Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З 7 баламі ідуць у аграрыі. А потым каровы ў гнаі» — экс-чыноўнік тлумачыць, што з адукацыяй ня так


Сяргей Альшэўскі

Бацькі і абітурыенты ловяць свае прозьвішчы ў сьпісах тых, хто паступіў у ВНУ. А кіраўнік праекту «Народны падручнік» рэпэтытар Сяргей Альшэўскі літаральна пальцам указвае Мінадукацыі на праблемы ў яе сфэры. Ён здаў ЦТ «мэтадам тыку» і, ня ведаючы кітайскай мовы, набраў па ёй 34 балы. Судзіцца зь Мінадукацыі з прычыны перапоўненасьці гімназічных клясаў. І рвецца ў парлямэнт.

На фінішы ўступнай кампаніі Свабода спыталася ў Альшэўскага, што ён пра ўсё гэта думае.

Сяргей Альшэўскі скончыў факультэт матэматыкі і інфарматыкі і асьпірантуру Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выкладаў у школе, ПТВ, унівэрсытэце, працаваў у Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства адукацыі.

«Любы чалавек з вуліцы можа прыйсьці на ЦТ і „натыкаць“ на прахадны бал»

Асабіста я «натыкаў» па расейскай мове на 25 балаў. У частцы А адказы ставіў у такой пасьлядоўнасьці: 1, 2, 3, 4, 5, 1, 2, 3, 4, 5. У «Б» фантазіраваў.

Гэта, дарэчы, ніжэйшая плянка нават на спэцыяльнасьці, дзе мова зьяўляецца профільным прадметам. Магу прайсьці на славянскую філялёгію на філфак БДУ, куды абвясьцілі дадатковы набор.

На матэматыцы я ставіў 2, 3, 2, 3, 2, 3, 5. Праўда, мне як матэматыку было маральна цяжка і крыўдна ў першым варыянце ставіць няправільны адказ.

У выніку набраў 49 балаў, а сярэдні бал па краіне — 50. Магу паступіць на спэцыяльнасьць «ахова працы» ў Баранавіцкі ўнівэрсытэт.

На кітайскай мове я набраў 34 балы. Я што — граматны ў кітайскай? У частцы «А» ставіў другі адказ, у «Б» угадваў герогліфы. Дарэчы, быў яшчэ адзін экспэрымэнтатар, які ня ведае кітайскай мовы, і ён мэтадам тыку набраў больш за 40.

Ну не працуе гэтая сыстэма! Раней 40% абітурыентаў не набіралі парогавага балу па матэматыцы. Навошта было мяняць ранейшую сыстэму, якая паказвала аб’ектыўную карціну? Навошта было мяняць інструмэнт, які працуе?

Вы хацелі б, каб вас лячыў слабы ўрач? Вы хацелі б, каб ваша дзіця вучыў такі выкладчык, які проста «натыкаў» і паступіў вучыцца?

«Калі вучыўся на 1, можаш ісьці ў аграрыі, калі на 2 і 3 — у вайсковую акадэмію»

Было б нашмат правільней усталяваць плянкі паступленьня на спэцыяльнасьці. Умоўна кажучы, каб паступаць на пэдагагічныя спэцыяльнасьці — патрэбна ня меней за 300 балаў. На праграмнае забесьпячэньне (гэта элітныя спэцыяльнасьці) — няхай будзе 350.

А якія цяпер ніжнія плянкі ў аграрныя ВНУ? У Горацкай сельгасакадэміі 7 балаў прахадны!!!

Перавядзем гэта ў 10-бальную сыстэму: 7 балаў са 100 магчымых — атрымліваецца менш за адзінку. То бок, калі ты вучыўся на адзінкі, можаш ісьці ў аграрыі. А потым нехта крыўдзіцца, што каровы ў гнаі. А ў чым будуць каровы, калі на аграрныя спэцыяльнасьці такія прахадныя балы?

Аналягічна — на вайсковыя спэцыяльнасьці: 101, 107, 121 бал.

Мы крычым пра ўзьняцьце прэстыжу войска. Але на вайсковыя спэцыяльнасьці можна паступіць з узроўнем савецкага нават ня троечніка, а двоечніка. Пра якую вайсковую эліту мы кажам?

«Мы гадуем дзяцей, трацімся на іхную адукацыю і пастаўляем на экспарт»

Мы падлічылі, што ў 2018 годзе больш за 3 тысячы беларускіх абітурыентаў зьехалі вучыцца за мяжу. Як правіла, гэта нашы лепшыя хлопцы і дзяўчаты. Я перакананы, што як мінімум 80% хлопцаў да 27 гадоў у сілу апошняга «закону аб адтэрміноўках» ня вернуцца і будуць актыўна ўцягнутыя ў эканоміку іншай краіны.

У нас будзе два шляхі: альбо Мінадукацыі апамятаецца і будзе нешта рабіць, альбо нашых дзяцей падзеляць міністэрствы адукацыі іншых краінаў.

Суседнія краіны насамрэч рады даваць бюджэтныя месцы нашым студэнтам, плаціць стыпэндыі, каб яны вучыліся за мяжой. А мы ствараем усе ўмовы, каб найлепшыя дзеці зьяжджалі.

Вось і расейцы хочуць павялічыць колькасьць бюджэтных месцаў для беларусаў.

З 0 да 18 гадоў — гэта самы «дарагі» пэрыяд, так бы мовіць, у падрыхтоўцы кадраў: прышчэпкі, мэдыцына, адукацыя. Калі палічыць, у год на адно дзіця дзяржава траціць 1400 рублёў на адукацыю (700 даляраў), за 11 год выйдзе 7700 даляраў. На ахову здароўя — прыкладна столькі ж. Выходзіць тысяч 15 даляраў, а яшчэ ж дашкольная адукацыя.

То бок, каля 20 тысяч даляраў дзяржава выдаткоўвае на адно дзіця. Памнажаем гэта на 3 тысячы, якія зьехалі летась. І з году ў год тэндэнцыя — да павелічэньня колькасьці тых, хто зьехаў вучыцца за мяжу.

То бок мы гадуем дзяцей, трацімся на іх адукацыю і разьвіцьцё, і гэтых дзяцей пастаўляем на экспарт, не атрымліваючы ніякай выгады.

«У сыстэме адукацыі не хапае праўды, празрыстасьці, аб’ектыўнасьці»

Самы вялікі «абмежавальнік» у людзей, якія працуюць у сыстэме адукацыі, — яны баяцца зрабіць штосьці ня так, баяцца памыліцца. Бо значна прасьцей нічога не рабіць: за тое, што ты нічога ня робіш, цябе моцна не пакараюць. А вось калі ты зрабіў што ня так, літасьці ня будзе.

Усе ступені я прайшоў, і чым ніжэй я быў, тым больш было магчымасьцяў штосьці рабіць і мяняць. Але мне здавалася, што чым вышэй ты ўзьляціш, тым больш ты зможаш карыснага зрабіць. Насамрэч аказалася, чым вышэй, тым менш ты можаш зрабіць зпрычыны шматлікіх узгадненьняў, бюракратыі.

«Зноў іду на выбары. Ня трэба маўчаць, трэба мэтадычна паказваць, што ў краіне ня так»

Зноў іду на выбары. Гэта трэцяя спроба. У мінулай парлямэнцкай кампаніі ў Дзятлаўскай акрузе маім канкурэнтам быў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Валянцін Міхневіч. Мяне зьнялі з тэхнічных прычын. У тым ліку таму, што мае былыя выкладчыкі адмовіліся ад подпісаў, якія за мяне паставілі. Было балюча і крыўдна. Але я атрымаў досьвед і шмат чаму навучыўся.

Сяргей Альшэўскі
Сяргей Альшэўскі

На мясцовых выбарах я дайшоў да этапу галасаваньня, галасы разьмеркаваліся 60 на 40. У мяне быў апанэнт, якога раптоўна перакінулі зь іншага ўчастку і які ішоў ад працоўнага калектыву. І гэта быў кіраўнік арганізацыі, дзе працуе мой бацька. Мне далі зразумець: «Хлопчык, супакойся».

Іду разам з грамадзкім аб’яднаньнем «Гавары праўду». Каманда ў мяне ёсьць, ёсьць досьвед дзьвюх выбарчых кампаній.

З акругай вызначыўся: гэта зноў мая малая радзіма — Дзятлаўскі раён. Дарэчы, насельніцтва раёну скарацілася ўдвая за апошнія 10 гадоў. Гэта адно зь нешматлікіх месцаў, куды не ступала нага прэзыдэнта.

Я пачуў шмат меркаваньняў, што выбараў няма і што я, калі не здымуся, буду падтрымліваць рэжым. Але ў мяне свой погляд: трэба ісьці і трэба спрабаваць рабіць. Калі нічога не рабіць, не дзяўбсьці гэтую гару праблем, нічога не памяняецца. Народу ўсё абрыдла, народ абыякавы. Пачынаць трэба зь сябе. Можна адседзецца, а можна дзейнічаць. Хтосьці лапкі склаў, а хтосьці ў збане з малаком зьбівае сьмятану і масла.

Ня трэба маўчаць, трэба мэтадычна паказваць, што ў краіне ня так. Вось я зараз суджуся зь Міністэрствам адукацыі наконт перапоўненасьці клясаў.

Выкарыстоўваю звычайны прыём «social media»: правялі Эўрапейскія гульні, знайшлі 270 мільёнаў даляраў — значыць, ёсьць грошы ў краіне. Пабудуйце школы, у некаторых гімназічных клясах па 36 вучняў пры норме 20. 97% сталічных гімназій перапоўненыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG