Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу, каб ён стаў адсоткам у статыстыцы забойстваў», — Дзьмітры Плакс расказвае пра сына


Пётра Плакс

2 жніўня на марскім узьбярэжжы ў Швэцыі быў забіты 16-гадовы Пётра Плакс — сын беларускага журналіста і літаратара Дзьмітрыя Плакса. «Я не хачу, каб ён стаў нейкім адсоткам у статыстыцы забойстваў. Я пагадзіўся пагаварыць пра сына таму, што хачу, каб у людзей, якія гэта прачытаюць, засталося ўражаньне пра ягоную асобу» — Дзьмітры Плакс расказвае Свабодзе пра свайго сына.

Гаварыў па-швэдзку, па-расейску, па-беларуску, па-ангельску, па-гішпанску і па-кітайску

Ён нарадзіўся ў Швэцыі, швэдзкая мова была для яго роднай. Да пяці гадоў, калі мы жылі разам зь Вольгай, ягонай маці, я часам размаўляў зь ім па-беларуску. Але калі Пеця зразумеў, што можа толькі са мной гаварыць па-беларуску, цікавасьць крыху стала спадаць. Пэўны час я неяк яго заахвочваў, казаў, што «гэта наша таемная мова, якую іншыя не разумеюць» і гэтак далей...

Пётра са стрыечнай сястрой Настай у Лошыцкім парку ў красавіку 2019 году.
Пётра са стрыечнай сястрой Настай у Лошыцкім парку ў красавіку 2019 году.

Апошнім часам ён вельмі зацікавіўся сваім паходжаньнем. У ліпені быў з маці амаль два тыдні ў Менску. Сустракаўся зь беларускамоўнай стрыечнай сястрой, шмат часу правёў зь ёй, разам езьдзілі арт-сядзібу Каптаруны. Вярнуўся вельмі зацікаўлены беларушчынай.

А літаральна за некалькі дзён да таго, што здарылася, пачуў па швэдзкім радыё паўтор праграмы пра Надзею Кандрусевіч, якая робіць пераклады дзіцячай швэдзкай літаратуры на беларускую мову. Паколькі я быў рэдактарам амаль усіх гэтых перакладаў, кнігі былі ў мяне дома, прычым стаялі ў пакоі сына. Ён прыйшоў і дастаў гэтыя кнігі, стаў распытваць.

Ён хацеў больш актыўна заняцца беларускай мовай. Пеця гаварыў па-швэдзку, па-ангельску, па-руску, трошкі па-беларуску, па-гішпанску і па-кітайску.

Спачатку марыў стаць канцэртным піяністам, а потым псыхолягам

Пётра Плакс
Пётра Плакс

Ён добра граў на піяніна. Цікавіўся біяграфіямі кампазытараў, якія яму падабаліся — Шапэна. Саці ды іншых. Чытаў дзёньнікі і вершы Саці. Любіў клясычную літаратуру, чытаў Дастаеўскага і Чэхава па-швэдзку. Пры гэтым вельмі шмат чытаў спэцыяльнай літаратуры.

Спачатку Пеця марыў стаць канцэртным піяністам, а потым, калі зразумеў, што гэта наўрад ці атрымаецца, бо ён пачаў займацца пазнавата — да піяніна займаўся музыкай на іншым інструмэнце — вырашыў стаць псыхолягам. У яго быў вельмі сур'ёзны падыход да ўсяго, чым ён займаўся. Чытаў клясычныя і сучасныя кнігі па псыхалёгіі — Юнга, Пінкера ды іншых. У яго была здольнасьць факусавацца на тым, што яму цікава. Вельмі хутка навучаўся. Тое, што ў мяне займала гады, ён мог засвоіць за некалькі тыдняў.

Сын цікавіўся тым, якія псыхалягічныя рысы людзі атрымліваюць у спадчыну, а якія ад сацыяльнага асяродзьдзя. Цікавіўся псыхалёгіяй як галіной дасьледаваньня, хацеў быць не практыкуючым псыхолягам, а навукоўцам.

Адразу пабачыў розьніцу паміж паліцыяй у Швэцыі і ў Беларусі

За некалькі дзён да таго, як гэта здарылася, мы зь ім прагульваліся ў нашым раёне. Пётра толькі прыехаў зь Беларусі. У суседні двор заехала паліцэйская машына, і ён зацікавіўся, што здарылася. Я кажу: «Падыдзі і спытай». Ён спыніўся і кажа: «Цікава, што ў Менску нікому ў галаву не прыйшло б зьвярнуцца да міліцыянта з пытаньнем, што здарылася». Ён зразумеў, што ў Менску міліцыянтаў баяцца, а ў Швэцыі паліцыя — гэта дапамога.

Гуляў у кампутэрныя гульні на вельмі добрым узроўні

19 жніўня Пётра мусіў быў пайсьці ў гімназію. У Швэцыі 9-гадовая абавязковая школа, потым былі б тры гады гімназіі. Ён выбраў натуральныя навукі. Пасьля трагедыі ягоныя сябры зь выпускной клясы папрасілі адкрыць школу, якую яны скончылі, каб там сабрацца і згадаць яго. Запрасілі мяне і ягоную маці, маю былую жонку Вольгу. Там было, як кажуць, некалькі соцень чалавек. Я амаль нікога ня ведаў, але ўсе ведалі яго. Тое самае было на пахаваньні, вельмі шмат людзей прыйшло.

Мы жывем у прыгарадзе Стакгольму. Сына тут ведалі, бо ён усім заўжды спрабаваў дапамагчы. Ня тое, што шмат часу бавіў на вуліцы, наадварот дома сядзеў, мог свайго Бэтховэна гадзінамі граць, займацца, кнігі чытаць.

Таксама ён гуляў у кампутарныя гульні ў камандах на вельмі добрым узроўні. Я зараз атрымліваю паведамленьні ад людзей, зь якімі ён гуляў у камандах — гэтыя каманды міжнародныя, бо гульні сеткавыя — нехта ў Шатляндыі, хтосьці ў Індыі ці Канадзе, я ня ведаю дакладна. Але гэта было сапраўднае сяброўства, якое доўжылася 5-6 гадоў, пры гэтым шмат зь кім ён ня бачыўся ніколі.

Ня быў у беларускім сэнсе «сьціплым хлопчыкам»

Ён быў вельмі своеасаблівы хлопец. Любыя бацькі ў такой сытуацыі будуць казаць тое самае, але я проста ведаю, што ў яго было вельмі шмат здольнасьцяў.

Я сам выкладаў і выкладаю часам у розных установах мастацкага кшталту, дзе вялікая канцэнтрацыя надзвычай таленавітай моладзі. Я ведаю такі тып маладых людзей, якія вельмі таленавітыя і працаздольныя. З майго досьведу, яны ў абсалютнай большасьці выпадкаў вельмі эгацэнтрычныя. І гэта не нэгатыўная якасьць, бо яны мусяць быць такімі, каб сябе выразіць. Таму яны часта патрабуюць шмат увагі да сябе. У Пеці гэтага не было зусім. Я больш, бадай, ніколі ня бачыў такога. Ён ня быў у беларускім сэнсе «сьціплым хлопчыкам», ён ведаў, што ён можа, але яму было важна ўсіх вакол сябе падымаць да свайго ўзроўню.

Здымак зроблоены за некалькі дзён да трагедыі
Здымак зроблоены за некалькі дзён да трагедыі

Пеця даволі добра гуляў у баскетбол, я часам выходзіў зь ім гуляць. Ён быў нашмат вышэйшы за мяне, і я яму быў зусім не супернік. Я кажу — ты ўжо добра гуляеш, ці добры кідок атрымаўся, а ён заўжды адказваў, што, так, я гуляю някепска, але каб ты бачыў, як гуляе той ці той хлопец.

Я трохі ў музыцы разьбіраюся. Калі ён граў, скажам, нейкую санату Бэтховэна, і ў яго атрымлівалася, я казаў, што вельмі добра, тэмп роўны, інтанаваньне слушнае. А ён адказваў — ну так, някепска, але каб ты толькі чуў, як мая настаўніца іграе. Так было заўжды. Яму было важна падкрэсьліваць добрыя якасьці іншых людзей, праяўляць іх. Ён быў вельмі чульлівы, але вельмі не любіў сэнтымэнтальнасьці, асабліва ў мастацтве, музыцы.

Дыскутаваў пра палітыку ў твітэры. Падзяляў лібэральныя каштоўнасьці

У дзяцінстве Пеця быў няўседлівым, трымаў шмат увагі. А калі ўвайшоў у падлеткавы ўзрост, усё зьмянілася, стаў вельмі ўседлівым, спакойным, збалянсаваным і сканцэнтраваным. Ніколі ў апошнія гады я ня бачыў яго ў дрэнным настроі, незадаволеным ці неспакойным. Я сам — даволі нэрвовы чалавек, і апошнія гады часта бывала так, што ён выконваў да мяне ролю таты, а не наадварот. Ён мог мяне абняць і сказаць: «Тата, супакойся». Фізычна ён быў большы за мяне, вышэйшы, меў даўжэйшыя рукі, і калі абдымаў, гэта сапраўды супакойвала.

Пеця меў акаўнт у твітэры, любіў дыскутаваць пра палітыку. Ён вельмі цаніў свабоду і лібэральныя каштоўнасьці, востра рэагаваў на розныя недэмакратычныя праявы. Вельмі ганарыўся, чым, што ў выніку нейкай дыскусіі яго забанілі два чалавекі, а сам ён нікога прынцыпова ня баніў. «Я з павагай стаўлюся да любога меркаваньня, нават, калі яго не падзяляю», казаў ён.

Маці: «Ён у Менску ўжо амаль ляцеў»

Пётра разам з маці
Пётра разам з маці

Як згадвае маці Пётры Плакса Вольга, падчас паездкі ў Менск у ліпені яны зайшлі да артапэда, каб вырабіць сьцілкі для абутку. «Зрабілі адбітак ступні, і спэцыялісты вельмі зьдзівіліся. Сказалі, што ўпершыню пабачылі такі адбітак. Аказваецца пры хадзьбе Пётра абапіраўся практычна толькі на пятку. «Ён тады ўжо амаль ляцеў», — гаворыць маці.

  • Падазраваны ў забойстве Пётры Плакса пакутаваў ад сур’ёзнага псыхічнага расстройства, калі ўчыніў забойства. Паводле швэдзкай газэты Dagens Nyheter, гэта вынікае з папярэдняга псыхіятрычнага абсьледаваньня падазраванага. Паводле газэты Expressen, дактары рэкамэндуюць поўнае псыхіятрычнае абсьледаваньне падазраванага.
  • Паводле швэдзкай прэсы, як пракуроры, так і сямʼя ды сябры Пятра Плакса лічаць малаверагодным, што абодва хлопцы — Пётра і падазраваны ў ягоным забойстве — былі ворагамі. Маці Пётры сказала журналістам, што падазраваны ў забойстве быў адным з самых блізкіх сяброў сына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG