Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Расея адкажа за парушэньне міжнароднага права


Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (л) і яго турэцкі калега Рэджэп Таіп Эрдаган, Анкара 7 жніўня 2019

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што Ўкраіна і яе партнэры знойдуць мэханізм, які прымусіць Расею адказваць за яе дзеяньні.

«Мы разам абавязкова знойдзем шлях, які прымусіць Расею паважаць міжнароднае права, верне мір і стабільнасьць у рэгіён, абароніць правы і свабоды крымскіх татараў і вызваліць палітвязьняў Крамля. Упэўнены, што супольнымі намаганьнямі Украіны і Турэччыны мы зьменім сытуацыю ў Чарнаморскім рэгіёне і ў Крыме ў свой бок», — заявіў Уладзімір Зяленскі 7 жніўня на прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.

Як інфармуе прэс-служба кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, Зяленскі паведаміў, што пагрозы мілітарызацыі, якая працягваецца ў акупаваным Крыме, парушэньні правоў чалавека на паўвостраве і перасьлед крымскататарскага народу былі аднымі з ключавых тэмаў падчас перамоваў з Эрдаганам.

Эрдаган пацьвердзіў, што Турэччына не прызнавала незаконнай анэксіі Крыму і ня зробіць гэтага. Ён таксама адзначыў, што абарона правоў, інтарэсаў і захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці крымскіх татараў, знаходжаньне іх на радзіме ў Крыме будзе заставацца прыярытэтам для яго краіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 7 і 8 жніўня знаходзіцца з афіцыйным візытам у Турэччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG