Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Масквы дазволілі 10 жніўня мітынг пратэсту апазыцыі


Акцыя пратэсту 27 ліпеня ў Маскве

Алена Русакова, не зарэгістраваная Маскоўскім гарадзкім выбаркамам кандыдатка ад партыі «Яблоко», па выніках сустрэчы з намесьнікам мэра Масквы Гарбенкам паведаміла, што маскоўскія ўлады дазволілі мітынг на праспэкце Сахарава 10 жніўня.

Мітынг пачнецца ў 14.00, заяўленая колькасьць удзельнікаў — да 100 тысяч чалавек. Мітынгоўцы выкажуць падтрымку кандыдатам ад апазыцыі, не дапушчаным да выбараў у Маскве.

«Мітынг узгаднілі. Гэта аб’яднаная заяўка мая, а таксама Дзяніса Шэндэровіча і Эльвіры Віхаровай», — сказала Русакова. Яшчэ адзін заяўнік мітынгу на Сахарава, кандыдат ад каманды Дзьмітрыя Гудкова Дзьмітрый Жмуткоў, паводле яе, сваю заяўку адклікаў.

​Папярэднія няўзгодненыя акцыі прайшлі 27 ліпеня і 3 жніўня ў цэнтры Масквы. Абедзьве акцыі былі разагнаныя з прымяненьнем сілы. 27 ліпеня, паводле праваабаронцаў, было затрымана больш за 1300 чалавек, 3 жніўня — больш за 1000.

Вулічныя пратэсты пачаліся пасьля таго, як выбаркамы ў Маскве не зарэгістравалі на мясцовых выбарах амаль усіх незалежных кандыдатаў, у тым ліку прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Улады спаслаліся на графалягічную экспэртызу подпісаў, якая нібыта прызнала многія здадзеныя кандыдатамі подпісы фальшывымі, ды іншыя парушэньні, напрыклад няслушна названыя зьвесткі выбарнікаў. Сам Навальны, як і іншыя незарэгістраваныя кандыдаты, цяпер пад адміністрацыйным арыштам.

Выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу павінны адбыцца ў верасьні 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG