Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі забілі сына беларускага пісьменьніка і журналіста Дзьмітрыя Плакса


Дзьмітры Плакс

2 жніўня на марскім узьбярэжжы ў Швэцыі забіты Пётра Плакс — сын беларускага журналіста і літаратара Дзьмітрыя Плакса. Пра гэта ў паведаміў расейскамоўны Twitter-акаўнт «Скандинавская лента». Хлопцу было 16 гадоў.

Як піша мясцовае выданьне Expressen, падлетак забіў Пятра сякерай у камуне Солентуна на поўнач ад Стакгольму — там было абсталяванае месца для купаньня. Пасьля гэтага ён сам патэлефанаваў у паліцыю і прызнаўся ў злачынстве.

Зь цяжкімі пашкоджаньнямі галавы пацярпелы верталётам хуткай дапамогі быў дастаўлены ў лякарню, аднак уратаваць яго не ўдалося.

Дзьмітры Плакс, архіўнае фота
Дзьмітры Плакс, архіўнае фота

«Ён спачатку марыў стаць піяністам-канцэртамайстрам, але потым сказаў, што будзе рабіць кар’еру эвалюцыйнага псыхоляга. Пры гэтым ніколі не пакідаў фартэпіяна, працягваў іграць і браць урокі. — Пётра быў супэрталенавіты: чытаў навуковыя кнігі, яму ўсё было цікава. 19 жніўня павінен быў пайсьці ў школу... Найлепшы хлопец у сьвеце — заўсёды шчасьлівы і з добрым настроем», — расказаў швэдзкім СМІ Дзьмітры Плакс.

Незадоўга да трагедыі Пётра з мамай Вольгай 10 дзён правялі ў Менску. Малады чалавек сустракаўся зь сябрамі і сваякамі, дзяліўся амбітнымі плянамі.

4 жніўня ў школе, дзе вучыўся Пётра Плакс, адбылася мэмарыяльная вечарына яго памяці.

Дзьмітры Плакс — пісьменьнік, перакладчык, журналіст. Нарадзіўся ў Менску. З жонкай Вольгай даўно пераехалі ў Стакгольм, дзе Дзьмітры заснаваў беларускую службу «Радыё Швэцыя». Сябра Саюза пісьменьнікаў Швэцыі і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG