Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для паловы насельніцтва Беларусі вайна пачалася 1 верасьня 1939-га


Нямецкія і савецкія афіцэры падчас параду, які адбыўся ў час афіцыйнай працэдуры перадачы Брэст-Літоўска і «Брэсцкай крэпасьці» савецкаму боку падчас уварваньня ў Польшчу войскаў Нямеччыны. 22 верасьня 1939 году

«Вайна пачалася 22 чэрвеня 1941-га», — змалку вучылі нас у савецкай школе па савецкіх падручніках. «Вайна пачалася 1 верасьня 1939-га», — з малых гадоў ведаў я ад маці, якая тую вайну бачыла на ўласныя вочы.

Памятаю, як у дзевяцігадовым узросьце падышоў да яе, уражаны гэтым несупадзеньнем:

— Мама, вось глядзі, у падручніку напісана: «Вайна савецкага народу з гітлераўскай Нямеччынай пачалася ў 1941-м». А ты ж казала...

— Для савецкага народу, можа, яна і ў 41-м пачалася. А для нашага — у 39-м.

Зялёны аўтобус

Мая мама да канца жыцьця ўспамінала, як яна, дзевяцігадовая дзяўчынка, у адзін зь першых дзён верасьня 1939 году праводзіла бацьку да мястэчка, дзе ля будынку пошты зьбіралі рэзэрвістаў. Як шкадавала яго, бо напярэдадні ён параніў далонь нажом, але, нягледзячы на гэта, амаль усю дарогу з Вуглоў да Новага Двара нёс яе на руках.

— Ня плач, дачушка, праз пару месяцаў пераможам немца — і я вярнуся, — суцяшаў яе.

Потым яна доўга глядзела ўсьлед зялёнаму аўтобусу, які адвозіў яго назаўсёды. Гэты аўтобус потым стаяў перад вачыма да апошніх яе дзён.

Вайна 1939 году зачапіла палову Беларусі

1 верасьня 1939 году вайна пачалася прынамсі для паловы насельніцтва Беларусі: для тых пяці мільёнаў жыхароў Заходняй Беларусі, якія яшчэ ня ведалі, што іхны лёс вырашаны 23 жніўня двума дыктатарамі і што празь некалькі тыдняў усіх іх бязь іхнай згоды зробяць савецкімі грамадзянамі.

Падпісаньне пакту Молатава — Рыбентропа, 23 жніўня 1939 году
Падпісаньне пакту Молатава — Рыбентропа, 23 жніўня 1939 году

А ў першыя дні верасьня ад Горадні да Ракава і ад Пінска да Глыбокага ў беларускіх хатах было трывожна і роспачна. Мужчыны атрымлівалі позвы на мабілізацыю. Жанчыны і дзеці праводзілі іх на вайну. Сьлёзы разьвітаньня можна было ўбачыць ледзь ня ў кожнай хаце.

І першыя выбухі вайны беларусы таксама пачулі ў верасьні 1939-га — нягледзячы на тое, што асноўны фронт быў далёка на захадзе. Нямецкія самалёты бамбілі Горадню, Берасьце, Баранавічы, Пінск... У гэтым ім дапамагалі савецкія саюзьнікі: радыёстанцыя ў Менску ў тыя дні служыла маяком-наводнікам для Люфтвафэ.

Браты па зброі — генэрал Гудэрыян і камбрыг Крывашэін

Для тысяч і тысяч беларусаў пачатак вайны асацыяваўся з галасамі не Левітана і Молатава, як даводзіла савецкая прапаганда і савецкія падручнікі гісторыі, а з палымянымі радыёпрамовамі прэзыдэнта Варшавы Стэфана Стажыньскага, які адмовіўся ўцякаць з акружанай сталіцы Польшчы і падзяліў лёс многіх і многіх варшавянаў, якія загінулі ў акупацыю.

І славутая «Брэсцкая крэпасьць» упершыню пачала абараняцца ад нямецкіх войскаў ня ў чэрвені 1941-га, а ў верасьні 1939-га. Штурмаваць яе, дарэчы, нямецкім акупантам тады дапамагла савецкая артылерыя.

Немцы ў верасьні 1939-га акупавалі Берасьце, але ў адпаведнасьці з таемнай змовай Гітлера і Сталіна мусілі пакінуць горад. Перад адводам нямецкіх войскаў за Буг 23 верасьня адбыўся славуты сумесны парад на цэнтральнай плошчы Берасьця, якім камандавалі фашысцкі генэрал Гудэрыян і савецкі камбрыг Крывашэін.

Перадача Берасьця войскам Чырвонай Арміі. Ўрачыстае праходжаньне калёны нямецкіх войскаў перад трыбунай, на ёй — генэрал танкавых войскаў Гейнц Гудэрыян і афіцэры вэрмахту
Перадача Берасьця войскам Чырвонай Арміі. Ўрачыстае праходжаньне калёны нямецкіх войскаў перад трыбунай, на ёй — генэрал танкавых войскаў Гейнц Гудэрыян і афіцэры вэрмахту

Уначы з 6 на 7 верасьня Варшаву пакінулі прэзыдэнт Масьціцкі і польскі ўрад. Адметны факт: яны пераехалі на ўсход, у Берасьце. На кароткі пэрыяд (10 дзён, ажно да пачатку савецкай агрэсіі) гэты горад фактычна стаў сталіцаю Рэчы Паспалітай.

Той верасень быў крывавым і для палякаў, і для беларусаў, і для ўсіх народаў, якія насялялі тагачасную польскую дзяржаву. Загінулі каля 70 тысяч вайскоўцаў, 130 тысяч былі параненыя. 350 тысяч трапілі ў нямецкі палон, 180 тысяч — у савецкі.

Польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. Тэрэспальскае ўмацаваньне Брэсцкай крэпасьці, верасень 1939 году
Польскія ваеннапалонныя ў часовым лягеры. Тэрэспальскае ўмацаваньне Брэсцкай крэпасьці, верасень 1939 году

Тысячы беларусаў былі сярод і загінулых, і параненых, і ваеннапалонных. Вайна ўжо тады, у 1939-м, так ці інакш зачапіла амаль кожную сям’ю ў Заходняй Беларусі.

Мой дзед Уладзіслаў Саковіч з той вайны не вярнуўся. Апошні ліст ад яго бабуля атрымала 3 студзеня 1940 году — з Асташкава Калінінскай вобласьці, з савецкага лягеру ваеннапалонных. Шукала і чакала яго да канца жыцьця. Камуністычны рэжым старанна хаваў сьляды свайго злачынства — расстрэлу 22 000 палонных афіцэраў польскай арміі ў красавіку-траўні 1940 году. Праўда стала вядомай толькі на пачатку 90-х, калі бабулі ўжо не было на гэтым сьвеце.

Сваіх мужоў і бацькоў не дачакаліся з тае вайны дзясяткі і сотні тысяч беларускіх сем’яў.

Каб не пакрыўдзіць Цэнтральную Азію і Расею

Для беларускай гісторыі гэтая дата — 1 верасьня 1939-га — мае зусім іншы зьмест, іншы сэнс, іншае значэньне, чым для гісторыі расейскай. Для Масквы гэта быў пачатак чарговага імпэрскага рэваншу, які яна зьбіралася чыніць у хаўрусе з такім жа агрэсіўным гітлераўскім рэжымам. Для беларусаў (як і для многіх іншых эўрапейскіх народаў) гэта быў пачатак драматычнай барацьбы са злом, за ўласнае выжываньне, за ўласную годнасьць.

1 верасьня ў Варшаве сустрэнуцца сусьветныя лідэры, якія ўсьведамляюць маштаб той трагедыі і яе навуку цяперашнім пакаленьням. Кіраўніка Беларусі сярод іх ня будзе, хоць яго і запрашалі. Краіна, якая пацярпела ад той вайны як ніякая іншая, будзе прадстаўлена на ўзроўні амбасадара (заўважце: нават не кіраўніка ўраду, ня віцэ-прэмера і не міністра). Улады тлумачаць гэта тым, што, маўляў, не хацелі пакрыўдзіць не запрошаных на ўрачыстасьці лідэраў постсавецкіх краін Цэнтральнай Азіі і Расеі, што імкнуліся паказаць салідарнасьць зь імі. Пра тое, ці не абурацца такім рашэньнем уласныя грамадзяне, лёсы сем’яў якіх апаліла тая вайна, у афіцыйным тлумачэньні ня згадваецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG