Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каровы як індыкатар грамадзкага здароўя пры Лукашэнку


Ілюстрацыйнае фота

Падчас цяперашняй паездкі Аляксандра Лукашэнкі па рэгіёнах мы даведаліся шмат цікавага пра стан сельскай гаспадаркі. Ня тое каб мы пра гэта зусім ня ведалі. Але ўражвае маштаб.

Сьцісла:

  • Падчас паездкі Лукашэнкі па Магілёўшчыне высьветлілася, што ў сельскай мясцовасьці людзі крадуць паўсюль і ў масавым маштабе.
  • У Старадароскім раёне Лукашэнку далажылі, што жывёла масава гіне.
  • Гэта сьведчыць пра тое, што калі няма гаспадара, то ўсе навуковыя дасягненьні амаль не ўплываюць на стан рэчаў у аграрнай галіне.
  • Такую сытуацыю можна лічыць прысудам калгасна-саўгаснаму ладу, аграрнай палітыцы Лукашэнкі.

Спачатку падчас наведваньня Касьцюковічаў кіраўнік дзяржавы расказаў пра маштабы крадзяжу ў аграрным сэктары:

«Расхлябанасьць насельніцтва надзвычайная... Крадзеж квітнее. Мне нават сорамна як прэзыдэнту пра гэта гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызэльнага паліва і бэнзіну. Нядаўна выявілі: проста з поля збожжа вязуць дадому. Знахабіліся да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы выкарчуем з коранем».

90 гадоў калгаснага ладу, у тым ліку чвэрць стагодзьдзя лукашэнкаўскага кіраваньня — ня выкаранілі. Наадварот, зьява моцна ўкаранілася, пусьціла глыбокія карані. Бо вельмі спрыяльная сацыяльная глеба. І называецца яна — дзяржаўная форма ўласнасьці, адсутнасьць гаспадара на зямлі.

Але чым далей Лукашэнка рухаўся ў сельскую глыбінку, тым больш выяўлялася сытуацыя абсурду, які пануе ў гэтай галіне. Наведваючы Старадароскі раён Менскай вобласьці, ён быў шакаваны, калі даведаўся, што ў гаспадарках масава гіне жывёла.

Здаецца, сёлета каровы сталі пэўным сымбалем, амаль суб’ектам сацыяльнага і грамадзкага жыцьця. У сакавіку ў выніку гучнага скандалу з бруднымі каровамі, якія, паводле кіраўніка дзяржавы, жывуць нібы ў канцлягеры, страцілі пасады высокія чыноўнікі, у тым ліку міністар сельскай гаспадаркі і віцэ-прэм’ер, завялі 15 крымінальных спраў. Калі ў далёкім XVI стагодзьдзі ў Англіі казалі, што «авечкі зьелі людзей», то ў Беларусі ў ХХІ стагодзьдзі «каровы зьелі чыноўнікаў».

Адразу пасьля таго скандалу міліцыя на загад Лукашэнкі кінула ўсе іншыя справы і паехала ў вёску змагацца зь «безгаспадарчасьцю». Некага там злавілі, пакаралі

Але цяпер высьвятляецца, што якраз у самы разгар гэтай міліцэйскай кампаніі каровы ня толькі стаяць брудныя, а яшчэ і масава гінуць. У ліпені блогеры, незалежныя мэдыі, сацыяльныя сеткі друкавалі інфармацыю і нават фатаздымкі дохлых цялят і траўмаваных кароў. Лукашэнка быў вымушаны рэагаваць і прыгразіў ураду турмой за падзеж жывёлы, даручыў Генэральнай пракуратуры заняцца гэтым пытаньнем.

І вось падчас наведваньня Старадароскага раёну памочнік Лукашэнкі Аляксандар Косінец паведаміў, што летась толькі ў адной Менскай вобласьці загінулі 19,6 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, 102,8 тысячы сьвіней. А за першае паўгодзьдзе 2019-га падзеж буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне склаў 10,4 тысячы галоў, сьвіней — 59,6 тысячы. «Гэта значыць, рост на 17% падзяжу буйной рагатай жывёлы, на 24% — сьвіней», — адзначыў ён.

Старшыня Менскага аблвыканкаму Анатоль Ісачанка апраўдваўся тым, што, маўляў, раней кіраўнікі хавалі гэты падзеж, займаліся прыпіскамі, а цяпер проста статыстыку перасталі ўтойваць і таму лічбы здаюцца вялікімі. Памножце гэтыя лічбы на шэсьць (столькі ў краіне абласьцей), і вы ўбачыце жахлівую карціну. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра сельскую гаспадарку Беларусі.

Трэба адзначыць, што ў калгасах жывёла гінула заўсёды. У асноўным з прычыны недахопу кармоў, дрэннага догляду, слабой вэтэрынарнай службы.

Здавалася б, цяпер ХХІ стагодзьдзе, зусім іншы ўзровень мэханізацыі, зямля дзякуючы сэлекцыі і ўгнаеньням дае большыя ўраджаі, на службе вэтэрынарыі найноўшыя лекі. Аднак высьвятляецца, што калі няма гаспадара, то ўсе навуковыя дасягненьні амаль не ўплываюць на стан рэчаў у аграрнай галіне.

Гэта прысуд калгасна-саўгаснаму ладу, аграрнай палітыцы Лукашэнкі. Хоць ён, як звычайна, харахорыцца, пагражае ўсіх пакараць: «За гэта адкажуць усе. Навошта нам араць зямлю, вырабляць кармы — для дохлых кароў, быкоў, цялятаў? Гэта нікому ня трэба. Гэта абуральная безгаспадарчасьць, гэта проста злачынства. Што да падзяжу жывёлы, то разборкі будуць жэстачайшыя».

Колькі мы за 25 гадоў чулі падобныя пагрозы, і нічога не мяняецца. Гэта чарговая дэманстрацыя бясьсільля так званай «моцнай улады», «моцнай рукі».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG