Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачэніі артыстам забаранілі сьпяваць без дазволу ўладаў


Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў (у цэнтры), ілюстрацыйнае фота

Міністар культуры Чачэнскай рэспублікі, што ў складзе Расеі, Хож-Баўдзі Дааеў абвясьціў забарону чачэнскім поп-сьпевакам, якія здабылі папулярнасьць у сацыяльных сетках, публікаваць свае песьні і даваць канцэрты без дазволу ўладаў.

Сюжэт пра гэта і пра сустрэчу міністра з музыкамі паказала чачэнская тэлекампанія «Грозный» — тых, хто выступае без узгадненьня, там назвалі «псэўдаартыстамі».

Інтэрнэт, кажуць у сюжэце, даў магчымасьць выступаць для шырокай публікі «ў абыход чачэнскіх традыцыяў і правілаў», тады як традыцыйныя чачэнскія сьпевакі і ансамблі, «якія даносяць прыгажосьць і сэнс чачэнскай культуры да ўсіх куткоў сьвету і прэзэнтуюць радзіму ў найлепшым сьвятле, — вынік шматгадовай працы Міністэрства культуры рэспублікі».

Міністэрства культуры Чачэніі, сьцьвярджаецца ў сюжэце, стварыла мэханізм, з дапамогай якога атрымліваецца захаваць спрадвечна чачэнскі стыль, у якім «нічога лішняга».

«Сёньня артысты Чачэніі — гэта строгія строі і сьціплае выкананьне, а тое, як падаюць сябе артысты-аматары, не ўваходзіць у межы нормаў, вызначаных у Чачэнскай рэспубліцы», — кажуць у сюжэце.

Затым у сюжэце паказваюць, як міністар культуры ў кабінэце глядзіць кліпы на Instagram, у якіх «ніякіх словаў» і «ніякіх куплетаў» (крытыкаваныя ім гучаць, напрыклад, так). Калі чалавек хоча стаць артыстам, заяўляе чыноўнік, «каторы год» трэба атрымаць ухвалу адмысловай камісіі пры міністэрстве, створанай на даручэньне кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава, якая праверыць музыку і словы «на адпаведнасьць чачэнскай культуры».

Урэшце ў кабінэт чыноўніка заводзяць артыстаў, творчасьцю якіх абурыўся міністар. Той іх крытыкуе на чачэнскай мове (пераклад тут), артысты каюцца і абяцаюць больш не займацца несанкцыянаванай творчасьцю.

А ў Беларусі можна?

Дазволу на публікацыю творчасьці ў інтэрнэце ў Беларусі прасіць ня трэба. Але, каб даваць канцэрты, трэба атрымаць так званае гастрольнае пасьведчаньне.

Тое пасьведчаньне могуць ня даць празь «нізкі мастацкі ўзровень», але ўлады не даюць тлумачэньняў, як той узровень вызначаецца. «Нізкамастацкімі» прызнавалі і беларускіх блюз-рокераў з «Крамы», і паўднёваафрыканскіх электроншчыкаў Die Antwoord. Некаторых беларусаў, як барда Зьмітра Вайцюшкевіча і панкаў Amaroka, называлі нават «пагрозай нацыянальнай бясьпецы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG