Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамоваў аб крэдыце МВФ ня будзе яшчэ паўтара года, — міністар эканомікі


Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты, архіўнае фота

Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты даў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ, у якім расказаў пра супрацу з рознымі міжнароднымі арганізацыямі. Згадаў ён і Міжнародны валютны фонд.

Паводле Дзьмітрыя Крутога, правіла МВФ — ня весьці перамоваў пра крэдыты або новыя праграмы для дзяржаваў у пэрыяд выбарчых кампаніяў. А ў Беларусі акурат сёлета парлямэнцкія выбары, а налета плянуюцца прэзыдэнцкія.

«Гэта для таго, зразумела, каб не аказваць ніякага палітычнага ціску, — растлумачыў міністар эканомікі. — Таму, думаю, на пэрыяд бліжэйшых году-паўтара мы засяродзімся на клясычных ацэначных місіях. Прадоўжыцца рэалізацыя грантавых і экспэртных пагадненьняў, якія маем у самых розных галінах, але нейкага прарыву што да праграмаў, думаю, чакаць ня варта».

На пытаньне пра магчымы крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця Круты адказаў: перамовы на той жа стадыі, што і год таму, «яны чакаюць падпісаньня праграмы інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй».

Раней міністар фінансаў Максім Ермаловіч казаў, што Беларусь плянуе ў будучыні пашырыць супрацу зь міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, у тым ліку з МВФ. Гаворка аб перамовах, прыпыненых у 2017-м — афіцыйны Менск тады хацеў атрымаць крэдыт у 3,5 млрд даляраў, ды не пагадзіўся з хуткасьцю рэформаў у сацыяльнай сфэры, прапанаванай МВФ, у прыватнасьці — тэмпаў павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

У 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 млрд даляраў дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м — 3,7 млрд.

Як казаў Ермаловіч, 75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць — гэта значыць узяць крэдыты на выплаты крэдытаў. Міністар сьцьвярджаў: «Мы ідзем на новыя рынкі пазык».

25% дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца сплаціць коштам даходаў дзяржаўнага бюджэту. Таксама ўлады плянуюць «выпрацаваць стратэгію», каб фінансаваць дзейнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў без запазычанасьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG