Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у 15 000 рублёў. Як графіці «аўстралійскага Бэнксі» ў Менску пасварыла беларусаў


Графіці Фінтана Магі на вуліцы Ляшчынскага

Год таму «аўстралійскі Бэнксі» намаляваў у Менску графіці. У сувязі з гэтай гісторыяй зварот атрымалі Камітэт дзяржкантролю і пракуратура. Прычына канфлікту на гэты раз ня ў зьмесьце малюнка. Бакі паспрачаліся наконт арэнды тэхнікі, справа дайшла да суду.

Вулічнага мастака Фінтана Магі (Fintan Magee), родам з Брысбэна, на радзіме называюць няйначай як «аўстралійскім Бэнксі». Вядомы ён ня толькі ў Аўстраліі, але і за яе межамі. Творы Фінтана можна пабачыць у Эўропе, ЗША і Афрыцы.

У Беларусь «аўстралійскі Бэнксі» прыехаў летам 2018 году, каб размаляваць адну з шэрых сьцен дзевяціпавярховіка ў Кунцаўшчыне. Размаляваў. А праз год ягоны малюнак стаў прычынай спрэчкі беларусаў. Дакладней, ня сам малюнак, а працэс яго стварэньня. Спрэчка не жартоўная, гаворка пра больш як 15 тысяч рублёў.

15 569 рублёў і 84 капейкі

У Беларусь «аўстралійскага Бэнксі» запрасіла некамэрцыйная арганізацыя «Рэгіянальнае бюро разьвіцьця», якой кіруюць Аляксандар Мазур і Алег Ларычаў. Грошы (а спатрэбілася больш за 6000 рублёў) зьбіралі праз краўдфандынг. Першапачаткова заплянаваную суму назьбіраць ня выйшла, але аўстраліец натхніўся Драздовічам і ідэямі ІТ-краіны, таму ў Кунцаўшчыну ўсё ж прыехаў. Працаваць пачаў 8 жніўня.

У гэты ж дзень прадстаўнікі «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» заплацілі за карыстаньне пад’ёмнікам 1600 рублёў. Першапачаткова плянавалася арандаваць яго на чатыры дні, аднак урэшце Фінтан Магі застаўся на тыдзень. «Рэгіянальнае бюро разьвіцьця» мусіла дадаткова патраціцца на арэнду пад’ёмніка.

14 жніўня 2018 году «аўстралійскі Бэнксі» скончыў свой малюнак і зьехаў. Арандаваны для ягонай працы пад’ёмнік застаўся стаяць каля дому нумар 5 па вуліцы Ляшчынскага. Летам 2019 году Мазур з Ларычавым даведаліся, што вінаватыя за гэта больш як 15 тысяч.

«Праблемы ўзьніклі ад самага пачатку. Аказалася, што цягач, які прывёз пад’ёмнік, ня быў уключаны ў дамову, — расказвае Аляксандар Мазур. — Мы яшчэ дадаткова цягач аплачвалі тады. Фактычна былі пастаўленыя перад фактам. Ну, мы заплацілі. Потым фактычна зь іх боку не было прэтэнзій. Мы даведаліся пра іх, толькі калі на нас у суд падалі».

Аказалася, што кампанія «Гафіар-сэрвіс», якая здала «Рэгіянальнаму бюро разьвіцьця» ў арэнду свой пад’ёмнік, патрабуе за яго выкарыстаньне дадатковыя 15 569 рублёў і 84 капейкі. Прычына — невяртаньне тэхнікі арандатарам. Пакуль «Рэгіянальнае бюро разьвіцьця» спрабавала аспрэчыць пазоў, прайшоў суд. Ён вырашыў, што Мазур з Ларычавым павінны дадаткова заплаціць за выкарыстаньне тэхнікі кампаніі «Гафіар-сэрвіс» больш за 15 тысяч рублёў.

«Працэс прайшоў па спрошчанай працэдуры, — кажа Аляксандар Мазур. — Дакумэнтацыю зь юрыдычнага адрасу мы забіраем прыкладна раз на месяц, і калі прыехалі яе забіраць, то было позна падаваць апэляцыю. Суд ужо прыняў рашэньне спагнаць з „Рэгіянальнага бюро разьвіцьця“ грошы. Мы падалі апэляцыю з просьбай правесьці новае публічнае паседжаньне. Даслалі ў суд дадатковыя дадзеныя. Перапіску ў мэсэнджэры, дзе бачна, што мы інфармавалі пра магчымасьць забраць пад’ёмнік».

Свабода зьвярнулася па камэнтар у кампанію «Гафіар-сэрвіс». Яе кіраўнік Дзьмітрый Лісіца сказаў, што пра канфлікт з «Рэгіянальным бюро разьвіцьця» ведае. Аднак мае цалкам адваротны пункт гледжаньня.

«Ёсьць органы, якія кажуць, чыя праўда, а хто вінаваты, — сказаў Дзьмітрый Свабодзе. — Той жа судзьдзя вызначае гэта. Я арыентуюся на суд, а не на словы кліентаў, якія ня хочуць аплачваць нашыя паслугі. Тое, што мы не спрабавалі вырашыць канфлікт да суду, гэта няпраўда. Наш мэнэджэр неаднаразова зь імі зьвязваўся, спрабаваў перадаць акты выкананых прац асабіста ў рукі. Мы высылалі дакумэнты і па юрыдычным адрасе, але ён быў няправільна ўказаны. Таму спрабавалі асабіста перадаць дакумэнты, некалькі разоў. Але ў нас так і не атрымалася гэтага зрабіць. Высылалі заказныя лісты, яны ўсе вярталіся. Я ня ведаю, што яшчэ можна было зрабіць. Лавіць людзей неяк? Шчыра, ня ведаю».

Па словах кіраўніка кампаніі «Гафіар-сэрвіс», уся справа ў пункце 1.6 заключанай зь «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» дамовы (тэкст дамовы ёсьць у рэдакцыі Свабоды). Згодна з гэтым пунктам адказнасьць за вяртаньне пагрузчыка яго ўласьніку ляжыць на замоўцы. Простымі словамі, «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» не вярнула тэхніку пасьля яе выкарыстаньня, пад’ёмнік стаяў каля размаляванага аўстралійскім мастаком дома, а грошы за арэнду па-ранейшаму «капалі». Пад’ёмнік прадстаўнікі «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» вярнулі ўласьніку толькі 21 жніўня. Калі Мазур з Ларычавым не захацелі плаціць за дадатковыя дні, «Гафіар-сэрвіс» падаў на іх у суд і выйграў справу.

Камітэт дзяржкантролю і пракуратура

Але гэта яшчэ не канец гісторыі. Прадстаўнікі «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» Аляксандар Мазур і Алег Ларычаў сьцьвярджаюць, што сталі ахвярамі махлярства. На іх думку, «Гафіар-сэрвіс» наўмысна зацягнула справу, каб давесьці яе да суду і спагнаць дадатковыя грошы. Таму «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» зьвярнулася ў Камітэт дзяржкантролю і пракуратуру. Яго прадстаўнікі просяць расьсьледаваць дзеяньні ўласьніка пад’ёмніка і даць ім прававую ацэнку.

Кіраўнік «Гафіар-сэрвіс» Дзьмітрый Лісіца сказаў Свабодзе, што кампанія з пачатку 2018 і да канца ліпеня 2019 году падпісала з кліентамі каля 250 дамоваў (больш за 100 зь іх зьвязаныя з арэндай тэхнікі). За гэты ж пэрыяд кампанія «Гафіар-сэрвіс», паводле яе кіраўніка Дзьмітрыя Лісіцы, у суд зьвярталася толькі пяць разоў.

Паводле інфармацыі, атрыманай Свабодай з дапамогай сэрвісу kartoteka.by, з 2016 году кампанія «Гафіар-сэрвіс» выйграла тры судовыя працэсы. Акрамя 15 569 рублёў, адсуджаных у «Рэгіянальнага бюро разьвіцьця», «Гафіар-сэрвіс» таксама выйграла суды ў прадпрыемства «СУ-181» (1560 рублёў) і таварыства «Красавік-плюс» (34 879 рублёў). За апошнія шэсьць месяцаў кампанія зьвярталася ў суд тройчы, дзьве справы яшчэ не разгледжаныя.

Адказу на зварот прадстаўнікоў «Бюро рэгіянальнага разьвіцьця» ў Камітэт дзяржкантролю і пракуратуру Менскай вобласьці пакуль няма. Як сказаў Свабодзе Алег Ларычаў, яны ня маюць магчымасьці выплаціць кампаніі «Гафіар-сэрвіс» прысуджаныя судом 15 тысяч рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG