Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дацкія палітыкі ў шоку ад пераносу Трампам яго візыту ў Данію


Горад Тасілак, Грэнляндыя

Дацкія палітыкі назвалі абразай адмову прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ад заплянаванага візыту ў Капэнгаген у пачатку верасьня, перадае агенцтва Ritzau.

Агенцтва паведамляе, што ўрад краіны на чале з прэм’еркай Мэтэ Фрэдрыксэн пакуль не выпусьціла афіцыйную заяву з гэтай нагоды, тым ня менш, многія палітыкі зь вядучых партый Даніі раскрытыкавалі Трампа за «адсутнасьць павагі і абразу краіны» і яе каралевы Маргрэтэ II.

Напачатку дацкія палітыкі ўспрынялі навіну пра «куплю Грэнляндыі» з гумарам. Былы прэм’ер Ларс Лёкэ Расмусэн сказаў: «Напэўна, гэта першакрасавіцкі жарт».

«Трамп жыве на іншай плянэце», — напісала ў «Твітэры» дэпутатка парлямэнту і прадстаўніца «Чырвона-зялёнай кааліцыі» Пэрнілэ Скіпэр.

Дэпутат парлямэнту Мортэн Эстэргорд, былы міністар эканомікі краіны, заявіў, што ў гэтым выпадку «рэальнасьць перасягнула фантазіі» і выказаў зьдзіўленьне тым, што ў Вашынгтоне ніхто не сказаў Трампу, што ён ніяк ня можа купіць Грэнляндыю.

«Прэзыдэнт Злучаных Штатаў адклаў візыт у Данію, бо ў яе няма зацілаўленьня абмяркоўваць продаж Грэнляндыі. Гэта жарт? Гэта вельмі абразьліва для жыхароў Грэнляндыі і датчанаў», — заявіла ў «Твітэры» экс-прэм’ерка Даніі Гэле Торнінг-Шміт.

Акрамя таго, былы кіраўнік МЗС краіны, дэпутат парлямэнту ад апазіцыі, Крыстыян Енсэн назваў цяперашнюю сытуацыю дыпляматычным крызісам, а таксама заявіў пра неабходнасьць перабудоўваць адносіны паміж дзьвюма краінамі.

Прадстаўнік Кансэрватыўнай партыі Даніі Расмус Ярлаў таксама ўжыў слова «абраза» ў сваім камэнтары адносна сытуацыі і пацікавіўся ў Трампа, ці ня хоча ён прадаць частку тэрыторыі ЗША, адзначае Ritzau.

Віцэ-прэзыдэнт Дацкай народнай партыі Сорэн Эспэрсэн, які раней называў Трампа «вар’ятам», прапанаваў яму не пераносіць візыт, а зусім скасаваць. «Мы тут занятыя іншымі справамі», — напісаў ён у «Твітэры».

Са свайго боку прадстаўнік дацкай каралеўскай сям’і паведаміў, што навіна пра перанос візыту на нявызначаны тэрмін стала сюрпрызам для манаршых асоб Даніі.

Раней паведамлялася, што Трамп вырашыў адкласьці прызначаную сустрэчу з прэм’ер-міністаркай Даніі Фрэдэрыксэн на нявызначаны тэрмін з прычыны яе нежаданьня абмяркоўваць продаж Грэнляндыі.

Газэта The Wall Street Journal паведамляла са спасылкай на двух памочнікаў прэзыдэнта Трампа, што ён неаднаразова пытаўся ў іх і іншых супрацоўнікаў адміністрацыі аб магчымасьці купіць Грэнляндыю. Адзначаецца, што ён нават папрасіў юрысконсульта Белага дому правесьці прававую экспэртызу праекту.

Інфармацыя аб намерах Трампа выклікала крытыку як у Грэнляндыі, так і ў Даніі. Так, прэм’ер-міністарка Даніі Мэтэ Фрэдэрыксэн падкрэсліла, што лічыць ідэю куплі Грэнляндыі ў Даніі «абсурднай тэмай» і выключыла магчымасьць яе продажу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG