Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра інцыдэнт з самалётам у Расеі: там побач звалка — сталоўка для чаек, але экіпаж дзейнічаў выдатна + ВІДЭА


Аварыйны самалёт пасьля пасадкі.
Аварыйны самалёт пасьля пасадкі.

Раніцай 15 жніўня самалёт Airbus А321 авіякампаніі «Уральскія авіялініі» адразу пасьля вылету з аэрапорту Жукоўскі быў вымушаны зрабіць экстранную пасадку на кукурузным полі.

Гэта адбылося пасьля таго, як у рухавікі трапіла чарада птушак. У Расавіяцыі і ў самой авіякампаніі мяркуюць, што гэта былі чайкі.

Хоць самалёт сеў на фюзэляж, ніхто з пасажыраў або членаў экіпажу не загінуў. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі лёгкія раненьні або ўдары, пацярпела таксама поле, якім валодае кампанія «Русмолоко».

Такая ўдалая пасадка — вынік шанцунку? Або вынік майстэрства лётчыкаў і іх правільных дзеяньняў у экстрэмальнай сытуацыі? І адкуль у аэрапорце Жукоўскі чайкі?

Пра гэта расказвае «Настоящему времени» заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР Віктар Забалоцкі. Ён шмат лётаў у Жукоўскім, дзе аэрадром да гэтага часу належыць Лётна-дасьледчаму інстытуту авіяцыі ім. М. М. Громава і толькі часткова выкарыстоўваецца для камэрцыйнай рэйсаў.

— Як вы ацэньваеце дзеяньні экіпажу і асабіста лётчыка Даміра Юсупава, які пасадзіў самалёт на поле пасьля таго, як адмовілі два рухавіка?

— Гэта аварыйная пасадка, і, калі казаць авіяцыйным мовай, «аварыйная пасадка выканана пасьпяхова». Экіпаж спрацаваў на выдатна, адназначна. Звычайна я называю такіх пілётаў «думаючымі» лётчыкамі. Лётчык і экіпаж былі гатовыя да аварыйнай сытуацыі, і гэта проста выдатна. Гонар ім і хвала. Відаць было, што хлопцы былі падрыхтаваныя да сустрэчы з аварыйнай сытуацыяй.

— Адкуль у Жукоўскім чайкі?

— Тое, што чайкі патрапілі ў рухавік самалёта, — я ня зьдзіўлены. Я на аэрадроме ў Жукоўскім дастаткова доўга прапрацаваў і ведаю яго асаблівасьці: там побач Масква-рака і звалка, якая зьяўляецца «сталоўкай» для чаек. І чайкі там звычайна днём садзяцца на ўзьлётна-пасадачную паласу, таму што паласа добра праграваецца. Вядома, іх ганяюць, але ўсё роўна ўсе ня вельмі дапільнуеш.

Ёсьць рэчы, якія не заўсёды прадугледзіш. Аэрапорт і ўзлётна-пасадачную паласу Жукоўскага — пяць з паловай кілямэтраў шыкоўнай паласы — нікуды не перанясеш. А звалка — там ідзе барацьба двух сьветаў. Вядома, яе трэба нейкім чынам лякалізаваць, але гэта бяда ня толькі Жукоўскага, а многіх аэрадромаў, якія знаходзяцца ў гарадзкой рысе.

  • (Міністар экалёгіі Падмаскоўя Дзьмітры Куракін заявіў, што вэрсія пра тое, што птушкі, якія трапілі ў самалёт, кормяцца на навакольных звалках, памылковая. Паводле яго словаў, найбліжэйшая да аэрадрому звалка знаходзіцца за 14 кілямэтраў — гэта закрыты ў 2012 годзе палігон «Сафонава», і на ім «кармавой базы для птушак няма»).

— Як дзейнічае экіпаж, калі ў рухавікі трапляюць птушкі?

— Калі самалёт узьляцеў і трапіў у чараду чаек, перш за ўсё цярпяць рухавікі. Пашкоджаньні атрымліваюць лапаткі вэнтылятара турбіны, а, магчыма, кампрэсар і іншыя часткі рухавіка. Адбываецца адмова рухавіка або пажар, адмова сыстэм.

Мы ўсе бачым, зь якім крутым градыентам набору вышыні самалёты ідуць уверх, калі ўзьлятаюць у аэрапорце. І ў сытуацыі, калі адмовілі рухавікі, самае галоўнае для экіпажу — ня страціць хуткасьць. А для гэтага самалёт трэба неадкладна перавесьці з набору вышыні на зьніжэньне.

У дадзеным выпадку лётчыкі ўсё гэта зрабілі дастаткова добра.

— Тое, што самалёт сеў менавіта на поле, — гэта, на вашу думку, было сьвядомае рашэньне лётчыкаў?

— Узьлятаючы ў Жукоўскім, яны ўзьляталі з курсам 122: далей па гэтым курсе заліўныя поля з ірыгацыйнымі сыстэмамі, яны маюць роўную паверхню.

На гэтым аэрадроме гэта ня першы падобны выпадак. Падчас выпрабаваньняў лётнай тэхнікі было так, што лётчыкам даводзілася садзіцца прыкладна ў тым месцы, выкарыстоўваць гэтую роўную паверхню. Не заўсёды гэта было ўдала, але гэта было.

— Тое, што цяпер ніхто не загінуў пры такой пасадцы, — гэта шанцунак ці ўсё ж такі ўменьне лётчыкаў?

— Па-мойму, тут супалі шанцаваньне і ўменьні лётчыкаў. З аднаго боку, яны прызямліліся і не закранулі ірыгацыйныя збудаваньні, якія на гэтых палях ёсьць: бэтонныя калодзежы-вадазборы і арыкі, якія выкарыстоўваюцца для паліву. Калі б ім трапіўся на шляху тармажэньня бэтонны калодзеж, напэўна, атрымалася б ня вельмі выдатна.

Але, зь іншага боку, менавіта людзі выбралі месца, куды сядаць. Поле было ў іх не па прамой, а прыкладна за кілямэтар зьлева.

Асабліва выдатна, што яны прыбралі шасі. Пасадка па-за аэрапортам не прадугледжвае пасадку на колы з прычыны таго, што любы зачэп колаў можа прывесьці да пашкоджаньня, як у нядаўняй сытуацыі з «Супэрджэтам».

Airbus A321 у прынцыпе здольны зрабіць мяккую пасадку. Калі б самалёт быў маленькі, у якога крылы знаходзяцца прыкладна на сярэдзіне вышыні высахлай кукурузы, для яго гэта была б бяда. Таму што такое поле — страшная справа для плянэрыстаў і невялікіх самалётаў: кукуруза пачынае чапляцца за крылы, тармазіць і, хутчэй за ўсё, у выніку ня вытрымае канструкцыя самалёта.

А A321 — вялікі самалёт, ён валодае вялікай масай. Яго крылы разьмешчаныя досыць высока, а як падсьцілаючая паверхня — кукуруза ня горшы варыянт. Можна сказаць, што лётчыкі «падаслалі саломку» самалёту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG