Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 малавядомых фактаў пра Другую ўсясьветную вайну


Савецкі афіцэр і падпалкоўнік вэрмахту Ганс Лемэль падчас перадачы Берасьцейскай крэпасьці войскам РККА. 22 верасьня 1939
Савецкі афіцэр і падпалкоўнік вэрмахту Ганс Лемэль падчас перадачы Берасьцейскай крэпасьці войскам РККА. 22 верасьня 1939

1 верасьня 1939 году з нападу Гітлера на Польшчу пачалася Другая ўсясьветная вайна. Свабода сабрала факты, пра якія ня пішуць у беларускіх школьных падручніках.

Вайна для Беларусі пачалася ў 1939 годзе

1 верасьня 1939 году нацысцкая Нямеччына напала на Польшчу, у складзе якой тады былі Віленскае, Наваградзкае, Беластоцкае і Палескае ваяводзтвы — там жылі беларусы, шмат зь іх трапілі ў шэрагі Польскага войска, Корпусу аховы памежжа ды іншых фармаваньняў, якія першымі пачалі збройнае супрацьстаяньне нацыстам. Першыя бомбы ўпалі на Горадню і Баранавічы ў верасьні 1939 году.

Амаль тыдзень Берасьце было фактычна сталіцай Польшчы — урад уцёк з Варшавы спачатку сюды, а потым ужо ў Румынію. Сярод першых змагароў з фашыстамі быў народны пісьменьнік Янка Брыль, які ваяваў зь першых гадзін вайны (ён апісвае гэта ў рамане «Птушкі і гнёзды»).

Нямецкія і савецкія афіцэры падчас параду, які адбыўся ў час афіцыйнай працэдуры перадачы Брэст-Літоўска і «Брэсцкай крэпасьці» савецкаму боку падчас уварваньня ў Польшчу войскаў Нямеччыны. 22 верасьня 1939 году
Нямецкія і савецкія афіцэры падчас параду, які адбыўся ў час афіцыйнай працэдуры перадачы Брэст-Літоўска і «Брэсцкай крэпасьці» савецкаму боку падчас уварваньня ў Польшчу войскаў Нямеччыны. 22 верасьня 1939 году

CCСР фактычна вёў вайну з Польшчай

СССР ваяваў з Польшчай у верасьні 1939-га, як і Нямеччына. Пра гэта кажа гісторык Ігар Мельнікаў. «Было шмат страт у Чырвонай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. 15 верасьня 1939 году быў загад памежным атрадам: “Зьнішчыць польскую памежную ахову”. Польскае войска ўспрымалася як варожае, а нямецкае, наадварот, казалі не чапаць».

Ф. Гаўс, І. Рыбэнтроп, І. Сталін, В.Молатаў, 23 жніўня 1939. Падпісаньне пакту Молатава-Рыбэнтропа
Ф. Гаўс, І. Рыбэнтроп, І. Сталін, В.Молатаў, 23 жніўня 1939. Падпісаньне пакту Молатава-Рыбэнтропа

Першая абарона Берасьцейскай крэпасьці была ў 1939 годзе

З савецкай гістарыяграфіі добра вядомая абарона Берасьцейскай крэпасьці савецкімі войскамі ў 1941 годзе. Але вайна для гэтага месца пачалася раней — 14 верасьня 1939 году. Польскія войскі спрабавалі бараніць крэпасьць да 17 верасьня. 22 верасьня 1939 году ў Берасьці быў праведзены супольны парад нямецкіх і савецкіх войскаў, і горад, згодна з сакрэтным пратаколам да Пакту аб ненападзе, перайшоў пад савецкі кантроль.

На час нямецкага нападу СССР тэхнічна пераўзыходзіў Нямеччыну

У 1941 годзе Чырвоная Армія па колькасьці войскаў, якія знаходзіліся ў заходніх памежных акругах, саступала войскам вэрмахту і саюзьнікаў Нямеччыны ў 1,3 раза — 3 мільёны 290 тысяч чалавек супраць 4 мільёнаў 306 тысяч. Але яна мела велізарную перавагу ў танках і самаходных гарматах (15 687 супраць 4170 нямецкіх — больш як у 3,76 раза), у авіяцыі (10 742 самалётаў супраць 4642 — больш як у 2,32 раза) і ў артылерыі (59 787 гармат і мінамётаў супраць 42 600 — у 1,4 раза больш).

Савецкія войскі ў 1941 годзе пакінулі нацыстам шмат тэхнікі

З 1940 году на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачалі будаваць аэрадромы. Калі нацысты напалі, якраз усё было ў стадыі будаўніцтва. Гісторык Ігар Мельнікаў прыводзіць факт, што пад Гародняй стаяла шмат новых танкаў Т-34. Пасьля першых налётаў чырвонаармейцы кінулі тыя танкі, бо проста ня ўмелі імі кіраваць.

«Новыя машыны проста кінулі, бо не было спэцыялістаў, не было паліва. На іх забаранялі езьдзіць, толькі ўвечары. Таму не было практыкі проста», — кажа Ігар Мельнікаў.

Жаўнераў СССР не вучылі абараняцца

Ваенная дактрына СССР вучыла весьці наступальныя баі, а не абараняцца. А ад нацыстаў якраз прыйшлося абараняцца. «У савецкіх афіцэраў у пляншэтках ляжалі мапы Вугоршчыны, Чэхаславаччыны», — кажа Ігар Мельнікаў.

Вайна зь Нямеччынай не была нечаканасьцю для СССР

22 чэрвеня 1941 году ў Беластоцкай вобласьці стаялі элітныя савецкія войскі, фактычна найлепшыя часткі 10-й арміі, у тым ліку 6-га мэханізаванага корпусу з тысячай танкаў.

20 чэрвеня начальнік памежных войскаў усяго СССР Сакалоў нечакана прыехаў у райцэнтар Ломжа на самым краі Беластоцкай вобласьці. Немцы дэманстратыўна вывелі тэхніку, гарматы, і паставілі іх насупраць пагранічных заставаў. Ужо ў той жа дзень савецкіх памежнікаў перавялі на «ўзмоцнены варыянт нясеньня службы». Сталін яшчэ да пачатку вайны атрымаў некалькі дзясяткаў папярэджаньняў, што хутка Нямеччына нападзе. Але ня верыў у гэта.

Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж СССР і Нямеччынай. 23 жніўня 1939ом языке (первая страница)
Сакрэтны дадатковы пратакол да Дамовы пра ненапад паміж СССР і Нямеччынай. 23 жніўня 1939ом языке (первая страница)

Чырвоная армія сустрэла нямецкі напад панікай

Вайна паміж СССР і Нямеччынай пачалася ў Аўгуставе і ў Ломжы. У ноч, калі немцы напалі, там адбылася татальная катастрофа. Большасьць памежнікаў загінулі ў першых маштабных баях. Камандзір 87-га пагранатраду ў Ломжы Гурый Здорскі напісаў у мэмуарах, што разам са сваёй групай памежнікаў выйшаў з акружэньня ажно пад Рагачовам. У яго было 2 тысячы салдатаў, і зь іх загінулі 1600.

Паніка, адступленьне, больш за 300 тысяч палонных на магістралі ад Беластоку да Слоніма. Была парушаная ўся сувязь, а гэта ж быў цэнтар вайсковага кіраваньня. Паводле нямецкіх дадзеных, саветы пакінулі больш за 3 тысячы танкаў, абсалютна непашкоджаных, 245 самалётаў.

Кіраўніцтва Заходняга фронту было 2 ліпеня выклікана Сталіным у Маскву. Генэрала Дзьмітрыя Паўлава і ўсіх ягоных намесьнікаў расстралялі за «нядбайнасьць» і «невыкананьне сваіх службовых абавязкаў». Пасьля сьмерці Сталіна іх рэабілітавалі.

СССР расстраляў амаль столькі сваіх вайскоўцаў, колькі страцілі ў вайне саюзьнікі

Падчас вайны вайсковыя трыбуналы СССР асудзілі на расстрэл 217 тысяч чалавек. У гэтую лічбу не ўвайшлі расстраляныя НКВД і памежнымі атрадамі. Для параўнаньня, за ўвесь час вайны людзкія страты Вялікай Брытаніі, Канады і ЗША разам склалі 240 тысяч чалавек. Такімі мерамі СССР змагаўся супраць дэзэртэрства. Лічбы прыводзіць расейскі гісторык Марк Салонін.

Больш за мільён дэзэртэраў з савецкага войска

Ацэнка дэзэртэрства з савецкага войска падчас вайны — больш за мільён чалавек. У нямецкім палоне за час вайны апынуліся 4 мільёны чалавек. Расейскі гісторык Марк Салонін прыводзіць лічбу ў паўмільёна чалавек, якія маглі ваяваць на баку Нямеччыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG