Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць праўда ў спрэчках пра гісторыю?


Пантэон, Парыж

Беларускія спрэчкі пра Касьцюшку — наколькі яны ў сусьветным кантэксьце, ад амэрыканскіх спрэчак пра генэрала Лі да ўкраінскіх спрэчак пра Жукава? Ці ёсьць такія спрэчкі сьведчаньнем недабудаванасьці нацыяў? Ці магчымыя кампрамісы ў войнах за ідэнтычнасьць?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды: беларускай службы — Віталь Цыганкоў, расейскай службы — Яраслаў Шымаў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Касьцюшка паміж генэралам Лі і Бандэрам

Дракахруст: Цяперашняя беларуская спрэчка пра тое, ці беларускі герой Тадэвуш Касьцюшка, вельмі нагадвае такія ж войны за ідэнтычнасьць шмат у якіх краінах, практычна па ўсім сьвеце.

У ЗША генэрал Поўдня Лі — герой ці злачынца? У Польшчы — Буры-Райс, гонар Польшчы ці забойца цывільных беларусаў? У Літве Нарэйка — герой альбо забойца габрэяў? Ва Ўкраіне мы бачым, так бы мовіць, змаганьне Жукава з Бандэрам у назвах вуліц і ў мэмарыяльных шыльдах. У Расеі можна прыгадаць жарсьці вакол памятнай шыльды Манэргейму ў Санкт-Пецярбургу.

Беларуская спрэчка — наш ці ня наш Касьцюшка — яна такая ж, пра тое ж, пра што і ўсе іншыя мной пералічаныя? Ці ёсьць нейкая асаблівасьць?

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў

Шымаў: Асаблівасьці заўсёды ёсьць, краіны непадобныя адна на адну. Але ўсе гэтыя спрэчкі маюць адзін падмурак — імкненьне выкарыстаць гісторыю як інструмэнт бягучай палітыкі, бягучай палітычнай барацьбы.

А здаецца, што змагаюцца гістарычныя наратывы. У адным зь іх Робэрт Лі — герой, у другім — злачынца.

Цыганкоў: Калісьці нехта трапна сказаў, што СССР — краіна зь непрадказальным мінулым. Але аказалася, што гэта тычыцца ня толькі СССР і Расеі.

Мы мяркуем, што гэта ўласьціва толькі нашаму рэгіёну, насамрэч гэта ўласьціва многім. Мы бачым, як Грэцыя з Македоніяй змагаліся за назву, спасылаючыся на падзеі, што адбыліся некалькі тысячагодзьдзяў таму.

Пасьля распаду СССР кожная новая краіна, былая рэспубліка Савецкага Саюзу, пачала асэнсоўваць сваё мінулае, каб знайсьці агульныя рэчы, якія маглі б аб’ядноўваць нацыю.

У нас праз слабасьць нацыянальнай самасьвядомасьці пытаньне стаіць востра — наш ці ня наш. У іншых краінах часьцей дылема — герой ці злачынца.

Час недабудаваных нацыяў

Дракахруст: Некаторыя кажуць, што беларусы, маўляў, недабудаваная нацыя. Таму, маўляў, і спрачаюцца па тых пытаньнях, якія для іншых, дабудаваных нацыяў, даўно вырашаныя: у беларусаў нават два сьцягі і некалькі дзён незалежнасьці. Але, як бачым, згоды няма і ў ЗША, і ў Польшчы, і ў Літве, і ва Ўкраіне. Яны ўсе таксама — недабудаваныя? Ці і беларусы насамрэч цалкам сабе дабудаваныя? Ці час такі цяпер — дабудоўваюцца ўсе?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Іншыя нацыі дабудаваныя, проста мяняюцца канцэпцыі нацыі. Хай бы толькі Лі, але ўжо нават Вашынгтона і Калюмба некаторыя ставяць пад сумнеў.

А беларусы — нацыя маладая і сапраўды недабудаваная. У нас ад Машэрава да Касьцюшкі згоды няма.

У літоўцаў іншая стаўленьне — яны лічаць сваімі ўсіх, хто меў нават ускоснае дачыненьне да ВКЛ. Каліноўскі ў іх Калінаўскас.
У Беларусі такога стаўленьня няма.

Шымаў: Гэта шмат дзе адбываецца, але чым маладзейшая нацыя, тым больш вострымі гэтыя спрэчкі падаюцца. І тым мацнейшыя моманты анахранізму. Кожная нацыя хоча абапірацца на карані, якія сыходзяць у сівую даўніну, ажно да Ноевага каўчэгу.

І адбываецца, як той казаў, нацягваньне савы на глёбус.

У маім разуменьні Касьцюшка і не беларус, і не паляк. Ён ваяваў за Рэч Паспалітую, за дзяржаву, якая яшчэ не была нацыянальнай.

Уся гэтая спрэчка выглядае як пошук міту, каб прывязаць яго да зьявы, якая ўзьнікла значна пазьней.

Хто мае рацыю ў войнах за ідэнтычнасьць?

Дракахруст: У гэтых войнах за ідэнтычнасьць — ці ёсьць у іх бок, які мае рацыю? Гэтыя войны заўсёды шчыльна зьнітаваныя з палітыкай. У той жа Амэрыцы за захаваньне помніку Лі — як правіла правыя, за тое, каб яго прыбраць — левыя. Дык а для ісьціны, для гістарычнай праўды тут і месца няма? Ці ў Амэрыцы ёсьць, а ў Беларусі няма? Ці наадварот? Ці нідзе няма?

Сутычка прыхільнікаў і праціўнікаў помніку Робэрту Лі ў Шарлатсьвілі (ЗША), 11 жніўня 2017
Сутычка прыхільнікаў і праціўнікаў помніку Робэрту Лі ў Шарлатсьвілі (ЗША), 11 жніўня 2017

Шымаў: Я салідарны з сучасным украінскім гісторыкам Георгіем Касьянавым. Ён у сваёй нядаўняй кнізе вызначае тры віды гісторыі. Першы — гэта гісторыя як навука, дзе ёсьць інструмэнтарый. Але яна не прадугледжвае ідэалягічнага падыходу, яна прадугледжвае аналіз фактаў.

Кожны гісторык да пэўнай ступені субʼектыўны, але ў вызначэньні правых і вінаватых ён далёка ня сыйдзе ад іншых гісторыкаў. І гісторыку ня трэба казаць пра Аўшвіц ці Калыму, што гэта было жахліва. Гэта вынікае з сухога апісаньня фактаў і дакумэнтаў.

Другі від — гэта гісторыя дыдактычная. Гэта клясычная гісторыя «настаўніца жыцьця». Калі нехта хоча вучыцца нечаму ад гісторыі, ён абавязкова навучыцца.

І трэці від — гэта ідэалягізаваная гісторыя, дзе вельмі актыўна ідзе падзел на тых, хто меў і хто ня меў рацыю, у залежнасьці ад таго, на службе якога палітычнага праекту знаходзіцца такі папулярызатар і нават прапагандыст.

Цыганкоў: Для шырокіх народных масаў важны толькі трэці від гісторыі паводле Касьянава — ідэалягізаваная, палітызаваная гісторыя.
Менавіта такую гісторыю большасьць людзей атрымлівае са школьных падручнікаў.

І я ня думаю, што гэтага можна пазьбегнуць. Калі стаіць пытаньне пра пагрозу беларускай незалежнасьці (ці мы думаем, што стаіць такое пытаньне), то абвастраецца запыт да той часткі гісторыі, якая падкрэсьлівае імкненьне да незалежнасьці ад Полацкага княства да БНР.

Ці магчымыя кампрамісы ў войнах за ідэнтычнасьць?

Дракахруст: У палітыцы кампрамісы магчымыя. У нейкай краіне правыя за тое, каб скараціць падаткі, левыя — каб павялічыць. У выніку праз дыялёг дамаўляюцца, скажам, падвысіць, але не настолькі, як хацелі левыя. Ці зьнізіць, але не настолькі, як прагнулі правыя. Ці наагул не мяняць і не чапаць ліха.

Але ці магчымыя кампрамісы ў войнах за ідэнтычнасьць? Касьцюшка ці герой для Беларусі, ці не герой. Помнік Лі ў Шарлатсьвілі ці ёсьць, ці яго няма. Пакінуць палову помніка — гэта ж не кампраміс. Дык войны за ідэнтычнасьць — гэта войны на зьнішчэньне, да поўнай перамогі?

Адкрыцьцё помніка Тадэўшу Касьцюшку ў Марачоўшчыне, 12 траўня 2018
Адкрыцьцё помніка Тадэўшу Касьцюшку ў Марачоўшчыне, 12 траўня 2018

Цыганкоў: На мой погляд у нашай гісторыі павінна быць месца ўсім — і Вітаўту, і Касьцюшку, і Машэраву. Можна ставіцца крытычна да пэўных пэрыядаў гісторыі, але не выключаць іх зь беларускага гістарычнага наратыву, не выключаць яго пэрсанажаў з нацыянальнага Пантэону.

Я за мірнае пагадненьне ў гэтай вайне за ідэнтычнасьць. Мой адказ — максымальная інклюзіўнасьць.

Шымаў: Вырашае таксама гісторыя, толькі ня даўняя, а бягучая, сучасная, якую мы ствараем штодзень.

Тое, што прапануе Віталь, мне вельмі сымпатычна. Але ў рэальнасьці гэты сынтэтычны варыянт рэдка рэалізуецца. І нават гэты варыянт прадугледжвае падзел на «авечак і казлоў».

Умоўна кажучы, камэндант Аўшвіцу ня будзе ўключаны ў нямецкі Пантэон, нават калі б ён перад гэтым пакрыў сябе бесьсьмяротнай славай на полі бою (ён не пакрыў, але і ў гэтым выпадку ён бы ня трапіў у Пантэон).

Сынтэз магчымы значна пазьней пасьля разгару войнаў за ідэнтычнасьць на зьнішчэньне. Як выбудоўваўся гістарычны Пантэон Францыі. Там іх было два канкуруючых, адзін — заснаваны на рэспубліканскіх прынцыпах, другі — на дзяржаўнай традыцыі, у пэўнай ступені — на манархічнай традыцыі, і на каталіцызьме. Сынтэзавалася гэта толькі ў другой палове ХХ стагодзьдзя. Шарль Дэ Голь вельмі шмат зрабіў, каб сынтэзаваць гэтыя два Пантэоны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG