Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля гібелі чатырох украінскіх вайскоўцаў на Данбасе Зяленскі другі раз патэлефанаваў Пуціну

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе раніцай 7 жніўня ініцыяваў тэлефонную размову з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуцінам, каб той паўплываў на незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛДНР» і пераканаў іх у неабходнасьці выконваць дамоўленасьці аб замірэньні.

«Я тэрмінова патэлефанаваў яму (Пуціну. — РС), сказаў, што гэта не набліжае нас да міру. Я папрасіў яго паўплываць на другі бок, каб яны перасталі забіваць нашых людзей», — сказаў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве пасьля тэрміновай нарады аб сытуацыі на Данбасе — напярэдадні ў выніку абстрэлаў з боку «ЛДНР» загінулі чатыры ўкраінскія вайскоўцы.

Уладзімір Зяленскі таксама дадаў, што ў часе размовы абмяркоўвалася неабходнасьць тэрміновага разьмінаваньня паблізу Станіцы Луганскай, каб пачаць там аднаўленьне моста — украінскія войскі былі адведзеныя з пазыцый каля гэтага населенага пункту пасьля дасягненьня дамоўленасьцяў аб замірэньні.

Украінскі прэзыдэнт таксама паведаміў, што ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі мае намер ініцыяваць правядзеньне перамоў у нармандзкім фармаце. Гэтае пытаньне ён плянуе абмеркаваць сёньня з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Уладзімір Зяленскі таксама ня выключыў, што ў выніку далейшага абвастрэньня сытуацыі можа скараціць свой візыт у Турэччыну, які мае адбыцца 7-8 жніўня.

Пазыцыя Крамля

Крэмль у сваім афіцыйным паведамленьні пацьвердзіў тэму, якая абмяркоўваліся ў тэлефоннай размове прэзыдэнтаў, — неабходнасьць выкананьня дамоўленасьцяў аб замірэньні і разьвядзеньня войскаў ад лініі разьмежаваньня. Але Ўладзімір Пуцін перакананы, што менавіта ўкраінскія войскі абстрэльваюць населеныя пункты Данбасу:

«Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што для дээскаляцыі канфлікту неабходна, перш за ўсё, выключыць далейшыя абстрэлы ўкраінскімі войскамі населеных пунктаў Данбасу, якія прыводзяць да ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Пацьверджана таксама выключная важнасьць пасьлядоўнай рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў, уключаючы юрыдычныя аспэкты прадстаўленьня ДНР і ЛНР асаблівага статусу. У гэтым кантэксьце адзначана неабходнасьць канструктыўнага дыялёгу паміж бакамі, у тым ліку ў межах менскай кантактнай групы».

У паведамленьні Крамля таксама адзначаецца, што прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі дамовіліся актывізаваць працу «па вяртаньні асобаў, якія ўтрымліваюцца» абодвума бакамі, і абмеркавалі «пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў нармандзкім фармаце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG