Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Даніі: адносіны з ЗША добрыя, але Грэнляндыя не прадаецца


Грэнляндыя

Прэмʼер-міністар Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн заявіла, што была «зьдзіўленая і расчараваная» рашэньнем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адмовіцца ад заплянаванага на пачатак верасьня візыту ў Данію.

Прэзыдэнт абвясьціў аб адтэрміноўцы візыту напярэдадні з прычыны адмовы дацкіх уладаў абмяркоўваць пытаньне аб магчымай куплі Грэнляндыі Злучанымі Штатамі.

Трамп напісаў у твітэры: «Зыходзячы з камэнтароў прэмʼер-міністра Мэтэ Фрэдэрыксэн, яна не зацікаўлена ў абмеркаваньні куплі Грэнляндыі, я адкладаю на іншы час нашу сустрэчу, якая па пляне павінна была прайсьці праз два тыдні».

Па словах дацкага прэмʼера, рашэньне Трампа не паўплывае на «добрыя» адносіны паміж Капэнгагенам і Вашынгтонам. Пры гэтым яна зноў пацьвердзіла, што Грэнляндыя «не прадаецца».

У апошнія дні крыніцы ў Белым доме ў інтэрвію некалькім СМІ пацьвердзілі цікавасьць Дональда Трампа да куплі Злучанымі Штатамі найбуйнейшай у сьвеце выспы, якая належыць Даніі. У нядзелю сам прэзыдэнт Трамп публічна прызнаў гэта: «Мы — добрыя хаўрусьнікі з Даніяй. Мы абараняем Данію, як мы абараняем значную частку сьвету, у выніку зьявілася гэтая канцэпцыя... Гэта цікава са стратэгічнага пункту гледжаньня».

Трамп закрануў гэтую тэму і ў твітэры, пажартаваўшы на тэму створанага мэму ў сувязі з чуткамі аб плянах куплі Грэнляндыі.

Паведамлялася, што Злучаныя Штаты гатовыя ўзяць на сябе выплату грэнляндзкім аўтаномным уладам 600 мільёнаў даляраў у год на падтрыманьне эканомікі і сацыяльнай сфэры выспы — цяпер гэтыя грошы плаціць Данія. У адказ прэмʼер-міністар Даніі выказала надзею на тое, што прэзыдэнт жартуе, назваўшы гісторыю «абсурднай дыскусіяй».

У Грэнляндыі знаходзіцца самая паўночная ваенна-паветраная база ЗША. Выспа лічыцца стратэгічна важнай у гарантаваньні бясьпекі Паўночнаамэрыканскага кантынэнту тэрыторыяй.

Невядома, ці зьяўлялася першапачаткова пытаньне аб Грэнляндыі адной з тэмаў перамоваў прэзыдэнта Трампа ў Даніі. Падчас сваёй эўрапейскай паездкі ён павінен быў наведаць Польшчу і Данію.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG