Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінская сьпявачка Ніно Катамадзэ заявіла, што ня будзе больш выступаць у Расеі


Ніно Катамадзэ, Тбілісі, 17 чэрвеня 2017

Грузінская джазавая сьпявачка Ніно Катамадзэ адмовілася выступаць з канцэртамі ў Расеі пасьля пачатку масавых пратэстаў у Грузіі, а таксама падтрымала патрабаваньне пратэстоўцаў аб адстаўцы кіраўніка грузінскага МУС. Сваю заяву яна апублікавала на старонцы ў фэйсбуку.

«Маё маўчаньне не азначае, што мне было што абдумаць і вырашыць, я зь першай сэкунды адчуваю тое, што і кожны з вас, убачыўшы [дэпутата Дзярждумы Сяргея] Гаўрылава ў крэсьле сьпікера [грузінскага парлямэнту]. Расея — акупант, Пуцін — наш агульны вораг», — падае пераклад паста сьпявачкі на расейскую мову выданьне «Грузия Online».

Напярэдадні Катамадзэ выступіла з канцэртам у Маскве на фэстывалі «Усадьба Jazz» у Маскве, што выклікала рэзкую крытыку ў Грузіі. Паводле сьпявачкі, гэта быў найцяжэйшы канцэрт у яе жыцьці, а таксама, што на ім яна абвясьціла аб прыпыненьні сваёй канцэртнай дзейнасьці ў Расеі.

Шматтысячныя пратэсты ў Грузіі пачаліся 20 чэрвеня, пасьля таго, як дэпутат расейскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў, седзячы ў крэсьле сьпікера парлямэнту Грузіі, адкрыў сэсію Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, якая праходзіла ў Тбілісі. Гэта выклікала незадаволенасьць прысутных дэпутатаў. Яны блякавалі трыбуну, не дазволіўшы расейскай дэлегацыі вярнуцца ў залю пасяджэньня. Расейская дэлегацыя пакінула будынак у суправаджэньні аховы. Пасьля гэтага некалькі тысяч чалавек прыйшлі да будынку парлямэнту на знак пратэсту.

Пасьля сутыкненьняў паліцыя ўжыла для разгону гумовыя кулі, сьлезацечны газ і вадамёты. У ноч на 21 чэрвеня разгон мітынгу завяршыўся затрыманьнем 305 чалавек, падчас беспарадкаў пацярпелі ня менш за 240 чалавек, 80 зь іх — паліцыянты.

21 чэрвеня пасьля масавых пратэстаў у Тбілісі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін часова забараніў расейскім авіякампаніям палёты ў Грузію ад пачатку ліпеня, разам з тым ён не ўдакладніў, да якога дня будзе дзейнічаць забарона. Расспажыўнагляд пазьней заявіў аб неадпаведнасьці стандартам якасьці грузінскага віна і забараніў да ўвозу прадукт некалькіх вытворцаў.

«Настоящее Время»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG