Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская апазыцыя анансавала новы пратэст 10 жніўня


Падчас акцыі пратэсту ў Маскве 3 жніўня

У Маскве 10 жніўня адбудзецца чарговая вулічная акцыя за допуск незалежных кандыдатаў да выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу, заявіў паплечнік апазыцыянэра Аляксея Навальнага Леанід Волкаў.

Волкаў падкрэсьліў, што акцыя будзе мірнай, аднак узгадняць яе з мэрыяй Масквы ня будуць, паколькі, на думку Волкава, улады Масквы страцілі легітымнасьць. Фармат акцыі ініцыятары абвесьцяць 5 жніўня.

Паводле Волкава, 10 жніўня, акрамя акцыі ў Маскве, у розных рэгіёнах Расеі пройдуць пікеты салідарнасьці з масквічамі.

Раней улады Масквы ўзгаднілі правядзеньне 10-га і 11 жніўня на праспэкце Сахарава мітынгаў з колькасьцю ўдзельнікаў да 100 000 чалавек. Заяўкі на іх падавалі апазыцыйныя муніцыпальныя дэпутаты.

Папярэднія няўзгодненыя акцыі прайшлі 27 ліпеня і 3 жніўня ў цэнтры Масквы. Абедзьве акцыі былі разагнаныя з прымяненьнем сілы. 27 ліпеня, паводле праваабаронцаў, было затрымана больш за 1300 чалавек, 3 жніўня — больш за 1000.

Вулічныя пратэсты пачаліся пасьля таго, як выбаркамы ў Маскве не зарэгістравалі на мясцовых выбарах амаль усіх незалежных кандыдатаў, у тым ліку прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага. Улады спаслаліся на графалягічную экспэртызу подпісаў, якая нібыта прызнала многія здадзеныя кандыдатамі подпісы фальшывымі, ды іншыя парушэньні, напрыклад няслушна названыя зьвесткі выбарнікаў. Сам Навальны, як і іншыя незарэгістраваныя кандыдаты, цяпер пад адміністрацыйным арыштам.

Выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу павінны адбыцца ў верасьні 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG