Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні новы конкурс на помнік. Герою рыцарскіх часоў. Давыду Гарадзенскаму. Я толькі за, але біць у літаўры, лічу, не выпадае заўчасна. Бывалі раней конкурсы, ды нічым закончыліся.

Прынцыповае пытаньне: ці будзе помнік падпісаны? Падпісаны помнік у рэспубліцы прынята лічыць вялікай палітыкай, ня менш. «Каб не памыліцца». У ідэалягічным сэнсе, само сабой. Конкурс абвясьціла гарадзкая ўлада. А каб ня проста была вулічная скульптура безназоўная, гэтага ўзроўню недастаткова. Будзем спадзявацца, што гэтая акалічнасьць улічаная.

Не хацелася б, каб проста паявіўся чарговы безназоўны «месьціч». Як ужо бывала. Гэтым разам, скажам, у кальчузе. Маўляў, жыхар гораду чатырнаццатага веку. Бо я ўжо казаў, подпіс на помніку ў нас — рыхтык вялікая палітыка. Дазвол, ды яшчэ на чалавека ўзброенага, у дасьпехах, можна атрымаць толькі ў вялікіх кабінэтах, безь чаго адмашкі ня будзе.

А з пункту гледжаньня «ідэалёгіі» манумэнт Давыду Гарадзенскаму — ня самая выйгрышная справа. Асоба амаль што легендарная, не хачу нікога пакрыўдзіць — накшталт Усяслава Чарадзея, хаця існавала насамрэч, цьвердзяць гісторыкі. Даўно. Жыў пры канцы ХІІІ — напачатку ХІV стагодзьдзя. Быў кашталянам ці камэндантам Старога замку. Быў ваяводам, перамагаў крыжакоў. Альбо «фрыцаў». Гэта, канечне, хутчэй плюс. З пункту гледжаньня «ідэалёгіі». Хаця яшчэ невядома. Зь немцамі мы, нібыта, сябраваць зараз хочам, а не наадварот.

Навіна другая: заказчыкам будзе мясцовая праваслаўная эпархія. Гэтая акалічнасьць выглядае даволі рэвалюцыйна. Не цару, ня царскаму чыноўніку ці генэралу хоча паставіць царкоўнае кіраўніцтва, а свайму беларускаму герою з часоў Сярэднявечча. І гэта сьведчыць пра сьвятароў, як пра людзей патрыятычных, якія памятаюць нашу гісторыю, яе пэрсанажаў. І ня проста цэняць іх, а хочуць ад слоў перайсьці да справы. Бо гісторыя з эскізамі помніка кашталяну — даволі барадатая.

Так, яшчэ рэальна амаль нічога не адбылося. Толькі абвешчаны конкурс. На жаль, нічым закончыўся некалі адбор мадэляў для скульптуры Кастуся Каліноўскага, хаця ўсё рабілася як мае быць — на ўрадавым узроўні. Пахавалі саму ідэю. Была адабраная з шэрагу работа для будучага бюста Максіма Багдановіча. Дагэтуль няма. Дык ці будзе Давыд Гарадзенскі стаяць у бронзе? Пытаньне без адказу. Можа будзе, а можа не. Бо пакуль няма, лепей загадзя не захапляцца, у Горадні інакш нельга.

Конкурс толькі абвешчаны. Месца для будучага манумэнту — на скрыжаваньні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай — насупраць пажарнай каланчы. Там любы не паставіш. І патрабаваньне: гэта будзе чалавек на поўны рост. Абавязкова неабходна выкарыстаць гарадзкую сымболіку. А таксама «сымбалі абароны веры». А гэта навошта? Ну, зрэшты, у краіне каталіцкай такіх пытаньняў бы ня ставілі. Няхай будуць сымбалі веры. Свой эскізны праект ахвотныя абавязаныя даслаць цягам двух месяцаў.

Як гарадзенец, які не прывык радавацца новым помнікам, я кажу сам сабе: ды няхай паблізу ад каланчы паставяць. Абы стаяў. Ён жа таксама пажары вайны з крыжакамі гасіў, можна сказаць. То яны на яго хадзілі, то ён на іх.

І ўсё ж застаецца сумнеў: а навошта? Навошта менавіта Давыду Гарадзенскаму ў першую чаргу? Што эпархія магчыма прафінансуе — у гэтым прычына? Але ці гэта рэальна? Што эпархія падтрымлівае — гэта зразумела. Каля самай Каложы — сымбалічная магіла ваяра. Паводле легенды ён там пахаваны быў, хаця дзе насамрэч — невядома. Але сымбалічны камень на гэтым месцы з крыжам стаіць. І вялікі камень на пагорку з прысьвячэньнем Давыду Гарадзенскаму — таксама.

Адным словам, гэтай асобе гістарычнай пашанцавала — яна ў горадзе ўжо была ўвекавечаная, наракаць не выпадае. Чаго ня скажаш пра многіх іншых.

Месца для новага помніка
Месца для новага помніка

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG