Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе прайшла прэм’ера твору беларускай кампазытаркі ў памяць ахвяраў неабвешчаных войнаў


У Севераданецку, які пасьля акупацыі Луганску мае статус цэнтру Луганскай вобласьці, у рамках міжнароднага праекту «Музыка і дыялёг» адбылася прэм’ера твору беларускай кампазытаркі Вольгі Падгайскай «Прысутнасьць», прысьвечанага ахвярам усіх неабвешчаных войнаў.

Музычную кампазыцыю выканаў сымфанічны аркестар пад кіраўніцтвам беларускага дырыжора Віталя Алексяёнка, які жыве і працуе ў Нямеччыне. У склад калектыву былі запрошаныя музыкі з Украіны, Нямеччыны, Беларусі, Армэніі, Грузіі і Расеі.

«Калі мы зьбіралі ўсю драматургію праекту і разважалі, якім чынам пабудаваць канцэрт, каб аўдыторыя ад пачатку да ягонага завяршэньня перажыла нешта істотнае, нам патрэбны быў спэктар эмоцый, каб публіка адчула нешта больш драматычнае і адначасова сьвяточнае, — паведаміў Віталь Алексяёнак у інтэрвію мясцоваму тэлеканалу. — Мы вырашылі, што трэба пачаць нечым асаблівым, і было б выдатна, калі б нехта з кампазытараў мог стварыць твор адмыслова для нашага праекту.

Вольга Падгайская пагадзілася на такую прапанову, бо яна сама была ў Севераданецку і ведала ўвесь мясцовы кантэкст. Яна напісала твор „Прысутнасьць“, і ён прысьвечаны ўсім бязьвінным ахвярам усіх неабвешчаных войнаў».

Яшчэ адным музычным сюрпрызам стаў твор украінскага кампазытара ХVIIІ стагодзьдзя Максіма Беразоўскага — ягоны духоўны харавы канцэрт 200 гадоў лічыўся страчаным, нядаўна яго адшукала мясцовая музыказнаўца Вольга Шуміліна.

Беларуска-нямецка-ўкраінскі праект

Міжнародны праект «Музыка і дыялёг» рэалізаваны VladOpera e.V. (Нямеччына) і ўкраінска-беларускай ініцыятыўнай групай, створанай у межах праекту «Музыка празь сьцены 2017–2018» у партнэрстве з Севераданецкім каледжам культуры і мастацтваў, а таксама з Луганскім абласным акадэмічным украінскім музычна-драматычным тэатрам.

Цягам двух тыдняў музыкі выступілі з трыма вялікімі канцэртамі ў Севераданецку, Белаводзку і Навапскове Луганскай вобласьці. Адначасова асобныя групы музыкаў выяжджалі з праектам «Музыка ў двары» ў прыфрантавыя паселішчы — Папаснае, Троіцкае, Шчасьце, Новаайдар, Сватава.

«Публіцы нічога ня трэба было рабіць, — кажа Віталь Алексяёнак. — Музыкі прыехалі самі да іх, і ім дастаткова было выйсьці ў свой двор. Узровень выкананьня быў вельмі высокі, і аўдыторыя была ўдзячная, асабліва дзецям падабалася. І музыкам было вельмі цікава — яны пабачылі рэакцыю, і такім чынам адбыўся абмен эмоцыямі.

Людзі цікавіліся, адкуль прыехалі выканаўцы, як называюцца інструмэнты, і я ўсё расказваў. То бок быў такі момант яднаньня. Я з трыма музыкамі езьдзіў у Папаснае, і ў нас там была вельмі цікавая экскурсія, арганізаваная мясцовымі жыхарамі, а потым яны прыехалі на наш канцэрт у Севераданецк».

Музыкі праводзілі адкрытыя рэпэтыцыі, дыялёгі з гледачамі і камэрныя канцэрты. Апроч таго, мясцовыя партнэры арганізавалі дадатковыя захады — выставы для візуалізацыі розных жыцьцёвых рэалій, практычнае навучаньне па пераадоленьні псыхалягічных бар’ераў, «неклясычныя» канцэрты, пікнікі і паказы фільмаў.

Праект фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Нямеччыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG