Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп зацікавіўся купляй Грэнляндыі ў Даніі, — СМІ


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абмяркоўваў са сваімі дарадцамі магчымасьць набыцьця Злучанымі Штатамі Грэнляндыі. Пра гэта паведамляе газэта The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы ўнутры Белага дома.

Грэнляндыя зьяўляецца аўтаномнай вобласьцю Даніі. Востраў пераўзыходзіць мацерыковую частку каралеўства тэрыторыяй амаль у 50 разоў, але на ім стала жывуць усяго 56 тысяч чалавек.

Паводле крыніц The Wall Street Journal, Дональд Трамп распытваў дарадцаў, ці могуць ЗША законна набыць Грэнляндыю, зь цікавасьцю слухаў адказы і зьвяртаў асаблівую ўвагу на велізарныя прыродныя рэсурсы і геапалітычнае значэньне разьмешчанай паміж Атлянтычным і Паўночным Ледавітым акіянамі тэрыторыі. Трамп нават зьвяртаўся да юрыстаў Белага дома з просьбай вывучыць прававыя аспэкты магчымага пагадненьня.

У 1867 годзе, калі ЗША купілі ў Расеі Аляску, Дзярждэпартамэнт сур’ёзна вывучаў ідэю набыцьця Грэнляндыі і Ісьляндыі. Да дамовы справа не дайшла. Пасьля Другой сусьветнай вайны, улічваючы стратэгічнае значэньне Грэнляндыі, прэзыдэнт ЗША Гары Трумэн прапанаваў Даніі 100 мільёнаў даляраў за востраў. Капэнгаген адмовіў.

У Грэнляндыі цяпер разьмешчаная самая паўночная вайскова-паветраная база ЗША Туле.

У пачатку верасьня 2019 заплянаваны афіцыйны візыт Трампа ў Данію, аднак абмеркаваньне пытаньня Грэнляндыі, піша The Wall Street Journal, ня ўключанае ў парадак дня.

Цікавасьць Трампа да Грэнляндыі, адзначае The Wall Street Journal, успыхнула пасьля таго, як прэзыдэнт даведаўся, што Капэнгаген мае цяжкасьці з прычыны неабходнасьці фінансаваньня аўтаномнай тэрыторыі ў абʼёме 591 мільёнаў даляраў штогод. Менавіта тады Трамп загарэўся ідэяй куплі Грэнляндыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG