Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадню прывезьлі помнік Давыду Гарадзенскаму


Помнік Давыду Гарадзенскаму

Помнік Давыду Гарадзенскаму разам з пастамэнтам вагою амаль у дзесяць тон і вышынёй болей за тры з паловай мэтры дастаўлены зь Менску ў Горадню. Дату ўсталяваньня вызначылі гарадзенскія ўлады.

Зь мячом і крыжам Эўфрасіньні Полацкай

Помнік складаецца зь дзьвюх частак: пастамэнту і самой скульптуры. Ён выкананы зь сьветла-шэрага башкірскага граніту. На пярэднім баку — суровы твар Давыда Гарадзенскага і галава ягонага вернага каня. У левай руцэ, прыціснуўшы да сэрца, князь трымае крыж Эўфрасіньні Полацкай, а ў правай — меч. У доле — гарадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Помнік Давыду Гарадзенскаму з тыльнага боку
Помнік Давыду Гарадзенскаму з тыльнага боку

На тыльным баку — шчыт і Калоская царква, побач зь якой, паводле легенды, Давыд быў пахаваны. На пастамэнце надпіс:

«Славутаму продку, сыну Св.Цімафея (Даўмонта) і Прп. Марфы, мужнаму абаронцу Айчыны са шчырай удзячнасьцю ад нашчадкаў Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мецэната Карабача Анатолія Анатольевіча».

Працаваў над помнікам менскі скульптар Сяргей Аганаў — у конкурсе ягоны праект быў прызнаны найлепшым спаміж трынаццаці. Цяпер помнік на падворку храма Ўсіх Беларускіх Сьвятых.

Сымбаль абаронцы Горадні

З фундатарам помніка Анатолем Карабачом зьвязацца не ўдалося — ягоны тэлефон увесь час недасяжны. Вядома, што ён заснавальнік менскай фірмы «Хорс-Мотарс», родам з Краснасельскага, што пад Ваўкавыскам. Помнік ствараўся пры падтрымцы Гарадзенскай праваслаўнай япархіі. Ейны прадстаўнік, айцец Андрэй Наздрын сказаў Свабодзе, што вельмі ўсьцешаны тым, што помнік урэшце даставілі ў Горадню.

«Вы нават не ўяўляеце, колькі давялося прайсьці розных інстанцый, каб атрымаць дазволы на ўсталяваньне помніка. Але з Божай помаччу нам гэта ўдалося», — кажа айцец Андрэй.

Андрэй Наздрын
Андрэй Наздрын

Айцец Андрэй дадае, што ў Горадні, на жаль, амаль няма помнікаў, якія ўслаўлялі б сапраўдных герояў і заслужаных дзеячоў. А вось помнік Давыду Гарадзенскаму, на яго думку, якраз сымбалізуе абаронцу Горадні.

«Помнік зрабілі дзеля таго, каб людзі ведалі сапраўдных гістарычных герояў, каб узгадвалі свае карані, каб ведалі гісторыю сваёй краіны і тое, наколькі нашы продкі былі вартыя, каб іх шанаваць».

Гэта будзе першы помнік, зьвязаны з гісторыяй Горадні

Помнік будзе ўсталяваны побач з гарадзенскімі замкамі на скрыжаваньні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай. Пастамэнт ужо падрыхтаваны.

Месца, дзе будзе стаяць помнік Давыду Гарадзенскаму
Месца, дзе будзе стаяць помнік Давыду Гарадзенскаму

Гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч кажа, што гэта першы помнік за шмат гадоў, які па-сапраўднаму зьвязаны з гісторыяй Горадні.

«У нас вуліцы называюць дагэтуль імёнамі сакратароў парткамаў або старшынь калгасаў, а помнікі стаяць чужым людзям: Леніну ды Чапаеву. А вось помнік Давыду Гарадзенскаму павінен стаць пачаткам таго, што нам варта ўсталяваць помнікі Вітаўту, Баторыю, Аўгусту Панятоўскаму, Кастусю Каліноўскаму і іншым нашым героям».

Краўцэвіч з сумам дадае, што ў гістарычнай частцы гораду, які некалі быў каралеўскім, калі адкрываюцца новыя кавярні і крамы, ніхто і не падумае, каб назваць каторую ў гонар гістарычных асобаў альбо гістарычных падзеяў, якія адбываліся ў Горадні.

«У любым іншым эўрапейскім горадзе гістарычны каралеўскі дух бы панаваў, а ў нас няма кавярняў „У караля Стаса“ або „Апошні сэйм“. На Новым замку яшчэ дагэтуль вісіць герб Савецкага Саюзу», — кажа Краўцэвіч.

Помнік Давыду Гарадзенскаму адкрыюць у Горадні падчас фэстывалю нацыянальных культур — у першы тыдзень чэрвеня.

Давыд Гарадзенскі — сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзьмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага.

  • У 1305 годзе ён разам з Гедымінам разьбіў каля Горадні войскі камэнданта Брандэнбургу комтура Конрада Ліхтэнхагена.
  • У 1306 годзе ўзначаліў пасьпяховую абарону Гарадзенскага замку, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коньнікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваньнем комтура Кёнігсбэргу Эбэрхарда Вірнэнбурга.
  • У 1314 разьбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і зьнішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю, чым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней пры нападах на тэрыторыю ВКЛ трымалі склады харчу ў тыле.
  • У веснавую паводку 1319 годзе на чале 800 вершнікаў заваяваў прускую вобласьць Вагенштоф.
  • У 1322 дапамог Пскову ў барацьбе зь Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разьбіў пад яго сьценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія трымалі горад у аблозе 18 дзён, а потым разьбіў іх.
  • У сакавіку 1324 г. тры нямецкія рыцары і 600 воінаў спалілі маёнтак Давыда, дзе забілі яго сямʼю і звыш 30 іншых жыхароў. У адказ Давыд арганізаваў паход войскаў ВКЛ на Мазовію.
  • У 1326 годзе на чале атраду з 1200 коньнікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давыда.
  • Пахаваны Давыд, як лічыцца, каля сьценаў Барысаглебскага манастыра ў Горадні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG