Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расейцам трэба вучыць найноўшую гісторыю Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Суд над гомельскім блогерам Максімам Філіповічам. 26 сьнежня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Суд над гомельскім блогерам Максімам Філіповічам. 26 сьнежня 2018 году

«На шчасьце, вам будзе неактуальна», — сказала са сцэны беларускага фэстывалю «Рок за Баброў» расейская сьпявачка Манетачка (Лізавета Гырдымава). Дзяўчына апавядала, як у Расеі «лёгка судзяць і садзяць у турму блогераў».

Але расейцы ўжо маглі быць да такога падрыхтаваныя, калі б ведалі, што адбывалася ў Беларусі. Свабода сабрала пяць прыкладаў, калі судзілі і садзілі беларускіх блогераў.

Што сказала Манетачка:

«Ну а наступная мая песенька, на шчасьце, вам будзе ня вельмі актуальная. Справа ў тым, што ў маёй краіне дастаткова быць блогерам, дастаткова нешта напісаць у „Жывым журнале“ — і цябе могуць лёгка пасадзіць у турму. Дык вось мне стала цікава, што будзе, калі ўсіх блогераў за палітычныя справы перасаджаюць у турму: што стане з турмамі і з інтэрнэтам?», — сказала са сцэны «Рок за Баброў» Гырдымава перад выкананьнем песьні «Казырны туз».

Джон Сільвэр і абвінавачаньне ў распаўсюджваньні порна і распальваньні варожасьці

У студзені 2016 году стала вядома пра затрыманьне ў Расеі беларускага блогера Джона Сільвэра, стваральніка на той момант ужо папулярнага парталу 1863х.com.

На старонках гэтага сайту аўтар публікаваў рэзанансныя расьсьледаваньні і актуальныя палітычныя навіны.

Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

У Беларусі на яго завялі дзьве крымінальныя справы: аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і аб распаўсюдзе парнаграфіі. Пазьней стала вядома, што пад нікам Джон Сільвэр хаваецца ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс. Агулам у беларускім і расейскім СІЗА ён правёў каля 10 месяцаў. Пасьля быў асуджаны на 1 год і 9 месяцаў так званай «хатняй хіміі».

Пратэстоўца супраць акумулятарнага заводу судзілі за абразу ўчастковага

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

​Берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна сёлета ў красавіку судзілі за абразу і паклёп у адрас супрацоўніка міліцыі. Блогер стаў вядомы на фоне пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Жыхары гораду ўжо больш за год выходзяць па выходных на цэнтральную плошчу. Сяргей Пятрухін актыўна асьвятляў гэтыя падзеі, вёў трансьляцыі.

Паводле матэрыялаў справы, падставай для крымінальнай справы стаў відэаролік, які Сяргей Пятрухін апублікаваў на Youtube.

Суд прызнаў Пятрухіна вінаватым, яго пакаралі штрафам, які разам з судовымі выдаткамі склаў 14 950 рублёў.

Блогера судзілі за тое, што ён блогер

Максім Філіповіч, 2017 год
Максім Філіповіч, 2017 год

Гомельскага блогера Максіма Філіповіча судзілі некалькі разоў. Ён стаў папулярным падчас масавых пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедах», паводле якога трэба было плаціць дзяржаве, калі ня маеш афіцыйнага месца працы.

У 2017 годзе яго абвінавацілі ў «незаконным вырабе прадукцыі СМІ». Канкрэтна ягоная віна паводле міліцыі і суду была ў тым, што блогер «ствараў грамадзкую думку сярод грамадзянаў Беларусі».

Справа была судом прыпыненая, але да таго Максім Філіповіч адседзеў у ізалятары 30 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту ў розных гарадах Беларусі.

NEXTA і крымінальная справа за абразу прэзыдэнта

Сьцяпан Сьвятлоў, архіўнае фота
Сьцяпан Сьвятлоў, архіўнае фота

Блогер Сьцяпан Сьвятлоў (NEXTA) летась стаў фігурантам крымінальнай справы за «абразу прэзыдэнта». Тады яму было 19 гадоў.

Канал NEXTA на Youtube, а таксама ў Telegram — адны з самых папулярных у Беларусі. У іх блогер паведамляе актуальныя навіны і знаходзіць інсайды зь месцаў падзей.

У кватэры бацькоў Сьцяпана правялі ператрус у рамках гэтай справы. Сам блогер цяпер, як і падчас ператрусу, знаходзіцца ў Польшчы, дзе вучыцца ў ВНУ.

Андрэй Павук і замінаваньне райвыканкаму

Андрэй Павук
Андрэй Павук

Андрэй Павук вядомы крэатыўнымі акцыямі і пэрформансамі ў ягоным родным пасёлку Акцябрскім і канфліктамі зь мясцовымі ўладамі. Таксама блогер вядзе Youtube-канал «Рудабельская паказуха», на які падпісана амаль 7 500 чалавек. У ім ён крытыкуе мясцовых чыноўнікаў.

Сёлета ў сакавіку Андрэя Павука затрымалі, а ў кватэры правялі ператрус. Прычына — ілжывае паведамленьне пра міну ў будынку райвыканкаму ў гарадзкім пасёлку Акцябрскім. Яго пратрымалі 5 гадзін, перш чым вызвалілі. Што цяпер з гэтай справай, незразумела. Андрэй Павук накіраваў некалькі зваротаў у пракуратуру і яшчэ чакае афіцыйнага адказу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG