Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Духоўна-маральным выхаваньнем» назваў кіраўнік тэлевізіі Чачэніі публічныя выбачэньні падлетка


Дырэктар ЧГТРК «Грозны» Ахмед Дудаеў у інтэрвію рэдакцыі Свабоды «Кавказ. Реалии» пракамэнтаваў скандал, які пачаўся пасьля таго, як у эфіры чачэнскага тэлеканалу 46 хвілін паказвалі 16-гадовага падлетка Магамеда Ахматава.

Большую частку сюжэту юнак са сьлязамі на вачах прасіў прабачэньня за тое, што крытыкаваў Кадырава і ўлады рэспублікі ў сацсетках і слухаў папрокі муфтыя Чачэнскай рэспублікі Салаха Межыева: той зачытваў раздрукаваныя на некалькіх лістах камэнтары падлетка ў інтэрнэце.

Матэрыял выйшаў у эфір 26 ліпеня і называўся «Экстрэмісцкі камэнтар і яго наступствы». «Экстрэмісцкімі» аўтары сюжэту палічылі рэплікі Ахматава, якімі ён высьмейваў дзейнасьць дабрачыннага фонду імя Ахмада Кадырава, і называў «няверным» кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а асяродзьдзе прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна — «шайкай».

«Я вельмі моцна пашкадаваў. Мяне падманулі ў інтэрнэце. Я паспрабую больш ніколі такога не рабіць. Я прашу прабачэньня ва ўсяго чачэнскага народу», — кажа на відэа падлетак.

Відэа выклікала вялікі розгалас у Расеі і на Захадзе, асабліва з улікам доўгай традыцыі прылюднага прынясеньня прабачэньняў, якія ўлады Чачні прымушаюць рабіць сваіх крытыкаў. Але, па словах Ахмеда Дудаева, дырэктара ЧГТРК «Грозны», дзе выйшаў сюжэт, матэрыял быў «духоўна-маральным выхаваньнем» чачэнскай моладзі:

«Гэта не адчытваньне дзяцей. Гэта комплексная работа ў духоўна-маральным выхаваньні падрастаючага пакаленьня. Ня кожны прадстаўнік моладзі ў іншых рэгіёнах, у іншых краінах мае магчымасьць сустракацца, дапусьцім, зь першай асобай... маецца на ўвазе з муфтыем. Ці бачылі, у нас малады хлопец з муфтыем сустракаўся? Для яго [для падлетка] гэта вялікі гонар, — заявіў Дудаеў. — Муфтый — заняты чалавек, у яго шмат працы. Але першыя асобы самі сустракаюцца, тлумачаць... гэта ж выдатна. Гэта духоўна-маральнае выхаваньне».

Дудаеў таксама заявіў, што падлетка па тэлебачаньні «паказвалі з дазволу бацькоў і старэйшага прадстаўніка іх роду», і што да «хлопчыка» не былі ўжытыя ніякія «санкцыі»:

На пытаньне, ці не ўзьнікнуць пасьля сюжэту ў Ахматава складанасьці ў Чачні, кіраўнік ЧГТРК запэўніў, што не:

«Гэта абсалютна не ганьба для яго. Было б ганьбай для яго і членаў яго сям’і, калі б ён выйшаў і зьдзейсьніў нейкія экстрэмісцкія або тэрарыстычнага характару дзеяньні, уступіў у нейкія забароненыя арганізацыі. Вось гэта было б ганебна. А калі чалавека паставілі на слушны шлях, і ён усё зразумеў, усьвядоміў, — у гэтым нічога ганебнага няма... Гэта цалкам этычна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG