Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які фатэль сядзе Пуцін у Эўропе і ў Беларусі?


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Магілёў, 12 кастрычніка 2018
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, Магілёў, 12 кастрычніка 2018

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) прыняла рашэньне вярнуць Расеі права голасу ў гэтай арганізацыі.

Паўнамоцтвы дэлегацыі расейскага парлямэнту былі абмежаваныя ў адказ на анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе. Расейская дэлегацыя ня ўдзельнічае ў сэсіях асамблеі ад 2016 году. Ад 2017 Расея прыпыніла выплату ўнёскаў у Раду Эўропы.

Якое значэньне мае рашэньне ПАРЭ для эўрапейскай палітыкі і для Беларусі?

Спачатку пра тое, чаму такое рашэньне было прынятае. Паводле правілаў РЭ, калі краіна-чалец арганізацыі не выплачвае свае ўнёскі больш як два гады, павінен быць запушчаны мэханізм выключэньня з арганізацыі. А ў дачыненьні да Расеі гэты тэрмін сканчаўся якраз у канцы чэрвеня. Зь іншага боку, і з Масквы гучалі заявы пра гатоўнасьць Расеі наогул выйсьці з Рады Эўропы.

Калі б Расея выйшла з арганізацыі або арганізацыя была б вымушаная выключыць Расею са сваіх шэрагаў, то зьнік бы адзін зь нешматлікіх каналаў дыялёгу з Масквой. Бэрлін і Парыж не хацелі яго губляць.

Быў і чыста практычны, і пры гэтым цалкам гуманітарны, матыў — калі б Расея апынулася за межамі Рады Эўропы, гэта пазбавіла б расейцаў магчымасьці скардзіцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека (ЭСПЧ). Толькі за апошнія два гады Расея паводле вэрдыктаў ЭСПЧ выплаціла сваім грамадзянам 23 мільёнаў эўра кампэнсацыі.

Наўрад ці вырашальным фактарам стала тое, што Рада Эўропы недалічылася 75 мільёнаў эўра расейскіх унёскаў. Рашэньне прымалася не ў Страсбуры, а ў Бэрліне і Парыжы, для якіх такія сумы — гэта наогул не прадмет абмеркаваньня.

Пастка двухсэнсоўнасьці

Фармальна кажучы, рашэньне большасьці ПАРЭ не зьяўляецца капітуляцыяй. Увялі абмежаваньні для расейскай дэлегацыі, высьветлілася, што вынікаў гэта не дае — абмежаваньні зьнялі. Пазыцыя большасьці ў ПАРЭ адносна расейскай анэксіі Крыму і яе палітыкі на ўсходзе Ўкраіны застаецца нязьменнай.

Аднак сымбалі маюць значэньне, і сымбалічныя саступкі нярэдка цягнуць за сабой працяг. А Расея вельмі ўмела выкарыстоўвае любую двухсэнсоўнасьць і сымбалічныя саступкі.

Вельмі наглядна гэта прадэманстраваў палітычны крызіс у Грузіі, прычынай якога стала тое, што расейскі дэпутат сеў у фатэль сьпікера грузінскага парлямэнту. А як ён наогул змог туды трапіць? Грузінскія ўлады палічылі патрэбным падтрымліваць хоць нейкі дыялёг з Расеяй, хай і ў рамках нейкай няўцямнай міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя. А расейскі дэпутат Сяргей Гаўрылаў — старшыня ў гэтай асамблеі.

Вось яго з калегамі і запрасілі. Для дыялёгу. Пры тым, што Расею разглядаюць у Грузіі як агрэсара ды акупанта і ўлада, і апазыцыя. А тады чаму выклікаў такое абурэньне ўчынак Гаўрылава? Расейскі дэпутат у фатэлі сьпікера — гэта абраза, а расейскія дэпутаты ў будынку грузінскага парлямэнту — гэта не абраза? Дык самі ж запрасілі.

Вось у такую псыхалягічную пастку Расея можа злавіць і ПАРЭ. Вяртаць ці не вяртаць Расеі месца ў ПАРЭ — гэта была справа ПАРЭ. А вось якіх прадстаўнікоў Расеі пасылаць у Страсбур, калі месца вернутае — гэта ўжо справа Расеі. А чаму чальцом дэлегацыі ня можа быць, скажам, дэпутат ад Крыму, напрыклад, Натальля Паклонская? А дэлегаты ад іншых краін будуць яе слухаць — як прадстаўніцу Расеі.

А паколькі эўрапейскія парлямэнтары гатовыя прымаць прадстаўніка Крыму як прадстаўніка Расеі — то ці далёка да адмены санкцый? Наогул кажучы, далёка, але бліжэй, чым у сытуацыі, калі двухсэнсоўнасьці няма. Карыстаючыся шахматнай аналёгіяй, Расея не разьлічвае на кароткую матавую камбінацыю, яна назапашвае выгады, узмацняе сваю пазыцыю. Прычым па розных лініях.

Мэта і сродкі для Рады Эўропы і Расеі

Прыхільнікі вяртаньня расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ гаварылі, што санкцыі, у тым ліку і санкцыі адносна парлямэнцкай дэлегацыі — гэта ня мэта, а сродак. Быў разьлік на тое, што яны паўзьдзейнічаюць на палітыку Крамля. Не паўзьдзейнічалі. Значыць, трэба выкарыстоўваць іншыя інструмэнты.

Не пазбаўлена лёгікі. Але формулу наконт сродкаў і мэтаў можна ўжыць і да расейскай пазыцыі. Для Расеі ўдзел у ПАРЭ — гэта таксама ня мэта, а сродак, інструмэнт. Інструмэнт падвышэньня свайго прэстыжу, але ў яшчэ большай ступені — паглыбленьня расколу Эўропы. Ды няважная для Расеі сама па сабе Рада Эўропы разам зь яго парлямэнцкай асамблеяй.

Але вось эўрапейцы цяпер сварацца ў ПАРЭ з нагоды стаўленьня да Расеі. Магчыма, будуць сварыцца і далей — і краіны з краінамі, і ўнутры краін. А ўдзельнікі расейскай дэлегацыі ў ПАРЭ ўжо парупяцца, каб гэтыя сваркі не сьціхалі.

Стан справаў у Эўропе і без таго ня самы ідылічны. Падліць алею ў агонь звадаў — гэта сама па сабе годная мэта для Масквы, і прычым больш дасягальная, чым посьпех тых, хто гатовы ісьці ёй на саступкі.

У якія «фатэлі» сядала Беларусь

Вельмі павучальна параўнаць цяперашняе вяртаньне Расеі месца ў ПАРЭ і адмену эўрапейскіх санкцый адносна Беларусі ў 2016 годзе. Зь Беларусі зьнялі санкцыі таму што паводзіны Менску ўсё ж крыху зьмяніліся: Беларусь ня ўстала ў адзін вайсковы шыхт з Расеяй адносна Ўкраіны, стала пляцоўкай для мірных перамоваў, вызваліла палітвязьняў. Расейскія ж паводзіны ня тое што не зьмяніліся ў лепшы бок: затрыманьне ўкраінскіх маракоў у Керчанскай затоцы, раздача расейскіх пашпартоў у Данбасе паглыбілі, а не зьмякчылі яе канфлікт з Украінай.

Зрэшты, у чымсьці лёгіка прыхільнікаў зьняцьця санкцый была ў абодвух выпадках падобнай: да кардынальных зьмен санкцыі не прывялі, варта паспрабаваць нешта іншае.

Што тычыцца адмены санкцый у дачыненьні да Беларусі, то можна гаварыць пра іх пэўны станоўчы эфэкт прынамсі на першым этапе і пра пэўнае стрымліваючае ўзьдзеяньне. Некаторы час беларускія ўлады не разганялі масавыя акцыі, крымінальная справа «Белага легіёну» у 2017 годзе скончылася ня так, як справа Плошчы-2010.

Але Беларусь і ня мела, і ня мае такіх магчымасьцяў дэмаралізаваць Эўропу, якія мае Расея. Менск і ня ставіць сабе такую мэту. Гаўрылаў у Тбілісі сеў у фатэль, дзе яго не чакалі. Фігуральна кажучы, ні ў якія «фатэлі» у Эўропе, дзе яе не чакалі, Беларусь не сядала, ніяк не спрабавала злавіць Эўропу ў пастку двухсэнсоўнасьці.

Баюся, што Расея пасьля вяртаньня ёй месца ў ПАРЭ гэта рабіць будзе.

Што дазволена Юпітэру?

Якое значэньне мае для Беларусі рашэньне ПАРЭ адносна Расеі? Гэта маленькая дыпляматычная магчымасьць для Менска ўказаць заходнім партнэрам на пэўную несправядлівасьць у падыходах. У далёкім 1996 годзе быў прыпынены статус Беларусі як адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы.

Гэта рашэньне было своеасаблівымі санкцыямі за вельмі сумнеўны рэфэрэндум, праведзены ў Беларусі. Краіна дагэтуль жыве ў адпаведнасьці з вынікамі таго рэфэрэндуму. Пры гэтым адсутнасьць Беларусі ў Радзе пазбаўляе грамадзянаў Беларусі права зьвяртацца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Санкцыі — ня мэта, а сродак, калі сродак не працуе, яго мяняюць на іншы. Але калі гэта справядліва адносна Расеі, то і адносна Беларусі таксама. Шкада, калі расейцы пазбавяцца магчымасьці скардзіцца ў ЭСПЧ. Але ж шкада і беларусаў, якія такой магчымасьці ніколі ня мелі.

Можна здагадацца, якім будзе адказ Рады Эўропы: а ў Беларусі захоўваецца сьмяротнае пакараньне і выконваюцца сьмяротныя прысуды. Ну, а Расея адабрала ў суседкі кавалак тэрыторыі, што ўсё ж горш. І на гэты конт у большасьці ў ПАРЭ сумневаў якраз няма. Але, магчыма, няма сумневаў і з нагоды справядлівасьці старажытнарымскай прыказкі: што дазволена Юпітэру, не дазволена быку.

І яшчэ адзін урок рашэньня ПАРЭ для Беларусі: «старая Эўропа» ні ў якім разе ня будзе ўмешвацца ў беларуска-расейскі «танец цмокаў» з нагоды інтэграцыі. Як дамовяцца Менск і Масква, да чаго Расея здолее, а да чаго ня здолее прымусіць Беларусь — гэта залежыць толькі ад іх. У самым крайнім выпадку менавіта гранды эўрапейскай палітыкі — Бэрлін і Парыж — усяго толькі выкажуць шкадаваньне, дадаўшы пры гэтым, што Эўропе дыялёг з Расеяй перарываць ня варта.

Калі параўноўваць, то адносіны Беларусі і Расеі — гэта наогул адна вялікая двухсэнсоўнасьць. Саюзная дзяржава — гэта як бы і не дзяржава, але больш, чым проста саюз. І Дзьмітры Мядзьведзеў у сьнежні мінулага году са сваімі інтэграцыйнымі прапановамі таксама ў пэўным сэнсе «сеў у фатэль», у які, на думку беларускага боку, яму ня варта было сядаць. Але дамова ўсё ж ёсьць, хоць і даўняя, і падпісаў яе ад Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Расея ў Беларусі і так сядзіць у многіх фатэлях.

Ну, можа не сядзіць — прысаджваецца. Калі вельмі трэба.

У многія.

Акрамя аднаго.

Пакуль.

Перадрук з парталу TUT. BY

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG