Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22-гадоваму студэнту з Масквы пагражае да 15 гадоў турмы. Хто такі Ягор Жукаў?


Ягор Жукаў у судзе, 15 жніўня 2019

Студэнта маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі Ягора Жукава абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і кіраваньні імі падчас несанкцыянаванага пратэсту 27 ліпеня 2019 году ў цэнтры Масквы. Яму нібыта пагражае зьняволеньне да 15 гадоў.

«Рабіў жэсты направа»

У ноч на 2 жніўня у Ягора Жукава, студэнта 4-га курсу дэпартамэнту палітычнай навукі Вышэйшай школы эканомікі прайшлі ператрусы, пасьля якіх яго арыштавалі на два месяцы. У матэрыялах справы згадваецца нейкі відэазапіс, на якім ён «рабіў жэсты направа» і такім чынам нібыта кіраваў натоўпам падчас пратэсту 27 ліпеня. 28 ліпеня Жукаву споўніліся 22 гады.

Паводле Рубена Маркар’яна з Грамадзкай рады пры Міністэрстве юстыцыі Расеі, Жукаву пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Жукаў адмаўляе сваю віну

Ягор Жукаў 15 жніўня, па відэасувязі са сьледчага ізалятару, удзельнічаў у судовым паседжаньні Маскоўскага гарадзкога суду адносна свайго арышту. Ён падкрэсьліў, што 27 ліпеня не рабіў таго, у чым яго абвінавачваюць.

«Я нічога не падпальваў і ня граміў у той дзень, я не нападаў на супрацоўнікаў Расгвардыі і паліцыі ў той дзень, я не зрабіў ніякага гвалту ні ў той дзень, ні ў нейкі іншы, таму што гвалт супраць сіл аўтарытарнага рэжыму — мера неэфэктыўная, я глыбока ў гэта веру», — сказаў ён.

За Жукава паручыліся больш за 600 чалавек, у тым ліку прарэктар Вышэйшай школы эканомікі Валерыя Касамара. Таксама больш за 300 выкладчыкаў школы падпісаліся пад лістом у суд, у якім ахарактарызавалі студэнта як «законапаслухмянага і прыстойнага грамадзяніна» і заклікалі Сьледчы камітэт спыніць крымінальную справу супраць Жукава ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства.

Музыкант Oxxxymiron быў гатовы ўнесьці заклад за Жукава ў памеры 2 мільёнаў рублёў. Маскоўскі гарадзкі суд пакінуў Ягора Жукава ў сьледчым ізалятары.

Слуханьне справы Ягора Жукава ў судзе
Слуханьне справы Ягора Жукава ў судзе

«Расея немінуча імкнецца да свабоды»

Выступаючы па відэасувязі перад Маскоўскім гарадзкім судом, Жукаў сказаў сярод іншага:

«…Хачу падзякаваць прадстаўнікам нашай улады за той вялізарны аб’ём працы, які яны выконваюць кожны дзень па дыскрэдытацыі саміх сябе. Складана знайсьці каго-небудзь, хто мацней спрыяе павелічэньню колькасьці прыхільнікаў апазыцыі, чым расейская ўлада. Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў Маскве, ды і ў краіне ў цэлым — Расея немінуча імкнецца да свабоды. Не ведаю, ці стану свабодным я, але яна дакладна стане».

Палітычны блогер

Да свайго арышту Ягор Жукаў вёў палітычны «Блог Жукава» на YouTube. У апошнім відэа, апублікаваным напярэдадні затрыманьня, ён гаварыў пра акцыю 27 ліпеня і ператрусы, затрыманьні і крымінальныя справы, якія яе суправаджалі. Ён назваў гэтыя падзеі «палітычнымі рэпрэсіямі» і «татальным яднаньнем сілавікоў».

«Блог Жукава», заснаваны ў 2014 годзе, мае больш за 123 тысячы падпісчыкаў.

Прытрымліваецца лібэртарыянскіх поглядаў

У інтэрвію студэнцкаму інтэрнэт-выданьню TheVyshka летась Ягор Жукаў сказаў:

«Найбольш папулярная вэрсія лібэртарыянства заснаваная на прынцыпе самапрыналежнасьці, то бок ідэі пра тое, што чалавеку належыць поўнае права на яго цела. З гэтага выцякаюць і асноўныя прынцыпы: недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці, забарона на гвалт. Я структураваў свае погляды і магу сказаць, што цяпер падтрымліваю лібэртарыянства на ўтылітарысцкіх падставах, а не натуральна-прававых».

Затрыманьні 27 ліпеня ў Маскве
Затрыманьні 27 ліпеня ў Маскве

Сымпатызуе Трампу

У згаданым інтэрвію выданьню TheVyshka Ягор Жукаў таксама сказаў:

«З расейскіх палітыкаў я нікому цяпер, мабыць, не сымпатызую. Што тычыцца заходніх палітыкаў, то тут мне ў некаторай ступені імпануюць Рэнд Пол [сэнатар-рэспубліканец ад штату Кентакі — РС], Тэд Круз [сэнатар-рэспубліканец ад штату Тэхас — РС] і, зь вялікай нацяжкай, Дональд Трамп. Вось толькі нядаўна апошні зьнізіў карпаратыўны падатак з 39 адсоткаў да 21 — вельмі лібэртарыянская мера.

У прынцыпе я, можа быць, нават прагаласаваў бы за яго, калі б я быў амэрыканцам, таму што, па-першае, відаць яго імкненьне дэрэгуляваць амэрыканскую эканоміку, а, па-другое, ён не падтрымлівае фінансаваньне пазытыўнай дыскрымінацыі і іншых левых мераў, якія так любіў Абама. Аднак і Пол, і Круз, і Трамп нэгатыўна ставяцца да абортаў і ЛГБТ, што, вядома, ня можа не засмучаць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG