Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўны фактар зьмены клімату — не чалавек». 12 тэзісаў беларускага кліматоляга


Дэманстрацыя супраць глябальнага пацяпленьня ў Лёндане, 2015 год
Дэманстрацыя супраць глябальнага пацяпленьня ў Лёндане, 2015 год

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра выхад ЗША з Парыскага пагадненьня па клімаце аб супрацьдзеяньні глябальнаму пацяпленьню. Гэты крок Трампа асудзілі многія палітыкі ў сьвеце. Супраць выхаду Амэрыкі з Парыскага пагадненьня выказаліся кіраўнікі буйных амэрыканскіх карпарацый і публічныя асобы.

Зьмена клімату ў сьвеце працягвае быць адной з самых гарачых тэмаў навуковых дыскусій і спрэчак. Наконт яе няма згоды ня толькі сярод палітыкаў, але і саміх навукоўцаў.

Уладзімер Логінаў
Уладзімер Логінаў

У Беларусі адзін з самых аўтарытэтных спэцыялістаў у гэтай галіне — акадэмік Уладзімер Логінаў. Ён працаваў ва Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі ААН у Жэнэве, Стэнфардзкім унівэрсытэце ў ЗША, а ў дадзены момант працуе ў Акадэміі навук Беларусі. Логінаў распрацаваў сцэнары зьмены клімату Беларусі і ацаніў іх наступствы для розных сфэраў чалавечай дзейнасьці.

Свабода сабрала 12 цытатаў беларускага кліматоляга, якія адлюстроўваюць вынікі яго шматгадовай навуковай дзейнасьці.

1. На зьмену клімату ўплывае шмат фактараў: зьмена парамэтраў арбіты зямлі, парніковыя газы, дзейнасьць чалавека.

2. У сувязі са зьменамі арбітальных парамэтраў Зямлі адбываецца пахаладаньне, але яго хуткасьць — прыблізна 0,3 градуса Цэльсія за 1000 гадоў.

3. Хуткасьць пацяпленьня за кошт парніковых газаў, або, дакладней пацяпленьня, якое прыпісваецца парніковым газам, складае прыблізна 0,1 градуса Цэльсія за 10 гадоў.

4. Галоўны парніковы газ — гэта вадзяная пара. Але калі браць уклад вадзяной пары і іншых газаў, то гэта несувымерныя рэчы. Доля вадзяной пары, як мінімум, на парадак большая. Калі параўноўваць іх паводле ўтрыманьні ў атмасфэры, то ўтрыманьне такога парніковага газу, як СО2 — складае 0,038%; тым часам як вадзяной пары — у сярэднім 0,38%. А ў тропіках нават больш за 1%.

5. Парніковыя газы ўяўляюць сабою глябальную праблему, але іх роля перабольшаная. Гэта шмат каму выгадна. Праблема сама па сабе палітызаваная. У Заходняй Эўропе вельмі высокатэхналягічная вытворчасьць, і экалягічна бясьпечная. Яны хочуць гэта прадаваць. У Заходняй Эўропе практычна няма вуглевадародных крыніц сыравіны. Ім хочацца быць незалежнымі ад нафты, газу, а ў канчатковым выніку — ад Расеі, Арабскіх Эміратаў, Савудаўскай Арабіі

6. Велічыню трэндаў тэмпэратуры ў Беларусі вызначае нават акіян. Вялікія прытокі цяпла ў сыстэме Гальфстрым — гэта вялікія станоўчыя трэнды тэмпэратур у асобныя пэрыяды году. Меншыя прытокі цяпла ў сыстэме Гальфстрым — трэнды тэмпэратур меншыя або роўныя нулю. У лістападзе ці траўні трэнды роўныя нулю, бо акіянічныя плыні прыносяць мінімальны прыток цяпла. Гэта значыць, што велічыню трэндаў тэмпэратуры мадэлюе акіян.

7. Галоўны фактар, які адказны за зьмену тэмпэратуры — гэта прыток сонечнай радыяцыі. Калі б яго не было, усё астатняе — гэта мізэр. Сонечная радыяцыя запускае ўсе прыродныя мэханізмы — цыркуляцыю атмасфэры і акіяну, абарот вільгаці, фотасынтэз і г. д.

8. Чалавек можа ўплываць на клімат двума шляхамі: праз спальваньне арганічнага паліва, разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, цэмэнтную прамысловасьць, а таксама ў выніку высечкі лясоў. Паколькі пры гэтым памяншаецца паглынаньне парніковых газаў.

9. Але дагэтуль натуральныя фактары зьмены клімату застаюцца галоўнымі. Чалавек перабольшвае сваю ролю. Яму хочацца кіраваць прыродай, але жаданьне і рэальнасьць — гэта розныя рэчы.

10. Каб уявіць суадносіны сілаў прыроды, трэба ўявіць, што магутнасьць аднаго цыклёну роўная магутнасьці каля тысячы атамных электрастанцый, якія плянуюць пабудаваць у Беларусі.

11. Пацяпленьне клімату прыводзіць да зьмяшчэньня зоны стэпаў на тэрыторыю Беларусі. Расьліны, якіх яшчэ 20-30 гадоў таму не было на Палесьсі, цяпер цудоўна разьвіваюцца. Тое самае датычыць і жывёлаў. Яны прызвычаіліся да акрэсьленага тэрмічнага рэжыму, і таму перамяшчаюцца ўсьлед за зьменамі клімату. Дзікая прырода будзе на гэта рэагаваць.

12. Чалавек можа ўдзельнічаць у кіраваньні прыродай. Але якім бы магутным ён сябе ні адчуваў, натуральны этап разьвіцьця прыроды ён зьмяніць ня ў стане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG