Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзяўчыну, якую на акцыі ў Маскве ўдарыў амапавец, завялі справу


Дар'я Сасноўская падчас затрыманьня 10 жніўня

Актывістцы Дар’і Сасноўской, якую выцялі па жываце падчас затрыманьня на ўзгодненым мітынгу 10 жніўня, пагражаюць абавязковыя работы за парушэньне парадку правядзеньня сходу. Пра гэта ТАСС паведаміла яе адвакатка Тацьцяна Малаканова.

«У дачыненьні маёй кліенткі складзены пратакол паводле ч. 5 арт. 20.2 („парушэньне ўдзельнікам публічнай акцыі вызначанага парадку правядзеньня сходу, мітынгу, дэманстрацыі, шэсьця або пікетаваньня“), ёй пагражае штраф да 20 тысяч рублёў або абавязковыя работы да 40 гадзін», — сказала адвакатка.

Паводле яе, мэдыкі падазраюць у дзяўчыны траўму галаўнога мозгу.

«Лекарам неабходна правесьці дыягностыку, бо ўчора Сасноўская скардзілася на галаўныя болі. Ёсьць падазрэньні, што ў яе ўдар галаўнога мозгу», — сказала абаронца.

Згодна з мэдыцынскім дакумэнтамі, зь якімі азнаёміўся карэспандэнт ТАСС, у Сасноўской зафіксаваны ўдары мяккіх тканак галавы і грудной клеткі.

Акцыі пратэсту ў Маскве праходзяць з 14 ліпеня, іх удзельнікі патрабуюць дапусьціць да выбараў у Маскоўскую гарадзскую думу незалежных кандыдатаў, сабраныя якімі подпісы выбаркам палічыў несапраўднымі. На акцыях 27 ліпеня, 3 і 10 жніўня пратэстоўцаў зьбівалі і затрымлівалі супрацоўнікі Расгвардыі і АМАПу. 10 жніўня на акцыях, якія праходзілі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Растове-на-Доне і Бранску, затрымана агулам 325 чалавек. Падчас папярэдняй акцыі затрымалі больш за тысячу чалавек.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб масавых беспарадках 27 ліпеня, у межах якой прад’явіў абвінавачаньне 14 фігурантам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG