Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вучаць польскай гісторыі замест расейскай». Уся няпраўда пра беларускую адукацыю з часопіса «Огонёк»


Францішак Багушэвіч, які нібыта пісаў «па-польску» (на беларускай мове лацінкай)
Францішак Багушэвіч, які нібыта пісаў «па-польску» (на беларускай мове лацінкай)

Расейскі часопіс «Огонёк» узяў інтэрвію ў студэнткі МДУ імя Ламаносава, якая нядаўна скончыла школу ў Беларусі. Дзяўчына, якая хаваецца пад псэўданімам, сьцьвярджае, што беларусы ў школе глыбей вучаць польскую гісторыю, а не расейскую, дый наагул у Беларусі адбою няма ад польскіх фондаў, а «карту паляка» можна атрымаць, «паказаўшы ў консульстве фота дзеда ў польскай вайсковай форме».

Правяраем, што ня так з гэтай інфармацыяй.

«Беларусь доўгі час была ў складзе Польшчы»

«У курсе айчыннай гісторыі нашмат больш увагі аддаецца польскай гісторыі, чым расейскай: працяглы час Беларусь была часткай польскіх земляў — наўпрост або ў складзе ВКЛ», — кажа дзяўчына.

Але Беларусь у XIII–XVIII стст. у складзе Польшчы не была, кажа рэпэтытар па гісторыі Аляксандар Луцэвіч.

«ВКЛ ніколі не было ў складзе Польшчы. Тое ж самае з эпохай Рэчы Паспалітай, бо гэта была адна рэспубліка зь дзьвюх дзяржаў і двух народаў, — кажа ён. — Частка Беларусі была ў складзе Польшчы хіба ў 1921–1939 годзе.

Наагул, дзіўна разважаць з учорашняй школьніцай пра гісторыю і як яна выкладаецца. Наўрад ці яна і ЦТ па гісторыі здавала. А тое, што проста хадзіла ў школу — зусім не даказвае, што чалавек насамрэч гісторыю засвоіў. Калі сёньня любога школьніка спыніць на вуліцы, ён ня тое яшчэ раскажа. Прыходзіцца мне звычайна ў 11 клясе вучыць іх фактычна з нуля».

«Беларусы вучаць біяграфіі каханак князёў ВКЛ»

Далей студэнтка МДУ ўпэўнівае, што ў беларускай школе дэталёва вывучаюць біяграфіі літоўскіх князёў, іхніх «жонак, палюбоўніц, дзяцей, сяброў, мітрапалітаў». А вось «прадстаўнікоў тых жа літоўскіх дваранскіх і нават княскіх родаў, якія абралі служэньне Маскве», пакідаюць без увагі.

«Не магу прыгадаць, каб у школьнай праграме была біяграфія нейкіх палюбоўніц князёў, мітрапалітаў. А тых, хто пасьля служыў у Маскве, узгадваюць. Напрыклад, таго ж Міхаіла Глінскага. Асобаў вывучаюць менавіта ў беларускім кантэксьце», — кажа Аляксандар Луцэвіч.

Глядзім навучальную праграму па гісторыі Беларусі для V–VII клясаў — гэта пэрыяд ад сярэднявечча да ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пра ВКЛ гаворыцца ў трох разьдзелах, столькі ж пра Рэч Паспалітую. А вось Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі прысьвечаны ўвесь VIII кляс і частка XIX і X клясу.

«Францішак Багушэвіч пісаў па-польску»

У артыкуле сьцьвярджаецца, што твор Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» напісаны па-польску.

«На ЦТ па беларускай мове мне трэцім пытаньнем выпала „Дудка беларуская“ Францішка Багушэвіча — твор, напісаны на польскай пра тое, што беларусы не павінны забываць родную мову. Так што калі з мовай усё так няпроста, што ўжо казаць пра гісторыю!» — кажа суразмоўца «Огонька».

Насамрэч кніга «Дудка беларуская» напісаная па-беларуску. Упершыню яе надрукавалі ў 1891 годзе беларускай лацінкай. Можа, гэта заблытала беларускую студэнтку, якая навучаецца ў Маскве.

«„Карта паляка“ за фатаздымак прадзеда»

У інтэрвію студэнтка МДУ малюе схему атрыманьня карты паляка для беларусаў. Узьнікае ўражаньне, што яе даюць проста ўсім спрэс.

«Каб атрымаць „карту паляка“, дастаткова прад’явіць доказ таго, што адзін з тваіх сваякоў быў выхадцам з Польшчы. Напрыклад, у маёй бабулі захавалася фота яе бацькі, які ваяваў у Першай усясьветнай вайне, і ён на картцы ў польскай форме. Гэтага дастаткова. З такім фота варта прыйсьці ў польскую амбасаду ці консульства — і справа зроблена», — упэўнівае студэнтка.

Але Другой польскай рэспублікі ў Першую ўсясьветную яшчэ не было. Пра гэта нагадвае аналітык арганізацыі EAST Center Андрэй Елісееў.

«Па-першае, сумнеў паўстае наконт самой наяўнасьці такога здымку, бо няясна, што за форма маецца на ўвазе, — кажа ён. — Справа ў тым, што Другая польская рэспубліка была абвешчаная ў лістападзе 1918 г., ужо як вайна завяршылася. Можна, праўда, дапусьціць, што маецца на ўвазе форма польскіх легіянэраў Аўстра-Вугоршчыны.

Па-другое, калі дапусьціць, што гэта, можа, апіска і што гаворка тут пра Другую ўсясьветную вайну, — вядома, здымка продка ў форме для атрыманьня карты паляка недастаткова».

Для атрыманьня «карты паляка» трэба пацьвердзіць сваю этнічную прыналежнасьць дакумэнтальна.

«Два гады таму закон пра „карту паляка“ ўвогуле зьмянілі, зрабіўшы атрыманьне даступным тым, хто давядзе ня проста наяўнасьць грамадзянства міжваеннай Польшчы ў продкаў, а іхную польскую этнічнасьць, — дадае Елісееў. — Робіцца гэта на падставе больш значных дакумэнтальных довадаў, чым прыватныя фатаздымкі.

Па-трэцяе, апрача дакумэнтальных довадаў, кандыдаты на атрыманьне „карты паляка“ павінны на пэўным узроўні ведаць польскую мову».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG