Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заклікае не разьмяшчаць ракеты ў Эўропе


Расейская ракета 9M729
Расейская ракета 9M729

Беларусь са шкадаваньнем успрыняла спыненьне дзеяньня Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД), гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў.

На думку МЗС, «спыненьне дзеяньня ДРСМД наносіць сур’ёзны ўрон міжнароднай бясьпецы і стратэгічнай стабільнасьці, ствараючы перадумовы для гонкі ўзбраеньняў у розных рэгіёнах сьвету, перадусім у Эўропе».

МЗС нагадвае, што Беларусь была гатовая ўдзельнічаць «у любых канструктыўных намаганьнях» па захаваньні жыцьцяздольнасьці Дамовы, але да яе прапановаў не прыслухаліся.

Беларусь заклікае «усе зацікаўленыя дзяржавы па абодва бакі Атлянтыкі прыкласьці максымум намаганьняў, каб прадухіліць разьмяшчэньне ракет сярэдняй і меншай далёкасьці на эўрапейскім кантынэнце». Краіна гатовая да «канструктыўнай і мэтанакіраванай працы для дасягненьня гэтай мэты».

Што будзе рабіць Беларусь пасьля выхаду ЗША і Расеі з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці? У дыскусіі экспэртаў, якая прайшла ў Менску ў сакавіку, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін выказаў меркаваньне, што калі далей падзеі будуць разьвівацца ў нэгатыўным пляне, то кіраўніцтву Беларусі будзе «выключна цяжка» ня выканаць расейскія пляны па разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі найноўшых ракет. Алесін ня выключыў, што напрыканцы 2019 году ў Беларусі могуць зьявіцца расейскія ракеты, якія будуць усталяваныя на шасі Менскага заводу колавых цягачоў.

Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці была падпісаная ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідэрамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

Сёньня Расея і ЗША абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні дамовы. 20 кастрычніка 2018 году амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсьці з дамовы з прычыны яе невыкананьня Масквой. На думку Вашынгтону, расейскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729.

У Расеі гэтыя абвінавачваньні абверглі, высунуўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, разьмяшчаючы на аб’ектах СРА ў Эўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасьцю 2,4 тыс. км.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG