзыдэнт мае фармальныя паўнамоцтвы прызначаць кіраўніка НАБУ — ён выбірае прэтэндэнта зь некалькіх кандыдатаў, выбраных адмысловай конкурснай камісіяй. Але звольніць кіраўніка антыкарупцыйнага бюро можа Вярхоўная рада паводле ініцыятывы траціны дэпутатаў парлямэнту. Аналягічная працэдура дзейнічае і ў дачыненьні прызначэньня і звальненьня кіраўніка ДБР.

Абедзьве гэтыя праваахоўныя структуры былі створаныя ва Ўкраіне пасьля Рэвалюцыі годнасьці.

  • Функцыі Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро — прадухіляць, выяўляць і раскрываць карупцыйныя злачынствы дзяржаўных службоўцаў і аналізаваць іхныя дэклярацыі аб даходах.
  • Функцыі ДБР — расьсьледаваньне крымінальных спраў, у якіх фігуруюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, судзьдзі і вышэйшыя службовыя асобы. Паступова гэтаму органу ад пракуратуры будуць перададзеныя паўнамоцтвы на ўсе дасудовыя расьледаваньні.

Кантроль над парлямэнтам

Вярхоўная рада
Вярхоўная рада

Большасьцю галасоў (258 дэпутатаў) падтрыманы законапраект аб зьмяншэньні канстытуцыйнага складу Вярхоўнай Рады да 300 парлямэнтароў і аб замацаваньні прапарцыйнай (партыйнай) выбарчай сыстэмы. Асобным законапраектам (падтрымалі 279 дэпутатаў) прапануецца пазбаўляць дэпутацкага мандату ў выпадку неасабістага галасаваньня, адсутнасьці без сур’ёзных прычын траціны пленарных пасяджэньняў і выезду на сталае пражываньне за межы Ўкраіны.

Цяпер парлямэнт з 450 дэпутатаў абіраецца паводле зьмешанай сыстэмы — палова зь іх паводле партыйных сьпісаў і палова — у мажарытарных акругах (часова, пасьля анэксіі Расеяй Крыму і акупацыі некалькіх раёнаў Данбасу колькасьць дэпутатаў зьменшаная да 423-х — РС). Парлямэнцкія выбары прызначаюцца аўтаматычна ў апошнюю нядзелю кастрычніка апошняга, пятага году паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады. Дату пазачарговых выбараў прызначае прэзыдэнт. Цяпер за неасабістае галасаваньне дэпутатаў не караюць.

Канцэнтрацыя паўнамоцтваў можа выклікаць супраціў

Тарас Стэцькіў
Тарас Стэцькіў

«Усе гэтыя зьмены ўзмацняюць пазыцыі прэзыдэнта і схіляюць Украіну да прэзыдэнцкай формы праўленьня», — сказаў Свабодзе вядомы ўкраінскі палітык і грамадзкі дзеяч Тарас Стэцькіў.

У той жа час ён перакананы, што грамадзтва пазытыўна будзе ставіцца да пашырэньня паўнамоцтваў прэзыдэнта, але толькі да таго часу, пакуль гэта будзе прыносіць плён:

«Зараз вельмі вялікія чаканьні зьменаў. Людзі чакаюць, што новая ўлада і новы прэзыдэнт нешта зробяць для паляпшэньня іхнага дабрабыту. Калі ж гэтага не адбудзецца, то пазытыўныя чаканьні рэзка зьменяцца на нэгатыў, і тады Ўкраіна можа рэзка перайсьці на парлямэнцкую форму праўленьня».

Тарас Стэцькіў пакуль ня бачыць вялікай пагрозы ў канцэнтрацыі прэзыдэнтам уладных паўнамоцтваў.

«Але калі гэты працэс будзе нарастаць, і прэзыдэнт замест рэальнага паляпшэньня сытуацыі будзе займацца канцэнтрацыяй паўнамоцтваў, то гэта выклікае вялізны супраціў украінскага грамадзтва».

Апроч таго, палітык сумняваецца, што ўсе прапанаваныя Зяленскім зьмены ў Канстытуцыі нават у выпадку адабрэньня Канстытуцыйным судом падтрымаюць 300 дэпутатаў — толькі пры такой умове адпаведныя зьмены будуць унесеныя ў Канстытуцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG