Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 конных помнікаў гістарычным постацям у Беларусі. 4 стаяць і 2 у праекце. ФОТА


Падчас усталяваньня помніку Гедзіміну ў Лідзе, 12 жніўня 2019 году

12 жніўня ў Лідзе пачалося ўсталяваньне помніка князю Гедзіміну. Бронзавую конную скульптуру вагой каля 3 тон і вышынёй да 6 мэтраў паставілі на пляцоўцы ля Лідзкага замку.

Помнік зрабілі паводле эскізу скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, якія выйгралі ў конкурсе на стварэньне помніка ад Лідзкага райвыканкаму. Адкрыюць яго 7 верасьня падчас Дня гораду.

Гедзімін — вялікі князь літоўскі ў 1316–1341 гадах, які ўдвая павялічыў тэрыторыю ВКЛ. Падчас яго кіраваньня мураваныя замкі зьявіліся ў Лідзе, Медніках, Крэве і Віцебску.

Свабода прыгадала, якія яшчэ конныя помнікі беларускім гістарычным пэрсанажам паставілі ў часы сувэрэннай Беларусі.

Усяслаў Чарадзей

Полацак, 2007

Помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку
Помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку

Першы конны помнік у гісторыі незалежнай Беларусі. Вышыня помніка 3,5 мэтра. Скульптары — Аляксандар Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч.

Пры ўладзе Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства дасягнула найбольшых памераў, стала магутным і ўплывовым.

Князь Альгерд

Віцебск, 2014 год

Помнік князю Альгерду ў Віцебску
Помнік князю Альгерду ў Віцебску

Пастаўлены на Рыначнай плошчы падчас сьвяткаваньня 1040-годзьдзя гораду. Князь у дасьпехах на кані, зь ягонай выцягнутай рукі зрываецца ў палёт сокал — сымбаль княжай улады. Вышыня помніка 6,4 мэтра. Аўтар — Сяргей Бандарэнка. Князь Альгерд (1295–1377) — сын князя Гедзіміна. Пры ім усе беларускія землі апынуліся ў складзе ВКЛ. Разам з братам Кейстутам пасьпяхова супраціўляўся націску крыжакаў і панаваньню Залатой Арды.​

Давыд Гарадзенскі

Горадня, 2018 год

Стаіць на падыходзе да Старога і Новага замкаў на вуліцы Давыда Гарадзенскага. Князь сядзіць на кані, у левай руцэ трымае Крыж Эўфрасіньні Полацкай, у правай — меч. У доле — горадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вышыня каменнага помніка болей за 3,5 мэтра. Аўтар — Сяргей Аганаў.

Давыд Гарадзенскі (1283 — 1326) быў зяцем князя Гедзіміна, абараняў землі ВКЛ ад крыжакаў. Вядомы як вайскавод, які не прайграў ніводнай бітвы.

У праекце — конныя помнікі Міндоўгу і Глебу Менскаму

Мяркуецца, у канцы 2019 году (або пазьней) у Менску зьявіцца помнік князю Глебу Ўсяслававічу (Глебу Менскаму). Вырашана, што конная скульптура будзе стаяць насупраць кафэдральнага сабору ў Верхнім горадзе.

Праект помніка князю Глебу Менскаму, які плянуюць паставіць у сталіцы
Праект помніка князю Глебу Менскаму, які плянуюць паставіць у сталіцы

Аўтарамі праекту-пераможцы, паводле якога робяць помнік, зьяўляюцца скульптары Мікалай Байрачны (аўтар каровы каля Камароўкі) і Алег Купрыянаў (аўтар «бабы Раі» каля Камароўкі), а таксама архітэктар Анатоль Сярэдзіч.

Глеб Усяслававіч — сын полацкага князя Ўсяслава Брачыслававіча (Усяслаў Чарадзей), з 1101 да сьмерці ў 1119 годзе быў менскім князем, роданачальнік менскага адгалінаваньня Рагвалодавічаў.

У чэрвені 2019 году Наваградзкі райвынканкам абвясьціў збор сродкаў на ўсталяваньне ў горадзе помніка першаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Цяпер на помнік Міндоўгу трэба сабраць 22 тысячы рублёў. Паводле стану на 1 жніўня на помнік ужо сабралі 8 089,98 рубля. За эскіз ужо заплацілі 10 тысяч рублёў.

Праект помніка Міндоўгу
Праект помніка Міндоўгу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG