Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі «шпіён» ва Ўкраіне можа выйсьці са сьледчага ізалятара пад заклад


Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, абвінавачаны ў шпіянажы, на судзе ў Чарнігаве, 3 красавіка 2019 году

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава падоўжыў да 26 верасьня арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ва Ўкраіне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць нявызначанага «дзяржаўнага органа ведамства Беларусі».

У той жа час, калегія судзьдзяў адначасова пастанавіла, што ў выпадку сплаты Юрыям Палітыкам закладу ў памеры 576,3 тысяч грыўняў (прыблізна 23 тысячы даляраў) ён можа выйсьці на волю пад пэўныя абмежаваньні, вызначаныя судом.

Тарас Гэрэлюк, які абараняе інтарэсы беларускага грамадзяніна, адмовіўся адказваць на пытаньне Свабоды аб цяперашнім месцазнаходжаньні свайго кліента, спаслаўшыся на занятасьць. У той жа час адвакат адзначыў, што ня ведае, ці сплачаны вызначаны судом фінансавы заклад.

У судзе Свабодзе паведамілі, што на мінулым пасяджэньні былі дапытаныя сьведкі і на 27 жніўня прызначанае наступнае пасяджэньне суду. У ліпені Іван Баканаў, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны, паведаміў Свабодзе, што Ўкраіна пасьля зьмены ўлады не аднаўляла перамоваў зь Беларусьсю аб умовах і магчымым абмене беларускага «шпіёна» Юрыя Палітыкі, абвінавачанага ва Ўкраіне ў шпіянажы, і асуджанага ў Беларусі праз аналягічнае абвінавачаньне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Адначасова Іван Баканаў падкрэсьліў, што такія перамовы ня будуць публічнымі.

Судовае пасяджэньне, на якім была ўхваленая магчымасьць сплаты закладу, адбылося 29 ліпеня, а 31 ліпеня прайшла першая тэлефонная размова прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага.

Гісторыя шпіёнскага скандалу

  • Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка быў затрыманы ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».
  • Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Суд пачаў разглядаць ягоную справу па сутнасьці толькі сёлета ў красавіку.
  • Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
  • 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён адбывае пакараньне ў бабруйскай калёніі № 2, а Камісія памілаваньня пры прэзыдэнце Беларусі вывучае ягоныя дакумэнты аб памілаваньні.
  • Увесь гэты час праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны не выключалі магчымага абмену Юрыя Палітыка і Паўла Шаройкі. У жніўні 2018 году група беларускіх пракурораў прыяжджала ў Кіеў на сустрэчу з калегамі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне. Але бакі не змаглі дамовіцца, бо Беларусь настойвае на тым, што Юры Палітыка ня мае і ніколі ня меў ніякага дачыненьня да дзейнасьці спэцслужбаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG