Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто раскруціў Давыда Гарадзенскага


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Гэта па апошніх зьвестках у Горадні нібыта помнік Давыду Гарадзенскаму надумалі паставіць. Быццам бы месца нават шукаюць, дакладней — прапануюць народу знайсьці. Ці ўзрадавала мяне навіна? Хутчэй, выклікала недавер. Ведаем мы гэтыя помнікі: столькі было такіх «навін», ніводнага не паставілі.

Адкуль той Давыд Гарадзенскі, уласна кажучы, паявіўся? Дзякуючы стараньням прафэсара Міхася Ткачова. Калісьці фактычнага кіраўніка адраджэнскага клюбу «Паходня». Ён дасьледаваў і пісаў спачатку пра абарончыя збудаваньні Панямоньня, затым усёй Беларусі, каб назваць яе «краінай замкаў». У мінулым, канечне, у часы Вялікага княства Літоўскага. Ён пасяляў у нашых сэрцах гонар, дазваляў адчуць гарт ваяроў, нашых продкаў.

У нас з Ткачовым была агульная кнігарня, «Кругагляд». Аднойчы ў яго выйшла новая кніжка, гэтым разам на рускай мове, «Замки Белоруссии». Я ў кнігарню. А ў чарзе да касы – вялікая постаць прафэсара. Трымае пад пахай цэлы стос, усе забраў, колькі было. Што зробіш. Але ён, сэкунду павагаўшыся, верхнюю даў мне. На вокладцы — Мірскі замак.

Непадалёк ад «Кругагляду» на тарцы пяціпавярховага дому, дзе жыў Ткачоў, гранітная шыльда. Я схадзіў зрабіць сьвежы здымак.

Шыльда Міхасю Ткачову на доме 27 на праспэкце Будаўнікоў у Горадні
Шыльда Міхасю Ткачову на доме 27 на праспэкце Будаўнікоў у Горадні

Апошняй яго кнігай стала «Замкі і людзі» (1991). Яму патрэбныя былі абаронцы, ён ня быў гісторыкам архітэктуры, якога цікавяць толькі муры. Давыд Гарадзенскі (канец ХІІІ ст., магчыма 1283-1326) ідэальна да гэтага надаваўся. Ваяваў з крыжакамі, дапамагаў рускім братам, быў, як няцяжка здагадацца, праваслаўным. Кашталян, камэндант гарадзенскага замку, ваявода (палкаводзец), нарэшце, згодна некаторым крыніцам, князь. Што выглядае цалкам праўдападобна.

Ткачоў быў дзейны чалавек, хвацкі. Ён ня толькі абмаляваў героя, ён наладзіў конкурс праектаў помніка Давыду Гарадзенскаму. 1988, здаецца, год. У клюбе «Паходня» адбываецца абмеркаваньне. Пару прафэсійных скульптараў удзельнічалі, прадставілі работы. Памятаю, я нават адзін помнік пакрытыкаваў: ідэя зразумелая — вобраз легендарных «труб гарадзенскіх» і галава ў шлеме. Але вельмі нагадала растыражаваных савецкіх будзёнаўцаў з горнамі.

Начальства, зрэшты, было ня супраць калі ня помніка, дык помнічка. Мінула 28 гадоў… І пазьней згаджаліся: няхай будзе князь, біяграфія ў яго — не прычапіцца. У 2002 годзе заманулася археолягам капнуць ля Каложы — раптам знойдуцца косткі Давыда Гарадзенскага? Паводле легенды быў ён прывезены з Брандэнбурга (дзе забіў нашага героя па-здрадніцку польскі рыцар), каб быць пахаваным ля храма. І такі нібы пагорачак якраз: як было не пашукаць? І адкапалі вялізны валун. А костак не знайшлі.

На месцы гэтым скульптар Панцялееў зрабіў сымбалічны надмагільны камень. На самім валуне са згоды начальства выразаны быў ім «балгаркай» тэкст аб Давыдзе Гарадзенскім. І перацягнулі яго на новае месца, пагляднае. А на помнік, як самі разумееце, «не хапіла грошай», як заўсёды.

Памятны камень князю
Памятны камень князю

Цяпер начальства, кажуць, чарговы раз ня супраць манумэнта кашталяну і ўдаламу ваяводу, які меў талент перамагаць. Тут нам і ў якасьці варыянту нават магчымае месца для яго называюць. На сёньняшняй плошчы Савецкай. Але як гэта выглядае непрафэсійна і недарэчна! Па-першае, на гэтым самым месцы ўжо столькі помнікаў «панаставілі». Прычым гістарычным асобам, якія былі больш значныя і па рангу ў дзяржаве, і па значэньні для Горадні.

Вельмі хацелася б, каб тыя начальнікі прыйшлі на месца і «раскінулі мазгамі». Праваслаўны князь пачатку ХІV стагодзьдзя будзе глядзець на катэдральны касьцёл? Ці яго паставяць сьпінай, каб быў на фоне катэдры? Не? Неадпаведна будзе, так? Тады што: паставіць, каб на фоне купецкага дому ў стылі рускага мадэрну? Добра будзе спалучацца? Але што будзе глядзець у зад танку Т-34, які праз сто мэтраў, гэта нармальна?

Чалавеку, які адчувае сябе гарадзенцам, які ўкарэніўся, зразумела, што адпаведным можа быць месца ў навакольлі Каложы. Але, зь іншага боку, там камень ляжыць памятны. Што тады? Тады на замкавым дзядзінцы паставіць. Праўда, замак у ягоныя часы быў яшчэ драўляным, але менавіта гэты чалавек бараніў яго, быў кашталянам. Дык чаго ровар выдумляць тады?

Давыд Гарадзенскі бараніў Стары замак
Давыд Гарадзенскі бараніў Стары замак

Апошняе: папросту прыгняло нізкім узроўнем «абмеркаваньне» навіны аб магчымым помніку Давыду Гарадзенскаму на мясцовым сайце. Яшчэ раз пераканаесься, што гэта праўда: чым менш чалавеку ёсьць што сказаць, тым больш ён пнецца гаварыць.

Сымбалічная магіла Давыда Гарадзенскага ля Каложы
Сымбалічная магіла Давыда Гарадзенскага ля Каложы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG