Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гітлер забіваў беларусаў, а з Масквы ішлі віншаваньні. Як выглядалі першыя дні вайны ў Беларусі


Заходнебеларускія паэты ў нямецкім палоне. Зьлева направа: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк. Шталяг, 1940 г.
Заходнебеларускія паэты ў нямецкім палоне. Зьлева направа: Юльян Сергіевіч, Янка Брыль, Міхась Васілёк. Шталяг, 1940 г.

Паводле савецкай традыцыі пачатак ІІ Усясьветнай вайны ў Беларусі адлічваюць ад 22 чэрвеня 1941 году, калі немцы напалі на СССР. Абсалютна ігнаруецца факт, што ад нямецкіх куляў і бомбаў беларусы пачалі гінуць на два гады раней — зь 1 верасьня 1939 году, калі Гітлер напаў на Польшчу, у склад якой уваходзіла палова сёньняшняй Беларусі.

Прычына гэтай маніпуляцыі простая. Калі б савецкія гісторыкі і кіраўнікі адразу прызналі, што вайна пачалася ў 1939 годзе, то не змаглі б дзясяткі гадоў хаваць праўду, што СССР ажно два гады быў хаўрусьнікам Адольфа Гітлера і адным з ініцыятараў вайны, якія забрала жыцьці мільёнаў людзей.

Пра першыя дні вайны на тэрыторыі Беларусі ў інтэрвію Свабодзе апавядае гісторык, доктар навук, дасьледнік вайсковай гісторыі Беларусі ХХ ст. Юры Грыбоўскі.

Юры Грыбоўскі
Юры Грыбоўскі

Беларускія гарады сталі ахвярамі першых налётаў люфтвафэ яшчэ ў 1939 годзе

Беларусы агонь вайны адчулі зь першых дзён. Дзеля гэтага неканечне было бачыць немцаў у вочы. Калі 1 верасьня пачаліся баявыя дзеяньні, то адразу ж пачаліся і налёты люфтвафэ. Яна зь першых дзён вайны практычна цалкам перахапіла ініцыятыву ў небе. Немцы дзейнічалі беспакарана, бамбардуючы як вайсковыя аб’екты, так і цывільныя. Бамбілі Горадню і Ліду, дзе, дарэчы, кватараваў 5-ы авіяполк Войска Польскага (часта Войска Польскае блытаюць з арміяй, якую ў 1944 годзе сфармавалі ў СССР. Але гэта зусім іншае фармаваньне). Менавіта гэтыя гарады і мястэчкі сталі ахвярамі першых налётаў люфтвафэ.

Пасьля бамбаваньняў пачаўся вялікі рух уцекачоў, які працягваўся да канца верасьня. Была неймаверная мітусьня, у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Горадня. Міжваенны пэрыяд
Горадня. Міжваенны пэрыяд

Прысутнасьць немцаў была зарэгістраваная нават у ваколіцы Стоўпцаў

Немцы падышлі да Берасьця, іх прысутнасьць зафіксавалі каля Кобрыні. Калі верыць савецкім вайсковым крыніцам, дык прысутнасьць немцаў была зарэгістраваная нават у ваколіцы Стоўпцаў. Гэта былі паасобныя патрулі, якія, відаць, заблукалі падчас баявых дзеяньняў альбо рабілі выведку. Ёсьць згадка, што ехала савецкая калёна і сустрэла заблуканы нямецкі патруль, які яна яшчэ і абстраляла.

20 верасьня немцы і саветы зразумелі, што наступаюць адно аднаму на пяты. І ў той жа дзень у Бэрліне адбылася сустрэча паміж савецкімі і нямецкімі дыпляматычнымі прадстаўнікамі, каб неяк на гэта адрэагаваць.

Дзясяткі тысяч беларусаў ваявалі супраць Гітлера, пакуль СССР сябраваў зь ім

У сакавіку 1939 году ў Польшчы адбылася першая частковая мабілізацыя. Жаўнеры-беларусы пісалі лісты дадому, і сем’і былі ўжо псыхалягічна гатовыя да таго, што іх штодзённае спакойнае жыцьцё разбураецца. Людзі ўжо цалкам жылі ваеннай атмасфэрай.

За некалькі дзён да пачатку вайны, у канцы жніўня, палякі абвясьцілі мабілізацыю. Але паколькі вайна пачалася вельмі хутка, то плян быў выкананы толькі на 70%. Але на тэрыторыі Горадзеншчыны і Беласточчыны мабілізацыя прайшла вельмі пасьпяхова. Там была адна з найвышэйшых ува ўсёй Польшчы лічба змабілізаваных. Вельмі добрыя вынікі былі і на Палесьсі.

Урачыстасьць з удзелам жаўнераў 3-га батальёну 86-га пяхотнага палка 19-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. Мястэчка Краснае (каля Маладэчна), 1934 г.
Урачыстасьць з удзелам жаўнераў 3-га батальёну 86-га пяхотнага палка 19-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага. Мястэчка Краснае (каля Маладэчна), 1934 г.

Здараліся і выпадкі ўхіленьня ад войска. Гэта часта вынікала з побытавых прычын — жніво, капаньне бульбы.

Пераважная большасьць прызыўнікоў — сяляне. Яны часам не хацелі ісьці ў войска, бо мелі шмат працы. Рэгістраваліся таксама выпадкі камуністычнай агітацыі. Частка прызыўнікоў трапляла пад гэтую агітацыю. Але гэта былі хутчэй выключэньні. Бо агітацыя не магла быць масавай. На той час ужо не было камуністычных структураў у Заходняй Беларусі: КПЗБ ужо ня дзейнічала, Сталін распусьціў яе за год да таго.

Вялі агітацыю за ўхіленьне ад прызыву некаторыя беларускія сьвятары — і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта не ўплывала на агульную карціну.

Палякі былі ўражаныя жаўнерамі-беларусамі

Паводле маіх падлікаў, у складзе Войска Польскага, калі пачалася вайна, было ня менш за 75 тысяч беларусаў. Большасьць беларусаў выканалі свой жаўнерскі абавязак цалкам. Гэта знаходзіць пацьвярджэньне і ў польскіх крыніцах на вельмі высокім узроўні.

Афіцэры, што камандавалі часткамі, якія складаліся ў значнай ступені зь беларусаў, у адзін голас пацьвярджаюць, што, сапраўды, гэта былі вельмі добрыя і ўзорныя жаўнеры. Беларусы былі сярод тых, хто прыняў першы ўдар у першы ж дзень вайны — на Вэстэрплятэ і Гэльскай пярэсьпе. Яны змагаліся, абараняючы Варшаву, прымалі ўдзел у бітве на рацэ Бзуры. Паўсюль яны пакінулі аб сабе вельмі добрую памяць.

Дэзэртырства сярод беларусаў было невысокім. Для іх войска было больш бясьпечным месцам, чым уцёкі ў лес за сотні кілямэтраў ад роднай хаты.

Вайскоўцы 7-га пяхотнага палка легіёнаў — удзельнікі кампаніі 1939 году: паляк Уладзімеж Каўчыньскі, беларус Янка Брыль, украінец Сымон Нагірны. Холм, травень 1939 г.
Вайскоўцы 7-га пяхотнага палка легіёнаў — удзельнікі кампаніі 1939 году: паляк Уладзімеж Каўчыньскі, беларус Янка Брыль, украінец Сымон Нагірны. Холм, травень 1939 г.

Найвышэйшыя званьнем беларусы ў Войску Польскім былі пераважна малодшымі афіцэрамі. Напрыклад, Францішак Кушаль. Ён быў кадравым афіцэрам. Служыў у рангу капітана. Як капітан Войска Польскага браў удзел у абароне Львова ў 1939 годзе.

Што цікава, і некаторыя афіцэры, якія раней зь беларусамі нават не сутыкаліся і для якіх лічылася не нацыянальнасьць, а тое, добры жаўнер ці кепскі, падкрэсьлівалі ў дакумэнтах, што беларусы былі вельмі добрымі і дысцыплінаванымі жаўнерамі.

Беларусы выканалі сваю жаўнерскую прысягу. І я не знайшоў сьведчаньняў, якія б сьведчылі пра адваротнае.

У нямецкі палон трапілі 40 тысяч беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага

Вядома, можна дапусьціць, што ў беларусы запісваліся і некаторыя небеларусы (або наадварот). Але гэтыя зьвесткі досыць верагодныя. Асноўныя іх крыніцы знаходзяцца ў Польшчы, у архіве і ў дакумэнтах Чырвонага крыжа, які апекаваўся ваеннапалоннымі.

Вельмі дакладную нацыянальную статыстыку ваеннапалонных вялі і немцы. Да розных групаў было рознае стаўленьне. Іншае да беларусаў і ўкраінцаў — і зусім іншае да габрэяў, да палякаў. Беларусам дазвалялі ўступаць у грамадзкія арганізацыі, што яны і рабілі.

Беларусы — польскія вайскоўцы ў нямецкім палоне. „Беларуская“ арбайтскаманда са шталягу ІІД (Старгард ля Шчэціна). Першы справа ў другім шэрагу — жаўнер 2-га Гдыньскага батальёну марской пяхоты Янка Брыль. Сакавік 1940 г.
Беларусы — польскія вайскоўцы ў нямецкім палоне. „Беларуская“ арбайтскаманда са шталягу ІІД (Старгард ля Шчэціна). Першы справа ў другім шэрагу — жаўнер 2-га Гдыньскага батальёну марской пяхоты Янка Брыль. Сакавік 1940 г.

Лепшае стаўленьне да беларусаў вынікала з жаданьня немцаў падмацоўваць наяўныя антаганізмы. Немцы, безумоўна, ведалі, як выглядала нацыянальная палітыка ў міжваенны пэрыяд, ведалі становішча нацыянальных мяншыняў і лічылі, што трэба выкарыстоўваць нацыянальную карту таксама і ў дачыненьні да ваеннапалонных.

Транспартны ліст вэрмахту з прозьвішчамі польскіх ваеннапалонных беларускай і ўкраінскай нацыянальнасьцяў, якія падлягалі вызваленьню з лягеру
Транспартны ліст вэрмахту з прозьвішчамі польскіх ваеннапалонных беларускай і ўкраінскай нацыянальнасьцяў, якія падлягалі вызваленьню з лягеру

Беларусаў пачалі вызваляць з палону ўвесну 1940 году. Іх пераводзілі ў статус іншаземных работнікаў і прымушалі заключаць працоўныя кантракты. Яны траплялі пад нагляд ужо ня вэрмахту, а гестапа, але атрымоўвалі пэўную свабоду. Маглі здымаць кватэру, наймацца на працу, працавалі ў прамысловасьці, у сельскай гаспадарцы. Зь нямецкага гледзішча гэтая палітыка была карыснай. Бо ваеннапалоннага трэба ўтрымліваць, карміць. А тут ім давалі працу, пагатоў немцам былі патрэбныя рабочыя рукі.

Сталін выкарыстоўваў беларусаў з Войска Польскага як бясплатную рабочую сілу

Пасьля нападу СССР на Польшчу 17 верасьня частка беларускіх жаўнераў Войска Польскага трапіла ў савецкі палон. Але тут сытуацыя больш складаная. Бо ў сярэдзіне кастрычніка выйшаў загад наркама абароны вызваляць зь лягераў ураджэнцаў Заходняй Беларусі і Ўкраіны і накіроўваць іх дахаты. Гэта адбывалася цягам месяца і потым спынілася. І ў рэшце рэшт некалькі тысяч беларусаў затрымаліся ў палоне.

Уліковая картка беларуса — польскага вайскоўца, які апынуўся ў савецкім палоне. Старабельскі лягер, лістапад 1939 г.
Уліковая картка беларуса — польскага вайскоўца, які апынуўся ў савецкім палоне. Старабельскі лягер, лістапад 1939 г.

Да 1941 году, да пачатку савецка-нямецкай вайны, шарагоўцы-беларусы знаходзіліся ў лягерах для ваеннапалонных на тэрыторыі эўрапейскай часткі СССР. Савецкі ўрад выкарыстоўваў іх як бясплатную рабочую сілу. Ваеннапалонных накіравалі на будоўлю нумар 1, яны будавалі дарогу ва Ўкраіне, потым іх часткова перавезьлі ў Котлас на тэрыторыі Комі. Калі б не вайна зь немцамі, то невядома, дзе б яны ў рэшце рэшт апынуліся. Яны прасілі, каб іх вызвалілі, былі і ўцёкі, і сваякі пісалі на імя Сталіна і Варашылава, але ўсё гэта было безвынікова.

Інакш склаўся лёс афіцэраў, якія апынуліся ў савецкай няволі. Яны былі расстраляныя. Вядомыя прозьвішчы забітых беларусаў, у тым ліку ў Катынскім лесе. Сярод іх можна ўзгадаць Францішка Ўмястоўскага, першага рэдактара першай беларускай газэты ХХ стагодзьдзя «Наша Доля». У 1939 году як паручнік запасу ён быў прызваны ў войска, а потым трапіў у рукі савецкіх катаў.

У першыя дні вайны загінулі 10 тысяч жаўнераў-беларусаў

У сваёй манаграфіі пра беларусаў у Войску Польскім я назваў прыблізную лічбу — 10 тысяч. Думаю, гэта адпавядае сапраўднасьці. Бо гэтых 10 тысячаў не хапае, калі адняць ад 75 тысяч тых, хто трапіў у савецкі і нямецкі палон.

Дакладную лічбу загінулых выявіць немагчыма, бо не захаваліся крыніцы. Усякія лічбы загінулых у Войску Польскім, незалежна ад нацыянальнасьці, вельмі ўмоўныя.

Ад 1 да 17 верасьня ў Заходняй Беларусі была сытуацыя вакуўму

Ваяводзкая ўправа ў Наваградку, 1930-я
Ваяводзкая ўправа ў Наваградку, 1930-я

8 верасьня нямецкія войскі падышлі да Варшавы. На захадзе і поўначы краіны адбываліся цяжкія баі. 6 верасьня ўрад пачаў эвакуацыю са сталіцы. Маршал Польшчы Эдвард Рыдз-Сьміглы перанёс свой штаб у Берасьце. А пасьля адтуль яны сыходзілі на поўдзень.

Але калі ён апынуўся ў Берасьці, то адразу сапсавалася сувязь паміж цэнтрам і вайсковымі часткамі, якія кватаралі ў гарадох і мястэчках у розных кутках краіны. І мясцовая ўлада мусіла часта дзейнічаць самастойна. Напрыклад, ім высылаюць нейкую дэпэшу, а няма адказу. Або Рыдз-Сьміглы выслаў дэпешу, а яна ня трапіла своечасова на месца.

Ад 1 да 17 верасьня ў Заходняй Беларусі была сытуацыя своеасаблівага вакуўму. Мясцовай уладзе нярэдка самой даводзілася прымаць рашэньні, ня ведаючы ўсяе сытуацыі. Немцы, напрыклад, пусьцілі пагалоску, што яны 9 верасьня здабылі Варшаву (якую, дарэчы, баранілі і беларусы). І Молатаў пасьпяшаўся павіншаваць Рыбэнтропа з гэтай нагоды. А потым аказалася, што гэта няпраўда. І ўявіце, што калі так адбывалася на ўзроўні дзяржаўных кіраўнікоў, то што казаць пра звычайных людзей. Да 17 верасьня польская адміністрацыя ў Заходняй Беларусі яшчэ працавала. Дэструкцыя пачынаецца ўжо пасьля 17-га верасьня.

Беларускія дзеячы бачылі ў вайне шанец на незалежнасьць

Беларускія дзеячы, якія жылі ў міжваеннай Польшчы, рабілі выгляд, што падтрымліваюць польскую дзяржаву. Беларускае асьветнае таварыства ў Варшаве незадоўга да пачатку вайны ўхваліла рэзалюцыю, у якой салідарызавалася зь дзяржавай і заявіла аб жаданьні яе абараняць. У дакумэнце чытаем: «вайна непазьбежная, аднак беларусы як ляяльныя грамадзяне аддадуць свае жыцьці ў абароне межаў Польшчы як сваёй сёньняшняй Айчыны». Але гэтая дэклярацыі была няшчырая. Яны хацелі такім чынам унікнуць рэпрэсіяў, каб іх не чапалі. Рэальныя настроі сярод беларускай інтэлігенцыі былі зусім іншыя.

Увесь незалежніцкі нацыянальны лягер глядзеў на тыя падзеі і ацэньваў іх праз прызму міжваеннага геапалітычнага ладу — «вэрсальска-рыскага», як яны казалі.

Беларускі рух у той час ужо даўно ўвайшоў у незалежніцкую фазу. Усе беларускія дзеячы, і левыя, і правыя, імкнуліся да пабудовы ўласнай нацыянальнай дзяржавы. Яны лічылі, што адбываецца нешта падобнае да І Усясьветнай вайны. Яны ведалі, што беларуская нацыянальная справа ў міжваенны час не існавала на міжнароднай арэне. Вайна была для іх шанцам. Бо ўсім было відавочна, што яна зьнішчае «вэрсальскі лад».

Яны разумелі, што толькі такі ўзброены катаклізм можа нешта зьмяніць. І, магчыма, на карысьць беларускай справы. Настроі, якія напярэдадні пачатку вайны панавалі сярод беларускіх дзеячоў, яскрава адлюстроўваюць словы і думкі Старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.

Яшчэ ўвесну 1939 году гэты немалады дасьведчаны палітык сьцьвярджаў, што, на яго думку, найлепшым выйсьцем для беларусаў ва ўмовах актуальнай міжнароднай сытуацыі было б атрыманьне шырокай аўтаноміі ў межах Польшчы. Аднак з часам ён страціў надзею паразумецца з Варшавай. І чым бліжэй было да пачатку канфлікту, тым штораз больш ён схіляўся ў бок Бэрліну. У адным зь лістоў да паплечнікаў Захарка пісаў, што будучая вайна паставіць беларускае пытаньне на парадак міжнароднай бягучай палітыкі. Захавалася багатае ліставаньне беларускіх дзеячоў, дзе яны не хавалі захапленьня тымі падзеямі, якія адбываліся. Захарка пісаў пасьля 17 верасьня:

Васіль Захарка
Васіль Захарка

«Падзеі ў Заходняй Беларусі? Вітаць іх ці сумаваць над імі? Адным ворагам менш. Можа гэта лепш. Горш тое, што маскаль са сваімі мэтадамі выб’е ўсіх тых, хто ўцячы не пасьпее (...) Кожнаму з нас — беларусаў і ўкраінцаў — павінна быць ясным, што горшага ад таго, што мы маем на сваіх землях цяпер, быць ужо ня можа. Дзеля развалу існуючага статус-кво можна пайсьці хоць з самым чортам. Так, развал прымальны, але што чакае нас пасьля развалу, ніхто ня ведае. (...) Як бы там ні было й што б там ні судзіў лёс у будучыні, але цяпер страх перад Нямеччынай, якім апанаваны нашы ворагі, дапамагае нашай справе. З гэтае прычыны я лічу, што нашыя выступленьні супраць Нямеччыны некарысныя нам самім».

Беларускія дзеячы чакалі, што адныя зьмены прынясуць іншыя зьмены, а яны створаць новую гепалітычную сыстэму, якою Беларусь можа скарыстацца.

Захарка пісаў, што беларусы не павінны плакаць па «вэрсальскай Эўропе», бо яна ім нічога станоўчага не дала.

Праўда, ён перасьцерагаў некаторых паплечнікаў:

«Маючы на ўвазе развал старога і замену яго хоць трохі лепшым новым, можна закрыць вочы шмат на што і сунуцца ў балота, але толькі з той надзеяю, што гэта балота гісторыя абмые. Калі ж ня будзе гэтай надзеі, то лепш ужо сядзець сухім на тым пяску, на якім мы сядзіма».

Гэтыя думкі адлюстроўваюць стан духу ўсяго беларускага нацыянальнага лягеру ў той час. Нават уцякаючы ад Чырвонай арміі пасьля 17 верасьня, некаторыя беларускія дзеячы лічылі, што падзеі на крок прыблізяць іх да ажыцьцяўленьня іхнай галоўнай мэты.

Беларусы нікому ня здрадзілі

17 верасьня ў памяці многіх палякаў запісалася віною беларускіх саўдзельнікаў: маўляў, беларусы віталі бальшавікоў. Але гэта значна больш складаная зьява.

Вёска Гарадзішча на Палесьсі
Вёска Гарадзішча на Палесьсі

Калі ў Беларусь прыйшлі бальшавікі, то здаралася, што іх урачыста сустракалі, ставілі вітальныя брамы, былі хлеб-соль. На жаль, таксама мелі месца брутальныя забойствы і крывавыя лінчы, падчас якіх прадстаўнікі мясцовага жыхарства (пераважна сяляне) забівалі сваіх суседзяў — асаднікаў, чыноўнікаў, паліцыянтаў ці земляўласьнікаў. У агні анархіі і бязладзьдзя гінулі невінаватыя людзі. Дзе-нідзе адбываліся спробы ўзброеных выступленьняў. Але гэта не пераважала.

На маю думку, заходнебеларускае насельніцтва паводзіла сябе пасіўна. Яно было сьведкам падзеяў, зьмены ўлады ў першую чаргу. Людзі проста чакалі, што будзе далей. Яны ўспрымалі гэта не ў нацыянальных ці дзяржаўных катэгорыях, а ў сацыяльна-эканамічных. Асноўнай масай беларускага насельніцтва былі бедныя сяляне, матэрыяльная сытуацыя якіх была вельмі цяжкай.

У палескай хаце
У палескай хаце

Каб зразумець іхныя паводзіны ў той цяжкі і трагічны час, неабходна ўзяць пад увагу ўсе асаблівасьці тагачаснай нацыянальнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў нашым рэгіёне.

На вёсцы ўвесь час адчуваўся зямельны голад. І натуральна, што сялянства хацела палепшыць свой дабрабыт. Людзі сачылі за зьменамі і лічылі, што мо гэтыя зьмены будуць на лепшае. Праўда, ужо праз пару месяцаў савецкай улады запанаваў адчай, людзі расчараваліся. Веды людзей былі невялікія, таму яны проста назіралі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG