Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ня будзе ўводзіць санкцыі супраць Грузіі: «Ці мала хто што ляпнуў»


Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у аўторак, што ня мае намеру ўводзіць новыя санкцыі супраць Грузіі ў сувязі з сытуацыяй вакол абразьлівых выказваньняў журналіста Георгія Габуніі на ягоны адрас на тэлеканале «Руставі-2».

«Ці мала хто што ляпнуў», — сказаў Пуцін пра выступ, адзначыўшы, што ня хоча новых санкцыяў на знак павагі да грузінскага народу.

Дзярждума Расеі раней у аўторак прыняла заяву, якая рэкамэндуе ўраду разгледзець пытаньне мэтазгоднасьці прымяненьня ў дачыненьні да Грузіі адмысловых эканамічных захадаў. Гаворка можа ісьці, у прыватнасьці, аб забароне імпарту грузінскага віна і мінэральнай вады, а таксама аб замарозцы грашовых пераводаў з Расеі ў Грузію.

Гучаць і больш радыкальныя заклікі. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што калі Грузія на працягу трох дзён не папросіць прабачэньня, мяжу зь ёй неабходна перакрыць.

МЗС Расеі раней рэзка асудзіў выступ Габуніі, але ў той жа час адзначыў, што ўлады Грузіі адмежаваліся ад яго.

Прэзыдэнт Грузіі Саломэ Зурабішвілі на брыфінгу ў аўторак заклікала Расею ўстрымацца ад эскаляцыі канфлікту. Яна пацьвердзіла сваю ацэнку таго, што здарылася, назваўшы гэта «правакацыяй». Адказнасьць за яе яна ўсклала на «радыкальныя сілы». Кажучы пра Расею, прэзыдэнт Грузіі заўважыла: «Будзе парадаксальна, калі суседняя краіна адкажа на правакацыю, як яна сама называе, „радыкальных сіл“ і гэтым будзе садзейнічаць іх дэструктыўным мэтам». Па словах Зурабішвілі, Грузія прыхільная мірнай палітыцы. Яна падкрэсьліла, што, нягледзячы на абвастрэньне ўнутрыпалітычнай абстаноўкі, у Грузіі не зафіксавана ніводнага інцыдэнту, які б пагражаў бясьпецы замежных турыстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG