Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд скасаваў перайменаваньне вуліц у Кіеве ў гонар Бандэры і Шухевіча


Суд у Кіеве скасаваў рашэньне аб перайменаваньні Маскоўскага праспэкта і праспэкта генэрала Ватуціна ў праспэкты Сьцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча.

Пра гэта паведаміў дырэктар Інстытуту нацыянальнай памяці Ўкраіны Ўладзімір Вятровіч. Поўны тэкст з матывацыяй будзе празь пяць дзён. Пасьля гэтага прыхільнікі перайменаваньня будуць падаваць апэляцыю, напісаў ён у твітэры.

Улады Кіева маюць намер падаць апэляцыю на рашэньне суду, які скасаваў перайменаваньне. «Рэваншу ня будзе! Гаворка ідзе пра зьмены ў рамках дэкамунізацыі старых назваў праспэктаў Маскоўскага і Ватуціна», — напісаў у фэйсбуку мэр Кіева Віталій Клічко. Ён таксама дадаў, што гарадзкая рада Кіева на бліжэйшай сэсіі паўторна прыме рашэньне аб перайменаваньні праспэктаў генэрала Ватуціна і Маскоўскага.

Гарадзкая рада Кіева прыняла рашэньне аб перайменаваньні праспэкта, названага ў гонар савецкага генэрала Ватуціна імем Рамана Шухевіча — лідэра Ўкраінскай паўстанцкай арміі — у чэрвені 2017. Годам раней быў перайменаваны Маскоўскі праспэкт. Яго назвалі імем Сьцяпана Бандэры — аднаго з ідэолягаў украінскага нацыяналістычнага руху XX стагодзьдзя. Яго абвінавачваюць у дачыненьні да этнічных чыстак на захадзе Ўкраіны. У 1959 годзе ён быў забіты ў Мюнхэне агентам КДБ Багданам Сташынскім.

Ва Ўкраіне ад 2015 году дзейнічае закон аб дэкамунізацыі. Акрамя забароны на выкарыстаньне савецкай сымболікі дакумэнт таксама зьмяшчае прадпісаньне аб дэмантажы помнікаў камуністычным дзеячам і перайменаваньні названых у іх гонар населеных пунктаў і вуліц. За чатыры гады ў рамках гэтага закону былі дэмантаваныя больш за 2 тысячы помнікаў, перайменаваныя 32 гарады, 955 населеных пунктаў і 52 тысячы вуліц, якія насілі імёны савецкіх дзяржаўных дзеячаў.

19 чэрвеня гарадзкая рада Харкава прагаласавала за вяртаньне цэнтральнаму праспэкту горада імя савецкага маршала Георгія Жукава. Ён быў перайменаваны ў 2016 годзе ў гонар народжанага ва Ўкраіне савецкага генэрала, а пазьней дысыдэнта Пятра Грыгарэнкі. Дэпутаты лічаць, што імя Жукава не падпадае пад закон аб дэкамунізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG