Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме расейскамоўнае графіці пакінуць. Але зробяць новае па-беларуску


Графіці ў Слоніме на расейскай мове

«Дзеля захаваньня нацыянальна-моўнай згоды ў грамадзтве», — так патлумачыла намесьніца старшыні Слонімскага райвыканкаму рашэньне пакінуць расейскамоўны надпіс, супраць якога паўсталі слонімцы.

У Слонімскім райвыканкаме паведамілі, што створаць адмысловае графіці да Дня беларускага пісьменства. На ім будзе выява Францыска Скарыны і надпіс на беларускай мове, сказала карэспандэнту Свабоды начальніца аддзелу ідэалягічнай працы і па справах моладзі райвыканкаму Натальля Юньчыц. Які будзе надпіс, яна не паведаміла.

«Цяпер робіцца графіці да Дня беларускага пісьменства на будынку па вуліцы Чырвонаармейская, 23, каля цэнтральнай пляцоўкі. На ім будзе выява Францыска Скарыны. Новае графіці зьявіцца дні праз два».

У чым канфлікт і чаму мы пра гэта пішам

  • Да Дня беларускага пісьменства ў цэнтры Слоніма намалявалі графіці — выяву тэатру Міхала Казіміра Агінскага. Надпіс на графіці зрабілі па-расейску.
  • Аляксей Дужы ў траўні зьвярнуўся ў Слонімскі райвыканкам, каб надпіс перарабілі на беларускі. Яму паабяцалі, што выправяць расейскамоўны надпіс на беларускамоўны да 1 чэрвеня.
  • Аднак гэта не было зроблена. Намесьніца старшыні Слонімскага райвыканкаму Тэрэса Юшкевіч адказала Аляксею Дужаму, што надпіс вырашылі захаваць па-расейску «дзеля захаваньня нацыянальнай-моўнай згоды ў грамадзтве».
  • Гэта абурыла людзей яшчэ больш. У інтэрнэце зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем выправіць надпіс.

  • «Слонім моцна зрусыфікаваны горад, бальшыня шыльдаў у ім падпісаныя па-руску, знак на ўезьдзе ў горад рускамоўны, рускамоўныя нават надпісы на табло аўтобусаў. Па ўсім відаць, гэта сыстэматычнае стаўленьне ўладаў гораду па русыфікацыі асяродзьдзя, не спыняе нават Год малой радзімы і Дзень беларускага пісьменства», — пішуць аўтары пэтыцыі.

Што з графіці цяпер

Графіці з выявай тэатру Агінскага і подпісамі на расейскай мове перапраўляць ня будуць.

«Гэтае графіці было створана ў красавіку не да Дня беларускага пісьменства, а ў рамках добраўпарадкаваньня гораду. Надпіс на ім застанецца як ёсьць. Перапраўляць яго ня будуць. Адны просяць паправіць, іншыя — пакінуць. Колькі людзей, столькі і думак. Калі папраўляем, гэта не заўсёды мае прывабны выгляд. Таму прынятае рашэньне пакінуць графіці як яно было зроблена», — сказала Свабодзе начальніца аддзелу ідэалягічнай працы і па справах моладзі райвыканкаму Натальля Юньчыц.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG