Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля крытыкі Лукашэнкі за «Асьвенцім у кароўніку» завялі 15 крымінальных спраў


Пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі ў канцы сакавіка за неадпаведнае ўтрыманьне жывёлаў заведзена 15 крымінальных спраў, паведаміў старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў у праграме «Размова ў прэзыдэнта» на тэлеканале «Беларусь-1».

«Парушэньняў у АПК выяўлена шмат. Тое, што мы пасьпелі праверыць — а нашымі сіламі дайсьці да кожнай гаспадаркі нерэальна, — 2490 парушэньняў зафіксавана на правераных аб’ектах. Апэратыўна ўдалося ліквідаваць больш за 77% зь іх», — удакладніў ён.

Паводле Анфімава, па выніках праверак:

  • заведзена 15 крымінальных спраў,
  • да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі 86 кіраўнікоў і спэцыялістаў райвыканкамаў, 623 сельскагаспадарчыя арганізацыі,
  • да адміністрацыйнай адказнасці — 196 кіраўнікоў і спэцыялістаў сельгасарганізацый.

«Мы будзем на працягу пэўнага часу трымаць кіраўнікоў у тонусе, каб той парадак, які мы змаглі навесьці ў ходзе гэтай вясновай кампаніі, застаўся прынамсі на некалькі гадоў. І будзем падтрымліваць гэты парадак на пастаяннай аснове. А то і цяпер, бывае, прыяжджаеш у тую ці іншую гаспадарку, а там ніхто і ня чухаўся. Думаюць: „Раптам нас пранясе“. Не пранясе», — заявіў кіраўнік КДК.

26 сакавіка падчас паездкі па Магілёўскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка завітаў у малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, які ўваходзіць у аргахолдынг «Купалаўскае», абурыўся кепскімі ўмовамі ў кароўніку, параўнаўшы іх з Асьвенцімам. Ён загадаў зьняць з пасадаў «усіх вінаватых», пагражаў прызначэньнем у Шклоўскі раён кіраўніцы сваёй адміністрацыі Натальлі Качанавай, адстаўкай — віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму і свайму памочніку Генадзю Лаўранкову.

Пасьля абурэньня Лукашэнкі ў адстаўку адправілі шэраг буйных чыноўнікаў. Першым сваю пасаду страціў кіраўнік Магілёўскай вобласьці Ўладзімір Даманеўскі. 27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.

1 красавіка стала вядома, што былы міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, а былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — пасаду памочніка прэзыдэнта — ​інспэктара Магілёўскай вобласьці, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсьліў, што іх адстаўка — не «экспромт празь нейкую фэрму ў Сьліжах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG