Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждума Расеі папросіць санкцыі на грузінскае віно, мінэралку і грошы за зьнявагу Пуціна


Дзяржаўная дума Расеі папросіць урад ўвесьці санкцый супраць Грузіі пасьля нецэнзурных выказваньняў на адрас прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на грузінскім тэлеканале «Руставі-2». Пра гэта заявіў сьпікер ніжняй палаты парлямэнту Вячаслаў Валодзін па выніках пасяджэньня Савету Думы.

Паводле Валодзіна, рашэньне было прынята аднагалосна. Гаворка ідзе пра забарону паставак віна і мінэральнай вады з Грузіі, а таксама забарону грашовых пераводаў паміж Грузіяй і Расеяй.

З прапановай аб санкцыях выступіла фракцыя «Единая Россия». Яго падтрымалі астатнія фракцыі, а таксама думскі камітэт у міжнародных справах. Як заявіў старшыня камітэту Леанід Слуцкі, «трэба рэагаваць максымальна жорстка і біць па руках, каб паўтараць такія рэчы было непанадна як у Грузіі, так і ў любой іншай краіне сьвету».

Грузінскі тэлеканал «Руставі 2» часова прыпыняў вяшчаньне, расказвае радыё «Эхо Кавказа». Вяшчаньне спынілі ўночы на 8 ліпеня, аднавілі зранку.

Пра спыненьне вяшчаньня ў жывым эфіры расказаў дырэктар каналу Ніка Гварамія. Рашэньне ён зьвязаў з радыкальнымі заклікамі на стыхійным мітынгу, які сабраўся пад будынкам тэлекампаніі, і абяцаў аднавіць эфір, «калі будзе гарантаваная бясьпека каналу і супрацоўнікаў».

Вядоўца тэлеканалу Георгі Габунія ў эфіры 7 ліпеня пачаў прамову з таго, што хоча перадаць вялікае прывітаньне «нашаму вялікаму сябру Ўладзіміру Пуціну», некалькі раз мацюкнуўся ў адрас расейскага кіраўніка, затым заявіў, што «на нашай прыгожай зямлі няма месца» такім, як ён, і працягнуў абразьлівую тыраду, якую агучваў на расейскай мове зь ветлівай інтанацыяй.

Такія выказваньні асудзілі прэзыдэнтка Грузіі, прэм’ер-міністар, кіраўнік парлямэнту, мэр сталіцы ды іншыя афіцыйныя асобы краіны, былы прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі, а таксама дырэктар тэлеканалу, які прасіў прабачэньня за супрацоўніка. Міністэрства замежных справаў Грузіі назвала здарэньне «мэтанакіраванай правакацыяй».

Пратэстоўцы на стыхійным мітынгу патрабавалі, каб і журналіст, і генэральны дырэктар пакінулі канал, апошні ж прасіў паліцыю гарантаваць бясьпеку супрацоўнікаў. Мітынг завяршыўся на сьвітанку, але пратэстоўцы абяцалі вярнуцца, калі іхных патрабаваньняў ня выканаюць. На раніцу да патрабаваньняў дадаліся спыненьне вяшчаньня каналу і крымінальная справа за абразьлівыя выказваньні.

8 ліпеня Габунія быў адхілены ад працы на два месяцы.

Што адбываецца ў Грузіі

  • У Грузіі ад 20 чэрвеня трываюць антырасейскія акцыі пратэсту. Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманыя.
  • Дэманстрацыі пачаліся пасьля таго, як дэпутат расейскай Думы камуніст Сяргей Гаўрылаў правёў пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, седзячы на месцы сьпікера парлямэнту Грузіі.
  • Гаўрылаў пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй «незалежнымі дзяржавамі» сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
  • Адно з асноўных патрабаваньняў пратэстоўцаў — адстаўка кіраўніка МУС Гіоргі Гахарыя.
  • Рух самалётаў паміж Расеяй і Грузіяй быў спынены на загад Уладзіміра Пуціна, таксама Расея «выявіла пагаршэньне якасьці грузінскага віна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG