Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: адмова ад мяса можа дапамагчы ў барацьбе з глябальным пацяпленьнем


Засуха ў Індыі
Засуха ў Індыі

Буйная рагатая жывёла вырабляе такую колькасьць мэтану, што яна ўзмацняе парніковы эфэкт. Чвэрць выкідаў парніковых газаў прыпадае на сельскагаспадарчую і іншую дзейнасьць, зьвязаную зь землекарыстаньнем. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе Міжурадавай камісіі ААН у справе зьмены клімату.

Аўтары дакладу — больш за 100 экспэртаў з 53 краінаў сьвету прапануюць як адно з вырашэньняў праблемы — адмову чалавецтва ад спажываньня мяса, а наўзамен — пераход на збалянсаванае харчаваньне з выкарыстаньнем прадуктаў пераважна расьліннага паходжаньня.

Харчовая бясьпека ў сьвеце ўсё больш трапляе пад рызыку з прычыны «беспрэцэдэнтнага» узьдзеяньня зьмены клімату, падкрэсьліваюць аўтары дасьледаваньня на 1200 старонак, і папярэджваюць, што сёньня больш за 500 мільёнаў чалавек жывуць у раёнах, закранутых эрозіяй, зьвязанай са зьменай клімату.

Згодна з дакладам, чалавецтва жыве на 70 працэнтах свабоднай ад леднікоў зямлі, аднак чвэрць гэтай глебы ўжо дэградавала і непрыдатная для сельскай гаспадаркі. Дэградацыя зямлі вядзе да апустыньваньня, што само па сабе зьяўляецца незваротным працэсам. Аднак у дакладзе адзначаецца і пабочны эфэкт гэтай зьявы — тое, што дэградацыя глебы зьніжае яе магчымасьць паглынаць вуглярод і як вынік — да павелічэньня парніковых газаў у атмасфэры. Вадзяны пар разам з вуглякіслым газам і мэтанам зьяўляюцца трыма самымі распаўсюджанымі ў атмасфэры парніковымі газамі, чыё павелічэньне вядзе да павышэньня тэмпэратуры — так званы працэс пацяпленьня.

Сярод іншых высноваў дакладу — тое, што ў сьвеце больш 820 мільёнаў чалавек недаядаюць, а ў той жа час прыкладна траціна прадуктаў харчаваньня марнуюцца.

Раней экспэрты ААН вызначылі павышэньне сярэдняй тэмпэратуры ў атмасфэры Зямлі на два градусы Цэльсія як лімітавую велічыню, за якой пачнуцца катастрафічныя наступствы для чалавецтва. Аднак у 2017 годзе ААН прыйшла да высновы, што крытычным можа быць павышэньне тэмпэратуры на паўтара градуса.

Аўтары дакладу заклікаюць усе краіны ўзяць на сябе абавязацельствы па ўстойлівым выкарыстаньні зямлі і абмежаваньні выкідаў парніковых газаў пакуль ня позна. 23 верасьня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку пройдзе глябальны саміт па зьмяненьні клімату ў якім, як мяркуецца, возьмуць удзел кіраўнікі больш як 120 краінаў сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG