Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі тэлежурналіст за абразу Пуціна адхілены ад эфіру на два месяцы


Журналіст Георгі Габунія падчас выступу
Журналіст Георгі Габунія падчас выступу

Грузінскі апазыцыйны тэлеканал Rustavi-2 адхіліў ад працы на два месяцы журналіста Георгія Габунія ў сувязі зь яго абразьлівым для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна выступам на расейскай мове.

Раней 8 ліпеня тэлеканал Rustavi-2 спыніў вяшчаньне на шэсьць гадзін — у адказ на патрабаваньні сотняў пратэстоўцаў, якія асудзілі грубую нецэнзурную лексыку на адрас прэзыдэнта Расеі, што прагучала ў жывым эфіры. Акцыі ў Тбілісі працягваюцца, удзельнікі акцый патрабуюць адстаўкі Георгія Габунія і кіраўніка тэлеканала Rustavi-2.

Вядоўцам праграмы Postscript на канале вядоўцам праграмы Postscript Георгі Габунія падчас выступу сказаў, што хоча перадаць вялікае прывітаньне «нашаму вялікаму сябру Ўладзіміру Пуціну», некалькі раз мацюкнуўся ў адрас расейскага кіраўніка, затым заявіў, што «на нашай прыгожай зямлі няма месца» такім, як ён, і працягнуў абразьлівую тыраду, якую агучваў на расейскай мове зь ветлівай інтанацыяй.

Такія выказваньні асудзілі прэзыдэнтка Грузіі, прэм’ер-міністар, кіраўнік парлямэнту, мэр сталіцы ды іншыя афіцыйныя асобы краіны, былы прэзыдэнт Міхэіл Саакашвілі, а таксама дырэктар тэлеканалу, які прасіў прабачэньня за супрацоўніка. Міністэрства замежных справаў Грузіі назвала здарэньне «мэтанакіраванай правакацыяй».

Пратэстоўцы на стыхійным мітынгу патрабавалі, каб і журналіст, і генэральны дырэктар пакінулі канал, апошні ж прасіў паліцыю гарантаваць бясьпеку супрацоўнікаў. Мітынг завяршыўся на сьвітанку, але пратэстоўцы абяцалі вярнуцца, калі іхных патрабаваньняў ня выканаюць. На раніцу да патрабаваньняў дадаліся спыненьне вяшчаньня каналу і крымінальная справа за абразьлівыя выказваньні.

Што адбываецца ў Грузіі

  • У Грузіі ад 20 чэрвеня трываюць антырасейскія акцыі пратэсту. Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманыя.
  • Дэманстрацыі пачаліся пасьля таго, як дэпутат расейскай Думы камуніст Сяргей Гаўрылаў правёў пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, седзячы на месцы сьпікера парлямэнту Грузіі.
  • Гаўрылаў пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй «незалежнымі дзяржавамі» сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
  • Адно з асноўных патрабаваньняў пратэстоўцаў — адстаўка кіраўніка МУС Гіоргі Гахарыя.
  • Рух самалётаў паміж Расеяй і Грузіяй быў спынены на загад Уладзіміра Пуціна, таксама Расея «выявіла пагаршэньне якасьці грузінскага віна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG