Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні паставілі помнік Давыду Гарадзенскаму. ФОТА


Усталяваньне помніка Давыду Гарадзенскаму, 24 траўня

Помнік Давыду Гарадзенскаму паставілі побач са старым і новым замкамі, на скрыжаваньні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай, 24 траўня.

Помнік стварыў менскі скульптар Сяргей Аганаў. Скульптура разам з пастамэнтам важыць больш за дзесяць тонаў, у вышыню — больш за тры з паловай мэтры.

Ён выкананы зь сьветла-шэрага башкірскага граніту. На пярэднім баку — суровы твар Давыда Гарадзенскага і галава ягонага каня. У левай руцэ, прыціснуўшы да сэрца, князь трымае крыж Эўфрасіньні Полацкай, а ў правай — меч. У доле — гарадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага.

На тыльным баку — шчыт і Калоская царква, побач зь якой, паводле легенды, Давыд быў пахаваны.

На пастамэнце надпісы, у тым ліку наступны:

«Славутаму продку, сыну Св. Цімафея (Даўмонта) і Прп. Марфы, мужнаму абаронцу Айчыны, са шчырай удзячнасцю ад нашчадкаў, Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мецэната Карабача Анатолія Анатольевіча».

Давыд Гарадзенскі — сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзьмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага.

  • У 1305 годзе ён разам з Гедымінам разьбіў каля Горадні войскі камэнданта Брандэнбургу комтура Конрада Ліхтэнгагена.
  • У 1306 годзе ўзначаліў пасьпяховую абарону Гарадзенскага замка, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коньнікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваньнем комтура Кёнігсбэргу Эбэргарда Вірнэнбурга.
  • У 1314-м разьбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і зьнішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і вайсковую амуніцыю. Гэтым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней пры нападах на тэрыторыю ВКЛ трымалі склады харчу ў тыле.
  • У веснавую паводку 1319 году на чале 800 вершнікаў заваяваў прускую вобласьць Вагенштоф.
  • У 1322-м дапамог Пскову ў барацьбе зь Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разьбіў пад яго сьценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія трымалі горад у аблозе 18 дзён, а потым разьбіў іх.
  • У сакавіку 1324 году тры нямецкія рыцары і 600 воінаў спалілі маёнтак Давыда, дзе забілі яго сям’ю і звыш 30 іншых жыхароў. У адказ Давыд арганізаваў паход войскаў ВКЛ на Мазовію.
  • У 1326 годзе на чале атраду з 1200 коньнікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давыда.

Пахаваны Давыд, як лічыцца, каля сьценаў Барысаглебскага манастыра ў Горадні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG