Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці бясьпечна дзяліцца дзіцячымі фота? Дар’я Альперн-Каткоўская vs Ганна Севярынец. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота

Ці можа быць небясьпечны так званы sharenting — калі бацькі посьцяць фотаздымкі сваіх дзетак у сацсетках? Пра свой этычны кодэкс што да публікацый пра дзяцей у сацсетках расказваюць вядомыя блогеркі псыхоляг, юрыстка Дар’я Альперн-Каткоўская і настаўніца, пісьменьніца Ганна Севярынец.

Сьцісла

  • Севярынец: Была гутарка зь дзецьмі, што іх маці — публічны чалавек, дзядзька — публічны чалавек, дзядуля і бабуля вядомыя ў пэўных колах. Я сказала, што вы не павінны падстаўляць людзей, якія з вамі ў сувязі.
  • Альперн-Каткоўская: У нас ёсьць хатні мэм, калі сын крычыць: «Я не дазваляю гэта посьціць у Фэйсбук». Паўгода ён зусім не дазваляў мне пісаць пра сябе. Потым пачытаў, паглядзеў і дазволіў.

«Алесю 13 гадоў, і я ня маю права посьціць без ягонага дазволу»

Ганна Соўсь: Даша, неўзабаве дзеткі, фоткі якіх мы бачылі ў сацсетках яшчэ немаўляткамі, вырастуць і могуць выказаць прэтэнзіі бацькам, што яны, магчыма, і не хацелі такой публічнасьці. Я заўсёды з замілаваньнем чытаю твае допісы пра сыноў Алеся і Давіда, гляджу іхнія фоткі ў Фэйсбуку. Ці не атрымліваецца так, што ты парушаеш прыватную прастору сваіх дзяцей?

Дар'я Альперн-Каткоўская з сынамі
Дар'я Альперн-Каткоўская з сынамі

Дар'я Альперн-Каткоўская: Гэтае пытаньне ў кожнай сямʼі вырашаецца па-свойму. У нас ёсьць нейкія правілы, прамоўленыя і непрамоўленыя, згодна зь імі я пошчу фоткі. Алесю 13 гадоў, і я ня маю права посьціць пасты пра яго або фотаздымкі зь ім без ягонага дазволу.

Ганна Соўсь: А наконт Давіда як? Як толькі ён нарадзіўся, мы ўжо яго бачылі на фотаздымках.

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Калі малекула вырасьце і захоча гэта неяк рэгуляваць, я ў гэтым гатовая да дыялёгу.

«Старэйшая дачка забараніла разьмяшчаць ня толькі яе фотаздымкі, але і нейкія гісторыі і фразы»

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: Я знаходжуся пад пэўным уплывам сваіх дзяцей. Старэйшая дачка першая забараніла разьмяшчаць ня толькі яе фотаздымкі, але і нейкія гісторыі і фразы. Я магу нешта запосьціць толькі зь яе дазволу. Так і зь сярэдняй дачкой, і з сынам. Ня тое, што я шмат пошчу іх фотак. Але хочацца... Яны гэтым сапраўды незадаволеныя, таму мы абараняем правы адзін аднаго, і я ніколі не разьмяшчаю фотаздымкаў і згадак пра дзяцей бяз іх дазволу. Кожны мой пост пра іх мае быць імі ўхвалены. Старэйшыя дачка ў сярэдняй ступні строгая, сярэдняя дачка наогул забараняе ўсё. Малы сын яшчэ пакупаецца на колькасьць лайкаў, яму прыемна, ён добразычлівы да сацсетак.

«Жыцьцё можа быць небясьпечным, і ня толькі жыцьцё ў інтэрнэце»

Ганна Соўсь: У нядаўнім артыкуле ў The New York Times прагучалі засьцярогі навукоўцаў, што пэрсанальныя дадзеныя дзяцей у сацсетках могуць быць выкарыстаныя зламысьнікамі, пэдафіламі, у камэрцыйных мэтах, і гэта можна нашкодзіць дзецям. Ці падзяляеце вы гэтыя засьцярогі?

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Я думаю, што жыцьцё можа быць небясьпечным, ня толькі жыцьцё ў інтэрнэце, ня толькі жыцьцё дзяцей, любая справа, калі яе даводзіць да абсурду. Усё можа стаць небясьпечным. Што ад пэдафілаў... Тыя фотаздымкі, якія перасылаюцца бабулі зь дзядулем, не выстаўляюцца ў сеткі. Аголеных дзяцей ці ў нейкіх позах ці сытуацыях, якія могуць быць цікавыя пэдафілам, я не выкладаю. Таксама не думаю, што слушна выкладаць фотаздымкі маленькіх дзяўчынак, якія зрабілі макіяж, якія занадта рана падкрэсьліваюць сэксуальнасьць і робяць на гэта акцэнт.

Што да юрыдычнага аспэкту, то ў Беларусі з гэтым увогуле ўсе сумна, закону аб пэрсанальных дадзеных няма. У прынцыпе няма ніякай нормы, якая б рэгулявала пытаньні, хто мае права на фотаздымак, як асоба можа рэалізоўваць гэтае права, каму яна можа забараняць. Нейкае вельмі размытае рэгуляваньньне ёсьць, яно вынікае зь некалькіх нормаў грамадзянскага кодэксу.

Што тычыцца псыхалягічнага боку, то перад кожным чалавекам, у якога ёсьць сацыяльныя сеткі, паўстае пытаньне што і як посьціць, і ён па вялікім рахунку павінен дасягнуць нейкага міру ў сваёй душы, як яму гэта зручна, колькі для яго дастаткова. Пэўны асяродак таксама стварае нейкую атмасфэру, бо калі, напрыклад, нейкія бабулі вельмі шмат кажуць — не суроч, ня посьці, гэта можа ўплываць на бацькоў.

Але сацыяльныя сеткі — вялікая частка жыцьця. У маіх бацькоў ёсьць сацыяльныя сеткі, у маіх цётак з Воршы і Берасьця ёсьць Фэйсбук, яны пішуць мне нейкія паведамленьні. Я жыву далёка (У Ізраілі — РС). Гэта таксама спосаб падтрымліваць сувязь. Давід бачыць бабулю і дзядулю два месяцы на год, але пры гэтым ён выдатна ведае, як яны выглядаюць, а яны выдатна ведаюць, як ён расьце. Я часам пытаюся маці, чаму мне не званіла. Яна адказвае, што бачыла мой фэйсбук, ведае, што ў мяне ўсё добра, і ніяк не хвалюецца.

«У нас ёсьць хатні мэм: "Я не дазваляю гэта посьціць у Фэйсбук"»

Ганна Соўсь: Давід стаў сапраўднай зоркай Фэйсбуку. Памятаю твой аповед пра тое, як ён бегаў па салёне самалёту... Я сама аднойчы фотку дачкі з сабакам выставіла, не ўзгадніўшы, дык яна мне прэтэнзію выказала і я выдаліла. Бывае так з Алесем?

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Канечне. У нас ёсьць хатні мэм, калі ён крычыць: «Я не дазваляю гэта посьціць у Фэйсбук». Нешта адбываецца дома і ён просіць: «Толькі ня посьці, калі ласка». Яму гэта стала цікава, калі ён стаў актыўным карыстальнікам інтэрнэту ў 10 гадоў. Паўгода ён зусім не дазваляў мне посьціць свае фотаздымкі і пісаць пра сябе. Потым пачытаў, паглядзеў, што і як пішу, і дазволіў.

Ён толькі пачынаў маляваць (зараз вельмі шмат малюе) і ня верыў, што ён добра малюе. А я выставіла фотаздымкі ягоных малюнкаў у Фэйсбук і запыталася, ці яны падабаюцца. Гэта набрала каля 600 лайкаў. Алесь быў вельмі ўражаны і мне здаецца, што гэта было вялікім натхненьнем для яго, каб працягнуць маляваць.

«Небясьпечныя "маміны форумы", дзе выстаўляюць фоткі дзяцей зь нейкімі балячкамі»

Ганна Севярынец: Выстаўляць фотаздымкі дзяцей у сацсетках сапраўды можа быць небясьпечным. Пра гэта трэба ўвесь час думаць. Фэйсбук —прыстойная сацыяльная сетка, але ёсьць «маміны форумы», розныя рэсурсы, дзе дзяцей фоткаюць зь нейкімі балячкамі, і гэта выстаўляюць. Трэба, каб гэта было неяк рэглямэнтавана ўнутры і звонку, каб былі правілы паводзінаў са здымкамі дзяцей. Я цалкам падзяляю гэтую засьцярогу.

Які ваш этычны кодэкс, што тычыцца інфармацыі пра дзяцей у сацсетках?

Ганна Севярынец: Наш этычны кодэкс наступны:

  • Любыя асабістыя дадзеныя, а гэта ня толькі тое, што мы ведаем пра дзяцей, але і тое, што дзеці сказалі, намалявалі, зрабілі, усе што належыць ім, можа быць выкарыстана публічна выключна зь іх дазволу, нягледзячы на тое, колькі ім гадоў.
  • У фотаздымкі, якімі хочацца падзяліцца публічна, ня могуць, нават з дазволу дзяцей, трапіць выявы, якія могуць быць патэнцыйна скарыстаныя ў нейкіх эратычных, парнаграфічных момантах.
  • Калі нехта даў дазвол, а потым забраў яго, то спрэчны пост заўсёды выдаляецца без пытаньняў і скандалаў.
  • Асабістая прастора ў сацыяльных сетках, нягледзячы на тое, што публічная, усё адно асабістая.
  • Дзеці ня маюць права без дазволу сачыць за дзеяньнямі бацькоў у сацсетках. Адпаведна бацькі не маюць права ўплываць на тое, як вядуцца сацыяльныя сеткі дзяцей.

Правілы паводзінаў у сацыяльных сетках абмяркоўваюцца ў школах, на бацькоўскіх сходах. Не памятаю ў якой форме, але да нас, настаўнікаў, было данесена, што мы ня маем права публікаваць фотаздымкі сваіх вучняў, ня маем этычнага права публікаваць фотаздымкі з урокаў, з розных мерапрыемстваў, зь нейкіх нефармальных сустрэчаў зь дзецьмі без дазволу іх саміх, калі дзеці дарослыя, ці іх законных прадстаўнікоў.

Калі вы заўважылі, я ніколі не друкую фотаздымкі сваіх вучняў. А калі я друкую нейкі пост пра «5Б», то звычайна я прашу дазволу ў тых дзяцей, пра якіх згадваю, альбо моцна зьмяняю. Магу і пол героя зьмяніць, бо гэта абарона асабістых момантаў жыцьця.

Ганна Соўсь: Стэйсі Штэйнберг, навуковая супрацоўніца Унівэрсытэту Фларыды, напісала, што правы бацькоў на свабоднае слова і самавыяўленьне супярэчаць правам дзіцяці на прыватнае жыцьцё, калі яны маладыя і ўразьлівыя. «Канфлікт інтарэсаў існуе, бо дзеці могуць аднойчы абурыцца шчыраваньнямі бацькоў, зробленымі шмат гадоў таму», — адзначыла яна. Што вы адкажаце Давіду ці Алесю, калі яны раптам абурацца?

Дар'я Альперн-Каткоўская зь сям'ёй
Дар'я Альперн-Каткоўская зь сям'ёй

Дарʼя Альперн-Каткоўская: Кожнага 1 верасьня мы робім сямейнае сэлфі, калі ідзем у школу ці садок. Я паказваю здымак мужу, які менш прыдзірлівы, і пытаюся, ці можна выстаіць. Ён кажа — канечне. Потым паказваю Алесю, ён кажа — ну ладна. Далей пакаваю Давіду. Нядаўна я выставіла гісторыю пра лужыну, у якой мы захрасьлі з Алесем, і ён гуляў у выжываньне ў лесе. Я запыталася яго дазволу і ён дазволіў. У Алеся ёсьць акаўнт у Інстаграме, дзе ён посьціць свае малюнкі, але мы зь ім не ў сябрах.

Ганна Соўсь: Мой калега Дзіма Гурневіч кажа, што кантралюе Інстаграм сваіх сыноў, правярае іх пасты, хто ў сябрах. Ці ты правяраеш?

Дарʼя Альперн-Каткоўская: У Фэйсбуку нельга да 13 ці да 14 гадоў заводзіць акаўнты. Алесю яшчэ няма 13, у яго няма Фэйсбуку, я не дазволіла гэта. У Інстагарме можна з 11 ці 12 гадоў, і я дазволіла. Калі я яшчэ жыла ў Менску, праводзіла трэнінгі па сеткавай бясьпецы для бацькоў, і Алесь на іх хадзіў, калі яму было каля 8-9 гадоў. Нейкія агульныя правілы, што рабіць, на што зьвяртаць увагу, на што паскардзіцца бацькам, ён ведае. Я бачу, што калі ў яго ёсьць сумневы, ён прыходзіць да мяне параіцца. Кантэнт, які ён глядзіць у інтэрнэце, я не фільтрую Я лічу, што калі ён захоча паглядзець нешта, што мне не падабаецца, ён усё роўна гэта паглядзіць.

Я больш цікаўлюся, што ён глядзіць. Мы разам глядзім розных блогераў. Ён зараз шмат глядзіць англамоўных блогераў. Мне важна жыць у тым сьвеце, у якім жыве ён, і быць здольнай падтрымаць зь ім размову пра тое, чым ён цікавіцца. Ён нас лічыць трошкі дыназаўрамі, дазваляе мне падыходзіць да яго сьвету, але ня моцна цікавіцца маім сьветам.

Ганна Севярынец: У мяне вельмі актыўныя дзеці ў сацсетках. У сярэдняй дачкі вельмі пасьпяховы канал у Інстаграме. Яна прыгожа малюе, стварае цікавыя рэчы. Я прашу яе, дай я парэклямую, напішу, раскажу, пастаўлю нейкі малюнак. Але яна не дазваляе, кажа, што яшчэ не ўсталяваўся свой стыль, а калі ўсталюецца, тады дазволіць. За ўвесь час яна мне дазволіла разьмясьціць толькі два малюнкі зь яе Інстаграм-каналу. У яе шмат падпісчыкаў, яна пасьпяховы інстаграм-блогер.

Старэйшая дачка мае сваю групу ўкантакце, гэта нейкая вострая ўнівэрсытэцкая група. Нават былі нейкія праблемы з адміністрацыяй. Яна са мной не перакрыжоўваецца, не дазваляе рабіць спасылкі. Гэта адбываецца менавіта таму, што яны хочуць адбыцца самі, не як мае дзеці, а як самі. Ільля вельмі любіць глядзець ютуб-блогі. Ён ужо пытаўся ў мяне, ці зможа стаць ютуб-блогерам. Пакуль я саскокваю з гэтага пытаньня. Але калі ён сапраўды вырашыць нешта здымаць і трэба будзе дапамагчы, калі зьвернецца па дапамогу, то я дапамагу, але сама не ініцыюю. Мне падаецца, што гэта не для сямігадовага хлопчыка пакуль што.

«Увага ёсьць. Кантролю няма»

Ганна Соўсь: Ці вы кантралюеце, хто ў дзяцей у сябрах, што посьцяць?

Ганна Севярынец: Увага ёсьць. Кантролю няма. Калісьці была даволі вялікая гутарка са старэйшымі дзецьмі, малому я потым пераказала, што іх маці — публічны чалавек, іх дзядзька — публічны чалавек, іх дзядуля і бабуля вядомыя ў пэўных колах, і яны сваім публічным іміджам працуюць і на імідж іншых. Я ім казала, што яны не павінны падстаўляць людзей. Мне ня сорамна за акаўнты сваіх дзяцей. Каб я іх чытала, ці глядзела — гэта забаронена. Аднойчы я выпадкова пабачыла старонку дачкі (яна на маім кампутары не закрыла) і ўжо яны са мной сурʼёзна гутарылі. Павінна была адразу яе закрыць, а я, канечне, вока ўставіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG