Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскага журналіста, які абразіў Пуціна, звольніла новае кіраўніцтва каналу «Руставі-2»


Офіс тэлекампаніі «Руставі-2» у Тбілісі, ілюстрацыйнае фота
Офіс тэлекампаніі «Руставі-2» у Тбілісі, ілюстрацыйнае фота

Новы генэральны дырэктар грузінскай тэлекампаніі «Руставі-2» Паата Салія заявіў аб звальненьні шэрагу журналістаў. Сярод іх — Георгій Габунія, які ў жывым эфіры абразіў прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Ранейшы гендырэктар грузінскага незалежнага тэлеканалу «Руставі-2» Ніка Гварамія 17 ліпеня быў звольнены са сваёй пасады. Пасьля адстаўкі ён заявіў аб палітычных прычынах свайго звальненьня, і падкрэсьліў, што Ўладзімір Пуцін і кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў «патрабавалі» закрыць тэлеканал.

Гэта адбылося адразу ж пасьля таго, як уладальнікам тэлеканала зноў стаў бізнэсовец Кібар Халвашы. Замест Гвараміі ён прызначыў кіраваць тэлеканалам свайго юрыста Паата Салію.

Журналіст Георгій Габунія быў адхілены ад працы пасьля таго, як у жывым эфіры перадачы «P.S.» 7 ліпеня нецэнзурна аблаяў Уладзіміра Пуціна. Міністэрства замежных справаў Расеі заявіла аб «непрымальнай выхадцы» Габуніі. Журналіста крытыкавалі прэзыдэнтка і прэм’ер-міністар Грузіі.

Журналіст Георгі Габунія падчас выступу
Журналіст Георгі Габунія падчас выступу

Гварамія ў адказ на адхіленьне Габунія заявіў, што расцэньвае заяву прэм'ера краіны як умяшальніцтва ў справы тэлеканалу і спробу цэнзуры. Праз тыдзень пасьля скандалу на тэлеканале зноў афіцыйна зьмянілася кіраўніцтва: цяпер 60% «Руставі-2» аформлены на самога Халвашы, а 40% — на ягоную кампанію «Панарама». Ён доўгі час судзіўся з ранейшымі ўладальнікамі і сьцьвярджаў, што ў 2006 годзе яго нібыта прымусілі прадаць тэлеканал людзям, набліжаным да тагачасных ўладаў.

У лістападзе 2015 году Тбіліскі гарадзкі суд задаволіў ягоную позву і прызнаў угоду незаконнай. Пазьней рашэньне пацьвердзіў і Вярхоўны суд Грузіі. 17 лiпеня 2019 году Эўрапейскі суд па правах чалавека не выявіў парушэньняў у справе тэлекампаніі і зьняў уведзенае ім жа ў 2017 годзе часовае абмежаваньне на выкананьне рашэньня Вярхоўнага суду Грузіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG