Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ўкраінцаў за мінулы год загінула на Данбасе. Агульная статыстыка


Пазыцыі ўкраінскіх войскаў у Данбасе, жнівень 2018
Пазыцыі ўкраінскіх войскаў у Данбасе, жнівень 2018

Летась стратаў Узброеных сілаў Украіны афіцыйна паменела ў параўнаньні з папярэднімі гадамі — на канец сьнежня 2018 году вядома аб 115 загінулых і 800 параненых. На пачатак сьнежня 2018 году на Данбасе загінулі 43 цывільныя асобы.​

Такія лічбы прыводзіць ВВС.

Новая апэрацыя Ўкраіны на Данбасе

У 2018 годзе Антытэрарыстычная апэрацыя (АТА) на Данбасе афіцыйна завяршылася і пачалася Апэрацыя аб’яднаных сілаў (ААС) — кіраваньне баявымі дзеяньнямі цалкам засяродзілася ў руках вайскоўцаў, а не СБУ, якая фармальна кіравала АТА з 2014 году.

На фронце працягвалася пазыцыйная вайна ў стэпах паміж акопамі, якую зрэдку абвастралі сутыкненьні «малых групаў», а таксама нязначнае прасоўваньне ўкраінскай арміі на некалькіх участках фронту, паведамляе ВВС.

«Абсалютна ўсё тое ж, што і ў мінулыя гады, — адно-два абвастрэньня ў „шэрай зоне“, дзе прасунуліся на паўтара-два кілямэтры», — распавядае ваенны экспэрт і публіцыст Міхаіл Жырохаў.

Тэрытарыяльныя набыткі Ўкраіны

У Генштабе Ўкраіны паведамілі BBC, што з пачатку ААС украінская армія ўзяла пад кантроль тры паселішчы: Шумы і Паўднёвае (вядомае таксама як Чыгір) у Данецкай вобласьці і хутар Вольны ў Луганскай вобласьці.

Міхаіл Жырохаў тлумачыць, што насамрэч такія прасоўваньні маглі быць ініцыятывай камандзіраў на месцах.

«Калі прыйшла новая брыгада па ратацыі, захапілі паўтары вуліцы у Чыгіры, і камандаваньню ўжо не было куды падзецца. Ніякай стратэгічнай каштоўнасьці гэта ня мела. Але калі захапілі, то прыйшлося пашыраць, бо з двух тэрыконаў побач там усё прастрэльваецца. Гэта значыць варыянт быў — або ўтрымліваць гэтыя вуліцы і ўвесь час несьці страты, або адбіваць далей тэрыконы», — дае сваё бачаньне экспэрт.

У штабе ААС заяўляюць, што ўсе такія прасоўваньні зьяўляюцца «паляпшэньнем тактычнага становішча» і не парушаюць Менскія пагадненьні.

А ў непрызнаных «рэспубліках» украінскіх вайскоўцаў абвінавачваюць у «паўзучым наступе» і пэрыядычна заяўляюць аб падрыхтоўцы больш маштабнай атакі.

Леташнія страты Ўкраіны

Летась страты ва Ўзброеных сілах Украіны афіцыйна паменелі ў параўнаньні з папярэднімі гадамі — паводле стану на канец сьнежня 2018 году вядома аб 115 загінулых і 800 параненых.

У 2017 годзе загінулых у баях было 198, у 2016 годзе — 212, а колькасьць параненых штогод перавышала 1200 чалавек.

Небаявыя страты ўкраінскай арміі ў 2018 годзе — 100 загінулых і 91 паранены.

Самым крывавым стаў бой перад Днём незалежнасьці Ўкраіны каля вёскі Жалабок, калі сілы так званай «ЛНР» спрабавалі правесьці лякальны наступ.

Тую атаку адбілі, але ўкраінская армія страціла чатырох байцоў забітымі, яшчэ сямёра былі параненыя.

Гэта былі самыя вялікія адначасовыя страты сіл ААС за год.

Страты сэпаратыстаў

Дакладных дадзеных пра страты так званых «армейскіх карпусоў» «ДНР» і «ЛНР» няма — прадстаўнікі «рэспублік» пра гэта кажуць рэдка.

Валянтэры, якія адсочваюць страты «таго боку» па нэкралёгах у сацсетках, сьцьвярджаюць, што «вайсковыя корпусы» страцілі калі 300 чалавек. Пры гэтым невядома, колькі з гэтых стратаў баявыя, а колькі людзей памерлі па іншых прычынах.

Ахвяры сярод цывільнага насельніцтва

Паводле спэцыяльнай групы АБСЭ, якія вядзе маныторынг сытуацыі на Данбасе, па стане на пачатак сьнежня 2018 году на Данбасе загінулі 43 цывільныя. Яшчэ 179 былі параненыя.

Прычым нярэдка гінуць дзеці: у кастрычніку толькі за адны выходныя загінулі трое дзяцей, яшчэ двое былі параненыя.

Усяго за год на Данбасе пацярпелі больш за два дзесяткі дзяцей.

У той жа час у параўнаньні зь папярэднім годам, цывільных стала гінуць менш — у 2017 годзе АБСЭ паведамляла аб 85 загінулых і 384 параненых.

Галоўнымі прычынамі сьмерцяў на фронце былі артабстрэлы, снайпэрскі агонь і падрыў на мінах.

Страты 2019 году

Узброеныя сілы Ўкраіны маюць страты ўжо ў новым годзе — 1 студзеня на Данбасе загінуў адзін баец, яшчэ два параненыя.

«На жаль, хутчэй за ўсё, будзе абвастрэньне. І выкліканае яно будзе не столькі ваеннымі прычынамі, колькі палітычнымі — пад выбары», — мяркуе экспэрт Міхаіл Жырохаў.

«Зразумела, што яно будзе лякальным, сіламі да батальёну або роты» — дадае ён.

На думку Жырохава, такое абвастрэньне можа адбыцца ўжо ў студзені ці ў пачатку лютага. Або абвастрэньне, паводле яго слоў, пачнецца ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў увесну 2019 году — калі на іх пераможа не прарасейскі кандыдат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG