Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адзначаюць гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны. Прэзыдэнт Дуда выступіў з рэзкай прамовай


Жыхары Велюня на жалобнай імпрэзе

У Польшчы сёньня праходзяць мерапрыемствы ў сувязі з 80-й гадавінай пачатку Другой усясьветнай вайны. У цэнтры Варшавы прайшоў вайсковы парад.

На цырымоніі сабраліся лідэры шэрагу дзяржаў, у тым ліку прэзыдэнты Польшчы і Нямеччыны Анджэй Дуда і Франк-Вальтэр Штайнмаер. Прысутнічаў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Аляксандар Лукашэнка адмовіўся прыехаць, бо не запрасілі Ўладзіміра Пуціна.

Жалообная імпрэза ў Велюні
Жалообная імпрэза ў Велюні

Памятныя цырымоніі пачаліся на золку ў горадзе Велюнь, жыхары якога былі ў ліку першых ахвяраў вайны. На дасьвецьці 1 верасьня 1939 году ад нямецкіх бомбаў тут загінулі больш як тысяча чалавек.

Прэзыдэнт Нямеччыны на жалобным мітынгу ў Велюні прызнаў адказнасьць Нямеччыны за разьвязаньне Другой усясьветнай вайны і папрасіў прабачэньня ў ахвяраў вайны і нацысцкага тэрору ў Польшчы. «Мы не забудзем і будзем несьці адказнасьць, якую ўсклала на нас наша гісторыя», — сказаў Штайнмаер.

Франк-Вальтэр Штайнмаер
Франк-Вальтэр Штайнмаер

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда на той жа цырымоніі назваў напад Нямеччыны на Польшчу «вайсковым злачынствам» і «барбарскім актам». Ён асудзіў і Савецкі Саюз, заявіўшы, што яготагачасны кіраўнік Ёсіф Сталін уступіў у змову з Адольфам Гітлерам, каб зьнішчыць Польшчу. Дуда падзякаваў Штайнмаеру за ягоныя словы і сказаў, што сёньняшняя цырымонія «ўвойдзе ў гісторыю польска-нямецкага сяброўства».

Разам з тым, Дуда, паводле карэспандэнта брытанскай The Guardian Шона Ўолкера, сказаў, што каб саюзьнікі ў 1939 годзе процістаялі нацыстам, усё магло б скласьціся інакш. Дуда такама параўнаў нацысцкую агрэсію з агрэсіяй Расеі супраць Грузіі і Ўкраіны.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад прыезду ў Польшчу ў апошні момант, бо да ўзьбярэжжа Злучаных Штатаў набліжаецца магутны ўраган.

Другая ўсясьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 году з нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу. Празь некалькі дзён вайну Нямеччыне абʼявілі Вялікая Брытанія і Францыя. 17 верасьня 1939 году ў вайну супраць Польшчы — без афіцыйнага яе абвяшчэньня— уступіў Савецкі Саюз пад выглядам абароны насельніцтва Заходняй Беларусі і Ўкраіны. У выніку тэрыторыя Польшчы была падзелена паміж Нямеччынай і СССР. Перад пачаткам Другой усясьветнай вайны СССР і Нямеччына падпісалі дамову пра ненападзеньне і сакрэтны пратакол да яе з разьмежаваньнем нямецкай і савецкай «сфэраў уплыву» ва Ўсходняй Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG