Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гастранамічны патрыятызм бяз дранікаў і мачанкі. Ці магчыма такое?


© Shutterstock

«У нас няма нічога, каб гэта было толькі наша», — кажа пра беларускую кухню старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.

Але ў відэаінтэрвію Нацыянальнаму прэс-цэнтру экспэртка заявіла, што Беларусь можа стаць гастранамічнай тэрыторыяй. Праўда, для гэтага трэба шмат папрацаваць.

Дранікі і мачанка — ежа не для ХХI стагодзьдзя

Валерыя Кліцунова падкрэсьлівае, што ведае гісторыю беларускай кухні і заклікае ўсіх праявіць «гастранамічны патрыятызм». Але адмысловага кшталту.

«Я разумею, што ў нас ёсьць дранікі, мачанка і нават больш старажытныя стравы. Але ж мы жывём у ХХI стагодзьдзі. Ва ўсім сьвеце цяпер усё болей і болей людзі клапоцяцца пра здароўе, яны ўсё меней і меней выкарыстоўваюць тлушч, адмаўляюцца ад „цяжкой“ ежы. Таму мы павінны зрабіць кухню ХХI стагодзьдзя. Натуральна, яна павінна быць беларуская, на нашых традыцыях. У нас ёсьць сайт Gastinia.by, дзе мы сабралі рэцэпты з рэгіёнаў. Я наагул лічу, што кухня павінна быць рэгіянальная. Прывабліваюць рэцэпты, якія ўзьніклі тут, і людзі едуць сюды, у месцы паходжаньня і рэцэптаў, і прадуктаў».

Яшчэ адным пунктам, над якім трэба працаваць, каб зрабіць краіну гастранамічна прывабнай, павінен быць лякальны фастфуд, — мяркуе экспэрт.

«Я разумею, што выклікаю гнеў шмат каго: маўляў, а як жа нашыя традыцыі, дранікі, мачанка?! Але калі вы ў Амэрыцы скажаце пра дранікі, пра бульбяныя бліны, вам адкажуць: гэта латкес — габрэйская страва. У нас, у Беларусі, гістарычна існуе зьмешваньне. У нас няма нічога, каб гэта было толькі наша. Гэта плавільны кацёл розных культур і нацыянальнасьцяў, якія тут былі. Я думаю, на гэтым трэба зрабіць акцэнт», — кажа Кліцунова.

Валерыя Кліцунова кажа, што яны сабралі ад гаспадароў аграсядзіб ужо сотні рэцэптаў. Разам зь Літвой і Латвіяй рэалізуюць праект пра кулінарную спадчыну. Ён фінансуецца Эўразьвязам і тычыцца такіх прадуктаў, як хлеб, сыр, напоі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG