Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе. Гісторык Мельнікаў анансаваў фотаальбом пра Другую сусьветную, пачаў збор грошай


Гісторык Ігар Мельнікаў, архіўнае фота

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў пачаў на сайце Ulej.by збор грошай на выданьне кнігі-альбому пра Другую сусьветную вайну. У яго ён абяцае ўключыць шмат здымкаў з уласнай калекцыі, якія раней не публікаваліся.

Ігар Мельнікаў адзначае, што «доўгі час у савецкай і беларускай гісторыяграфіі, а таксама грамадзкай сьвядомасьці існавала стэрэатыпнае думка пра тое, што Другая сусьветная вайна пачалася для Беларусі ў чэрвені 1941 году — маўляў, да гэтага моманту жыхары БССР жылі мірным жыцьцём, ня ведалі, што такое бамбёжкі, голад і разбурэньні, а ўсё іншае адбывалася за межамі Беларусі».

У альбоме ён абяцае паказаць, што гэта было ня так.

Вайна пачалася не ў 1941-м. Што было да таго

1 верасьня 1939 году нацысцкая Нямеччына напала на Польшчу, у складзе якой тады былі Віленскае, Навагрудзкае, Беластоцкае і Палескае ваяводзтвы — там жылі беларусы, шмат зь іх трапілі ў шэрагі Польскага войска, Корпусу аховы памежжа ды іншых фармаваньняў, якія першымі пачалі ўзброенае супрацьстаяньне нацыстам. Саветы тым часам перадавалі па радыё словы «Я Мінск», каб зрабіць лягчэйшай працу пілётаў Люфтвафэ, якія бамбілі заходнебеларускія гарады.

17 верасьня СССР, паводле дамоўленасьці з нацысцкай Нямеччынай аб падзеле Польшчы, увёў войскі ва ўсходнія раёны Польшчы. Мельнікаў сьцьвярджае, што, нягледзячы на «пераможныя рэляцыі савецкіх штабістаў і журналістаў», тая «міратворчая апэрацыя» стала «цяжкім выпрабаваньнем для Чырвонай Арміі». На мяжы адбываліся «жорсткія баі паміж польскімі вартавымі мяжы з Корпусу аховы памежжа і савецкімі войскамі».

Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»
Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»

«Нехта сустракаў „гасьцей з Усходу“ яблыкамі і кветкамі, але ў шмат якіх населеных пунктах Заходняй Беларусі ў савецкія танкі ляцелі „кактэйлі Молатава“, а чырвонаармейцаў вітаў „сьвінцовы гарох“», — апісвае Мельнікаў пачатак вайны.

Тады, піша гісторык, на Заходняй Беларусі таксама адбываліся арышты так званага «польскага кантынгенту», дэпартацыі «кулакоў», саветызацыя і русыфікацыя мясцовага насельніцтва. А ў 1941 годзе вайна прыйшла і ва Ўсходнюю Беларусь, калі Адольф Гітлер, былы хаўрусьнік Ёсіфа Сталіна, «вырашыў стаць адзінаўладным гаспадаром Эўропы і ліквідаваць крамлёўскага канкурэнта».

Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»
Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»

Кніга будзе прысьвечаная ня толькі 1939–1941 гадам: адзін разьдзел будзе пра даваенны час, другі — пра падзеі ў Заходняй Беларусі ад пачатку вайны і да 1941 году, трэці — пра пэрыяд нацысцкай акупацыі Беларусі, апошні — пра ўдзел беларусаў у барацьбе з нацызмам на розных франтах, у тым ліку пра «забытых герояў».

600 здымкаў, 10 гадоў працы, дзьве мовы

На альбом «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава» трэба сабраць рублёў за 60 дзён. За 5 рублёў абяцаюць падзяку ад аўтара, за 10 — запрашэньне на прэзэнтацыю, за 50 — экскурсію пра жыцьцё даваеннага Менску, за 80 — уласна кнігу. За большыя грошы прапануюцца дадаткова іншыя кнігі аўтара, падзякі на старонках новай, а таксама прыватныя экскурсіі.

У новай кнізе Мельнікаў абяцае 200 старонак фармату А4 з больш як шасьцю сотнямі здымкаў, выяваў дакумэнтаў і артэфактаў зь ягонай калекцыі — матэрыялы, кажа ён, зьбіраліся 10 гадоў. Кніга будзе на беларускай і ангельскай мовах.

Аўтар падзяліўся са Свабодай здымкамі, якія яму падаюцца аднымі з самых цікавых і якія ўвойдуць у альбом.

Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»
Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»

«274. Здымак зроблены ў 1940 годзе на новай савецка-нямецкай мяжы. Варта зразумець, што фактычна Савецкі Саюз уступіў у Другую сусьветную вайну 17 верасьня 1939 году, калі ўвёў свае войскі на тэрыторыю Польшчы. У канцы 1939 — пачатку 1940 году пачала фармавацца новая мяжа паміж СССР і акупаванай нацыстамі тэрыторыі Польшчы, якая атрымала статус генэрал-губэрнатарства. На здымку мы бачым савецкіх і нямецкіх афіцэраў, якія, як сябры, размаўляюць на памежным чыгуначным мосьце. Пройдзе менш за год — і гэтыя людзі будуць забіваць адзін аднаго. У чэрвені 1941 году Гітлер нападзе на свайго ўчорашняга хаўрусьніка Сталіна».

Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»
Фота з альбому «Другая сусьветная вайна на здымках з архіву Ігара Мельнікава»

«На здымку 420 мы бачым знаёмую сёньняшнім менчукам вуліцу Маскоўскую. Гэта зіма 1941 году. Жаўнеры вэрмахту вядуць па цэнтры беларускай сталіцы калёну савецкіх палонных. Відаць чыгуначны мост, а за ім Дом ураду. Перад калёнай дом нумар 8 па вуліцы Маскоўскай, пабудаваны ў 1932 годзе. Ён і сёньня стаіць на гэтым месцы.

Склалася ўнікальная сытуацыя. Я набыў тры здымкі з выявай гэтай калёны. Адзін зь іх прыйшоў да мяне з Бэльгіі, другі з Парыжу, а трэці, вось гэты — з Мюнхэну. Усе тры здымкі з гэтай сэрыі будуць апублікаваныя ў альбоме».

***

Ігар Мельнікаў выдаў багата кніг пра беларусаў у міжваенны час і беларускіх вайскоўцаў у Другой усясьветнай вайне. Толькі ў 2017 годзе ён апублікаваў кнігі «Забытыя героі» і «Адысэя палешука», альбом «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.», а таксама кнігу пра 20-ю «беларускую» дывізію пяхоты Войска Польскага ў сэрыі «Вялікая кніга пяхоты польскай» на польскай мове. Сёлета рыхтуе да выданьня альбом пра польскае войска ў Беларусі ў 1918 і 1919–1920 гг., піша новую кнігу «Верасень 1939-га. Магілы неаб’яўленай вайны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG